Site icon Слушна

Грып. Хто ў групе рызыкі і як не захварэць

Спецыялісты сцвярджаюць: для таго, каб сфарміраваўся калектыўны імунітэт, які перашкаджае шырокаму распаўсюджванню грыпу, неабходна прышчапіць не менш за 40% насельніцтва.

Пра тое, чаму трэба рабіць такую прышчэпку, а таксама чым небяспечны грып, журналістам распавялі:

  • загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Высоцкая;
  • прафесар кафедры інфекцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Сяргей Жаваранак.

Навошта патрэбная вакцынацыя

Па словах Веранікі Высоцкай, асаблівая ўвага надаецца тым, хто знаходзіцца ў групах павышанай рызыкі заражэння і высокай верагоднасці развіцця цяжкіх ускладненняў. Сярод іх – медыцынскія работнікі, дзеці і дарослыя, якія знаходзяцца ў так званых закрытых калектывах, цяжарныя, сталыя, людзі, якія пакутуюць ад хранічных паталогій, ды іншыя.

Усе вакцыны ўтрымліваюць рэкамендаваныя СААЗ штамы віруса грыпу, якія, як мяркуецца, будуць цыркуляваць у гэтым эпідэміялагічным сезоне.

Сяргей Жаваранак
Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук
Грып вельмі зменлівы. На яго нельга перахварэць аднойчы і атрымаць імунітэт на ўсё жыццё. Таму кожны сезон састаў вакцынаў змяняецца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі экспертаў СААЗ.

На пытанне, чаму прышчэпкавая кампанія праводзіцца менавіта ў кастрычніку-лістападзе, Вераніка Высоцкая патлумачыла: каб паспеў сфарміравацца імунітэт, неабходна прыкладна тры тыдні. А калі захваральнасць нізкая, значыць, меней рызыка сустрэцца з інфекцыяй. Гэта зусім не значыць, што зрабіць прышчэпку ад грыпу будзе нельга, напрыклад, у снежні або студзені.

Разам з тым, у перыяд, калі інфекцый больш, а значыць, і верагоднасць захварэць вышэйшая, прышчэпка можа не паспець «спрацаваць», і чалавек захварэе.

прафілактыка грыпу

 

Сяргей Жаваранак
Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук
Антыцелы могуць сфарміравацца і праз дзесяць дзён. Але для надзейнага імунітэту, які абароніць надоўга, неабходна больш часу, не менш за месяц.

Вераніка Высоцкая дадала: па выніках сезона 2018-2019 гадоў тыя, хто зрабіў прышчэпку, хварэлі амаль у 13 разоў радзей за тых, хто не прайшоў вакцынацыю. Сярод усіх, хто перанёс грып (лабараторна пацверджаныя выпадкі), 98,2% прышчэпленыя не былi.

Як не захварэць

Грып вельмі заразны і перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Як распавёў Сяргей Жаваранак, для заражэння даволі шырокага кола людзей дастаткова аднаго хворага, які напрыклад, зойдзе ў памяшканне альбо будзе ехаць у аўтобусе.

Самым надзейным спосабам засцерагчыся ад грыпу спецыялісты аднадушна назвалі вакцынацыю, якая няхай не на 100% абароніць ад інфекцыі, але значна знізіць рызыку развіцця ўскладненняў, а хвароба будзе працякаць у лёгкай форме.

У астатнім варта захоўваць элементарныя меры:

  • не забывацца на гігіену рук;
  • рэгулярна часта праветрываць памяшканне;
  • падтрымліваць нармальную вільготнасць паветра;
  • больш бываць на свежым паветры;
  • старацца пазбягаць стасункаў з людзьмі, у якіх ёсць усе прыкметы інфекцыі (павышаная тэмпература, насмарк, кашаль і г.д.);
  • па максімуму скараціць знаходжанне ў шматлюдных месцах;
  • прытрымлівацца рацыянальнага харчавання і больш рухацца.

Хто ў групе рызыкі

Грып і пнеўманію (частае ўскладненне хваробы), падкрэсліў Сяргей Жаваранак, цяжэй пераносяць людзі, схільныя да паўнаты. Спецыяліст патлумачыў, што існуюць «некаторыя генетычныя дэфекты імунітэту», якія не дыягнаставаць вядомымі спосабамі. Але яны з'яўляюцца прычынай таго, што гэтыя захворванні ў схільных да паўнаты людзей працякаюць цяжэй.

Пры грыпе адбываецца сур'ёзная інтаксікацыя арганізма, што можа прывесці да зменаў у сасудах. Акрамя гэтага, вірус пашкоджвае эпітэлій трахеі, з-за чаго яна робіцца ўразлівай для бактэрыяльнай і грыбковай інфекцый, што часта становіцца прычынай развіцця хранічнай паталогіі.

Асабліва небяспечны грып для жанчын, якія чакаюць дзіця, бо падчас цяжарнасці зніжаецца імунітэт. Вірус уяўляе небяспеку не толькі для будучай маці, але і яе малога, асабліва на ранніх тэрмінах цяжарнасці, і можа прывесці да развіцця парокаў.

У групе рызыкі і сталыя людзі. У іх, як правіла, у анамнэзе не адно, а некалькі хранічных захворванняў (паталогіі сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай, дыхальнай сістэмаў), да абвастрэння якіх прыводзіць грып. 

Exit mobile version