Site icon Слушна

Грызці семкі – гэта нервовае?!:)

Здаецца, раней так часта іх і не хацелася… Сланечніку ды гарбузікаў, а дакладней – насення, ці папросту – семак. А зараз… Ці тое насамрэч прывычка (мякка кажучы, не дужа добрая), ці тое сапраўды ў арганізме чагосьці не хапае. Але вечар без семак – проста страчаны…:) Так, жарт, і традыцыйна – напалову…

Семкі. Чыі карысны сланечнік.

Не памятаю, каб у дзяцінстве мы захапляліся чорнымі семкамі. Хаця сланечнік і вырошчвалі на агародах. Толькі з’ядаліся семкі найчасцей сырымі, прама з вялізнай сарванай «галавы». І вось гэты працэс захопліваў. Асабліва – спаборніцтва з птушкамі, каб яны не зласавалі семачкі раней...:)

А найбольш чакалі мы тады пачастунку ад нашых бабуляў – у выглядзе добра высушаных гарбузікаў. Сушылі іх на печцы пасля збірання ўраджаю. Таму найчасцей атрымлівалі жмені ў кішэні ўзімку. Так захапляльна было сядзець на цёплай печцы і лускаць белае насенне!

Памятаю, як у бабулі Мані (светлая ёй памяць!), татавай маці, якая жыла ў вёсцы Мрочкі, што на Уздзеншчыне, звычайна тых гарбузікаў збіраўся даволі вялікі мяшэчак. І калі не атрымлівалася падчас летніх вакацый трапіць туды ў госці самой, дык тата абавязкова прывозіў гасцінец «ад бабы Мані».

Пашчоўкаць семкі ў вёсцы заўсёды было першай справай! На вечарынках і не толькі. І вось аднекуль жа гэта ў большасці і зараз у крыві, нават у горадзе: шалупінне – абавязкова развеяць вакол сябе! Акуратна ў кулёчак, проста ў мяшэчак?! Не, не чулі…

Насмецяць дзеці каля лавачкі ля пад’езда. А падмесці за сабою… Ды вы што?! А паспрабуй прымусціць – бягуць да бацькоў скардзіцца. А як сябе паводзяць таты ды мамы? Ну, хтосьці падтрымае таго, хто зрабіў заўвагу. А большасць… Маўляў, ты чаго да майго дзіцяці прыстаеш?! Дзе хоча, там і смеціць. Не ў цябе ж дома… Вось і ўвесь сказ.

Але гэта, як кажуць, дробязі жыцця ў параўнанні з тым малюнкам аллеем, які я назірала не так даўно. Уявіце сабе… Вечар. Мінск. Выезд на Партызанскі праспект непадалёк ад метро «Магілёўская». Маршрутка. І мы стаім у заторы на светлафоры.

Сяджу непадалёк ад вадзіцеля. Таму добра бачна, як ён есць семкі, а шалупінне… выкідвае ў акно! Я сплю??? Ушчыкніце мяне!!! Мінск… Выезд на Партызанскі праспект непадалёк ад метро «Магілёўская»… Тры паласы руху… І прама на асфальт (а можа нават некаму на капот ці лабавое шкло машыны)  шалупінне ляціць. Вось тут я і зразумела, што такое ў літаральным сэнсе «мову адняло»…

Ну што ж… Разбіраемся, чаго так не хапае ў нашых арганізмах, што семкі робяцца проста незаменным прадуктам. І часцяком тут  нават не да культуры. І ў заторы, глядзіш, стаяць весялей…

Зрэшты, прачытала на некалькіх рэсурсах пра гэта – і зразумела, што сам сабе дыягназ не паставіш. Бо! Семак хочацца, калі адчуваецца недахоп вітаміну Е, вітаміну А, вітаміну В, магнію, цынку… Э-эх!!! А можа, і праўда, проста…прывычка?!:)

Хаця можна і паспрабаваць – па чарзе, па аднаму вітаміну ў арганізм «закідваць», насычаць яго… А калі яшчэ атрымліваць не з аптэчных прэпаратаў ды БАДаў, а з натуральных прадуктаў, дык Е ў нас – у морапрадуктах, яйках, брокалі, ліставых салатах, А – у печані рыбы, ікры, сыры, масле сметанковым, тлустым тварагу, моркве, гарбузе (!!!)… Вітамін В – у грэчцы, аўсянцы, бабовых, рыбе, бульбе… Магній – зноўку трэба есці аўсяныя шматкі ды ікру, моркву і нават бананы! Цынк – у морапрадуктах, грыбах, субпрадуктах…

Зразумела, спісы няпоўныя, дзесьці – спрэчныя… А ўвогуле, зірнеш на гэты пералік – і атрымліваецца, што трэба толькі сядзець і есці! Днямі!:) Дык, мо, лепей жменьку семачак – і ўсё ОК?!

Памятаю, як яшчэ ў дзяцінстве мой стаматолаг (эх, якая была жанчына! І ёй светлая памяць), ставячы пломбу на пярэдні зуб, папярэджвала: «Толькі не грызі семкі – вываліцца!» А гэтай звычкі і так няма даўным-даўно. Ёсць іншая: пазногцямі аддзяляць шалупінне…

А што датычыцца таго, ці супакойвае гэты працэс нервы… Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што так. Працэс лузгання семак дапамагае пераключыцца. А калі прыгадаць таго ж Міцяя са «Сватоў», дык яшчэ і «кругазор пашыраюць» ды «думалку трэніруюць». Прычым сапраўды вынікова!:) Так што гэта яшчэ і своасаблівая медытацыя.

Галоўнае – што?! Правільна, не захапляцца празмерна. Тым больш, што арганізм здольны за суткі засвоіць ад 50 да 100 грамаў семачак. Таму, калі вы з’елі грамаў 400, дык кайф, магчыма, і злавілі, а вось з карысцю бяда… І з вагой – праблемы…

А вы любіце семкі?! Белыя ці чорныя?! І што для вас іх ужыванне – рэлакс, супакаенне нерваў ці проста звычка?

Exit mobile version