А ў нас сёння зноўку бяроза ў пашане! Просім яе дапамогі і на энергетычным узроўні, і на самым дзейсным практычным – у веніках. Для падмятання ў хаце-доме-кватэры і каб у лазні папарыцца. Такі ўжо сёння дзень – Захара і Лізаветы. Да таго ж, дзень варожбаў.
І – зноўку добрае супадзенне народнага свята і заканчэння (у пераважнай большасці нашых чытачоў) працоўнага тыдня. Таму калі хтосьці мае магчымасць менавіта сёння папарыцца ў лазні з бярозавым венікам, абавязкова зрабіце гэта. Нашыя продкі верылі: у дзень Захара і Лізаветы выганяецца хворасць.
Праўда, венікі бярозавыя для лазні трэба было нарыхтаваць зараней: за пару дзён да Тройцы, у азначанае свята альбо на працягу двух тыдняў пасля яго. Тады на іх і лісце будзе доўга трымацца, і лекавы эфект забяспечаны. Асабліва калі правільна венік у лазні запарыць…
Эфірны алей, які ўтрымліваецца ў кары дрэў (і адпаведна іх галінак, з якіх складаецца венік), выводзіць з арганізма таксіны і лішкі солі, пазбаўляе ад скурных запаленняў і высыпанняў.
Бярозавы венік аказвае антысептычны, зажыўляльны, супрацьмікробны, адхарквальны, ачышчальны эфекты. Але! Пры ўмове, калі галінкі былі нарыхтаваныя ў спрыяльны час, з патрэбнага віду бярозы, а сам венік звязаны і высушаны па тэхналогіі.
Што ж рабіць зараз, калі папарыцца хочацца, а веніка няма?! Набыць, вядома ж. Хаця няма гарантыі, што зроблены ён правільна. Але ў любым выпадку наяўнасць бярозавага веніка лепей за яго адсутнасць, ці не так?!
Калі ж лазні няма, але вы назапасілі ў траўні месяцы (альбо загадзя набылі ў аптэцы) бярозавае лісце, сёння можна заняцца доглядам валасоў. Для гэтага лазня не патрэбная, падыдзе і гарадская кватэра.
Адвар з бярозавага лісця папярэджвае і прыпыняе выпадзенне валасоў, робіць іх прыгожымі на выгляд і мяккімі навобмацак, змагаецца з перхаццю. Самы просты рэцэпт для ўмацавання і стымуляцыі росту валасоў:
- Узяць 1 шклянку сухога бярозавага лісця, здрабніць любым зручным спосабам.
- Заліць 1 літрам вады, давесці да кіпення.
- Астудзіць.
- Працадзіць праз марлю.
- Апаласнуць валасы пасля мыцця. Змываць не трэба.
Калі хочаце скарыстацца ім не адзін раз, памятайце, што гатовы адвар можна захоўваць да 72 гадзін. Прычым – у прахалодным цёмным месцы.
А вось прызапасіць бярозавыя венікі для энергетычнага ачышчэння жытла можна і зараз. І нават калі лісцікаў на ім не застанецца, а толькі голыя дубцы, усё роўна эфект абяцае быць спрыяльным.
Сёння, 18 верасня, нашыя продкі звычайна абмяталі ўвесь дом бярозавым венікам. Лічылася, што такое дзеянне абароніць жытло ад нячыстай сілы ажно да вясны! Так што бяром на ўзбраенне! І гонім, гонім тую нечысць нябачную! 🙂
Такім чынам, прыбірацца ў хаце можна і трэба, а вось бялізну мыць – не. Лічылася, што можа ліхаманка напасці…
А ў каго сёння дзень народзінаў?! Даўней верылі, што чалавек, які з’явіўся на свет 18 верасня, будзе… ведзьмаком! О так! Затое ўсе хваробы яго будуць абмінаць…
Што ж датычыцца варажбы на Захара і Лізавету, дык лічылася, што ўсё прадказанае павінна спраўдзіцца. Пераважна варажылі на тых, хто дома адсутнічаў.
Традыцыйна назіралі і за прыроднымі барометрамі. 18 верасня для гэтых мэтаў абіралі рабіну. Калі шмат на ёй гронак, дык восень выдасца дажджлівай. Калі ж лісце на рабіне пажаўцела, зіма надыдзе рана. Запамінаем, а лепей занатоўваем! Каб праверыць, ці спраўдзіцца хаця б што-небудзь у нашыя дні…
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!