Народны каляндар
Сёння, 16 чэрвеня, – чарговая Градавая серада. Адна з трох найбольш значных, якая адзначаецца перад Тройцай. А Тройца прыпадае ў 2021 годзе на 20 чэрвеня.
Адна з вядомых галоўных забаронаў-парадаў на гэты дзень – не працаваць на зямлі. Але чаму ж у мяне з пытальнікам? Бо, па-першае, не ўсе ў гэта вераць і не ўсе прытрымліваюцца такіх правілаў нашых продкаў. А па-другое, бывае, чалавеку ну штосьці вельмі тэрмінова трэба зрабіць. Таму працаваць ці не працаваць, кожны вырашае сам.
Увогуле-то, летась я пісала ўжо пра Градавую сераду, і досыць падрабязна. Але сёлета вырашыла ўсё ж абнавіць у памяці веды. Прапаную зрабіць гэта і вам, шаноўныя сябры. Чаму? Ды таму, што апошнім часам ледзь не штодня бачу ў сябе на інфармацыйным партале запыт «Градавая серада». Значыць, хтосьці ж цікавіцца, ды актыўна… 🙂
Яшчэ раз падкрэсліваю, што я не даследчык, не фалькларыст, не вучоны, каб штосьці сцвярджаць альбо аспрэчваць. Проста ўласнае ўспрыманне агульнавядомых альбо вузкавядомых, так бы мовіць, рэчаў. А пра такія адмысловыя дні, як Градавая серада, звычайна ведаецца-памятаецца шмат. І ўсё – ад маёй мілай мамачкі, якой ужо больш за год няма са мной…
Яе няма, але я ўсё роўна стараюся рабіць многае так, каб яе не пакрыўдзіць і не засмуціць. І датычыцца гэта найперш царкоўных святаў. Хаця, як зазначала ўжо не раз, я зусім не вернік у агульнапрынятым сэнсе слова. А проста прытрымліваюся таго ўкладу, які існаваў у сялянскай сям’і маёй мамы.
У часы яе маленства, зразумела ж, ніхто не мог сабе дазволіць не працаваць на зямлі ажно цэлы дзень. Альбо не займацца іншымі справамі. Тым больш, што тых святаў і прысвяткаў столькі… Але прытрымліваліся наступнага: калі служба ў царкве пройдзе (12.00-13.00), нават калі там не прысутнічалі, тады і можна і за працу брацца.
Я, напрыклад, калі яшчэ шмат вязала, дык сапраўды старалася, як і прынята ў народзе, не брацца за пруткі цягам усіх Калядаў. І мне дзіўна было чытаць на нашай блогерскай пляцоўцы, як хтосьці там 1-га студзеня павязаў, 7-га…
Але я ніколі і нікому сваіх уяўленняў і перакананняў не навязваю і заўваг не раблю. Па-першае, час цяпер іншы. А па-другое… Зноўку, хто ў што верыць. Ці не верыць. Асабістая справа кожнага.
… Пакінуўшы ў гэтую суботу «хвост» на дачным кветніку (не хапіла часу), прыкідваю, што дзесьці ў сераду пасля працы можна на веласіпедзе на пару-тройку гадзін падскочыць на лецішча ды дапалоць. А цяпер аблом. Градавая… Не палезу ў зямлю зусім…
Можна было б у чацвер… Ды вось якая справа. Ён-то носіць назоў «Сухі». І таксама не раіцца ў гэты дзень чапаць зямлю, інакш ураджай будучы пасохнуць можа. Вось табе і маеш…
З аднаго боку, лепей бы пра такія народныя прыкметы (ці ўсё ж прымхі?) лепей не ведаць, праўда? Больш будзе прасторы для манеўраў. А з другога… Асабіста мне ніякавата робіцца, калі даведваюся, што штосьці такое парушаю. Бо няведанне, як вядома, не пазбаўляе ад адказнасці – ва ўсіх сэнсах.
Але, спадзяюся, я вас не засмуціла, не напужала і планы вашыя не зблытала?! 🙂 Бо, як спяваецца ў песні, «усё залежыць ад нас саміх». А град можа пашкодзіць штосьці з пасаджанага і калі не працуеш у Градавую… Цяпер такая прырода, а лепей сказаць – стыхія, якая ад нас не залежыць.
Мы, напрыклад, нават не можам прадбачыць, колькі разоў яшчэ сёлета наш дачны ўчастак ператворыцца ў водную роўнядзь і ці выжыве хаця б што-небудзь з адсаджанага-пасеянага татам… Але ж і каб зарастала пустазеллем – гэта не справа…
Таму проста адчуваеш сябе абсалютна безабаронным перад стыхіяй. І – так! 21-е стагоддзе ў нас, а адчуваеш сябе ў пэўным сэнсе першабытным чалавекам, слабым перад прыроднымі з’явамі.
Але паглядзім, што прынясе нам сёння надвор’е. Бо надараліся такія гады, калі роўненька ў Градавую сераду нас град і «радаваў». Не хочацца, вядома ж, але… Што будзе, тое будзе. Галоўнае – здароўя ўсім! А чарговую Градавую перажывём! Ці з працай на зямлі, ці без… 🙂