Больш за тысячу жыхароў Гомельшчыны прынялі ўдзел у забегу, які прайшоў 25 ліпеня на тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Рэгіён стаў першым удзельнікам агульнарэспубліканскай ініцыятывы «Гарады, якія бягуць» у межах праекта #velcombegom.
Дзеля добрай справы на набярэжную ракі Сож выйшлі як спартсмены, так і ўсе неабыякавыя. Сярод іх і медыкі вобласці: супрацоўнікі абласнога ўпраўлення аховы здароўя, гарадскіх устаноў аховы здароўя, прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Маляўнічыя берагі ракі так натхнілі ўдзельнікаў, што вынікам сталі агулам 1000 кіламетраў. У Гомельскай вобласці сродкі пойдуць на карысць абласнога дзіцячага цэнтра медрэабілітацыі «Верасок». Тут праходзяць лячэнне дзеці ад 2 да 16 гадоў з цяжкімі захворваннямі і інваліднасцю.
Таццяна Веліканава, галоўны педыятр Гомельскай вобласці: «Гомель ярка прадэманстраваў, як можна аб'ядноўвацца дзеля добрых учынкаў. Радуе, што так шмат жыхароў горада ў гэты дзень падключыліся да важнага забегу і падтрымалі акцыю «Гарады, якія бягуць» праекта #velcombegom. Наша вобласць стала першай удзельніцай рэспубліканскай акцыі і, спадзяюся, іншыя беларускія гарады возьмуць з нас прыклад. Бо ў гэтыя дні мы ўсе бяжым дзеля высокай мэты – дапамогі дзецям, якім патрэбна наша падтрымка».
Рэспубліканская акцыя «Гарады, якія бягуць» стартавала ў Беларусі 23 ліпеня. Гэта новы этап дабрачыннага праекта #velcombegom. Яго ініцыятарамі выступілі кампанія velcom і Міністэрства аховы здароўя. Упершыню змаглі паўдзельнічаць не толькі жыхары сталіцы, але і абласцей. Да канца лета беларусам неабходна прабегчы як мага больш «кіламетраў дабра», каб дапамагчы дзіцячым абласным цэнтрам медрэабілітацыі. У кожнай вобласці дабрачынны марафон будзе доўжыцца 7 дзён.
Жыхары Гомельшчыны сталі першапраходцамі. Для ўдзелу ў акцыі гамяльчанам трэба да 29 лiпеня выходзіць на прабежкі са смартфонам і любым мабільным фітнес-дадаткам, а потым рабіць публікацыі ў сацыяльных сетках з пазнакай свайго выніку і хэштэгамі #velcombegom #gomel.
Услед за Гомельскай вобласцю да акцыі «Гарады, якія бягуць» далучацца і іншыя беларускія рэгіёны. Вынікі будуць абвешчаныя 4 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.