Site icon Слушна

Грыжа: што гэта за хвароба і якой яна бывае?

Грыжа ў мужчыны

Грыжа - распаўсюджанае захворванне, якое можа ўзнікнуць у любым узросце. Хвароба ў роўнай ступені з'яўляецца як у жанчын, так і ў мужчын. У мінулым у беларусаў, як і ў іншых народаў, лячэнне грыжы часта грунтавалася на народных метадах, замовах і альтэрнатыўных практыках. З развіццём медыцыны падыходы да лячэння грыжы значна змяніліся. 

Кіла пазваночніка

Грыжа або кіла — гэта даволі распаўсюджанае анатамічнае парушэнне, пры якім унутраныя органы выцягваюцца з адной поласці ў другую. Існуюць некаторыя віды грыж. Калі разыходзіцца пупочнае колца, і праз яго змесціва брушной паражніны выпінаецца вонкі, то гэта пупочная кіла. Унутраныя органы пры пэўных умовах могуць выходзіць і праз пахвінны канал, і тады ўтвараецца адна з самых распаўсюджаных -- пахвінная кіла. Існуюць і іншыя разнавіднасці грыж. Часам таксама "слабым месцам" становяцца вобласці пашкоджанняў цягліц і звязкаў.

Галоўныя сімптомы грыжы - боль і выпінанне. Пры гэтым можа адчувацца ціск ці паслабленне цягліц. Таксама боль можа рэзка нарастаць пры натужванні, уздыме цяжараў, кашлі і чханні. Часам пацыенты скардзяцца, што ў іх "нібы нешта абарвалася ўнутры".

Ёсць яшчэ грыжа пазваночніка (хрыбетніка), і яна з’яўляецца больш небяспечнай. Бо калі вылечыць пупочную кілу можна за адзін прыём у лекара, то з хрыбетнай маем іншую сітуацыю -- прызначаецца курс тэрапіі, праводзіцца хірургічная аперацыя. Тым не меней, грыжа хрыбетніка ці жывата - самыя распаўсюджаныя варыянты гэтага захворвання. Існуюць пэўныя групы людзей, якія трапляюць пад асаблівы фактар ​​рызыкі. Гэта грузчыкі, чыя прафесія звязана з пастаянным узняццем цяжкіх прадметаў. У такіх людзей звычайна бывае грыжа пазваночніка і паяснічнага аддзела. Потым у людзей з лішняй вагой магчымая як кіла жывата, так і міжпазваночная грыжа. Цяжарныя жанчыны могуць пакутаваць як на грыжу пазваночніка і паяснічнага аддзела, так і на грыжу жывата. Але варта разумець, што ад гэтай хваробы ніхто не застрахаваны.

 

Народныя метады лячэння грыжы

Паводле народных уяўленняў грыжу, або як яе часта называлі ў народзе – грызь, выклікае жывая істота, якая грызе чалавечыя вантробы і мае выгляд пухліны ці наросту. Прычынай гэтага лічылі псаванне, насланае ведзьмаком. Таму і лячэнне спалучала ў сабе магічныя рытуалы, замовы і практычныя прыёмы.

У дзяцей. У народнай медыцыне асаблівая ўвага надавалася лячэнню грыжы ў дзяцей, а дакладней – у немаўлят. Звычайна такая хвароба ўзнікала і ўзнікае сёння ў неданошаных дзяцей, у якіх злучальныя тканіны развіты слаба, што і павялічвае рызыку фармавання выпінання. Дадаць сюды частыя і моцныя прыступы кашля, працяглы плач, запоры або колікі – усё гэта таксама спрыяе пашырэнню пупочнай адтуліны.

Якімі ж метадамі лячэння такіх грыж карысталіся нашы продкі? Як правіла, яны падзяляліся на некалькі кірункаў.

У першую чаргу выкарыстоўвалі імітацыйнае “выгрызанне” і замовы. Гэта быў самы папулярны спосаб лячэння дзіцячай пупочнай грыжы. Знахарка або сама маці праводзілі магічны рытуал “грызення”. Дзеля гэтага маці або знахарка нахіляліся над жыватом дзіцяці і імітавалі кусанне – тройчы шчоўкалі зубамі каля пупка. Вельмі часта такі працэс суправаджаўся дыялогам з тым, хто стаяў на парозе. На пытанне “Што ты грызеш?” жанчына адказвала: “Грызь грызу!”. На што ёй казалі: “Грызі, грызі, каб не было!”. У дадатак прамаўлялі магічныя словы замоў: “Грызь-грызянка, чорная казяўка. Я – грызь – гам, пуп грызці не дам”. Або хваробу адсылалі “на сухія лясы, на гнілыя суччы”, каб яна пакінула чалавека. Напрыклад: “Грызь загрызаю, на суку пакідаю. Грызі, грызь, сук, а не Шуркін пуп”.

Таксама бралі канец пупавіны, які пасля перавязкі пры родах, сушылі і захоўвалі як лекавы сродак, таўклі яго і змешвалі з грэцкай кашай. Потым маці дзіцёнка, ці знахарка, перажоўвала такую сумесь і карміла хворага. Хворым на грыжу дзеткам давалі піць настой з лістоў бурака, а ў некаторых мясцінах цягам трох дзён давалі соску з цёртых буракоў. Націралі хворае месца хвойнай серай. Таўклі ў ступе жывых ракаў і давалі есці такую кашу.

На Пасожжы хворага дзіцёнка ставілі каля дзвярнога вушака і на вышыні ягонага росту пракручвалі дзірачку. У яе клалі пасму дзіцячых валасоў і забівалі калочкам. Лічылі, што калі дзіця перарасце дзірачку, то хвароба знікне.

Калі грыжа выпірала, нашы продкі разумелі, што яе трэба вярнуць на месца механічнымі прыёмамі. Тады да пупочнай грыжы прыкладалі вялікую медную манету, звычайна пятак, і моцна прывязвалі яе ільняной тканінай альбо спавівалі дзіця. Лічылі, што медзь валодае гаючымі ўласцівасцямі, а сама манета проста фізічна ўтрымлівала органы ад выпадання.

У дарослых ад цяжкай працы развівалася пахавінная або хрыбетная грыжа. У такіх выпадках мясцовыя кастаправы або знахары спрабавалі акуратна ўціраць, “упраўляць” грыжу пальцамі, выкарыстоўваючы для змазкі тлушч, алей або сала. Прыкладалі яшчэ да кілы замарожаны конскі тлушч, піхтавае або камфорнае масла. Рабілі кампрэсы з настою дубовай кары з воцатам, а таксама з лістоў крапівы, лапуха, каланхое. Варылі скуру вугра для артымання клею, які прыкладалі да хворага месца. Давалі піць настой імбіру з часныком, адвары з зёлак: плакун-травы, тысячалісніка і інш. На Палессі грыжу перавязвалі стужкамі, знятымі з магільных крыжоў. Да хворага месца прыкладалі рассечаную мыш, яшчэ паілі настоем з грамавой (перуновай) каменнай стралы. На грыжу маглі прыкладаць пласты цёплай гліны або замешанага жытняга цеста на кіслай заквасцы.

На хворае месца навязвалі нітку з ільну-сырца ці чырвоную ваўняную нітку. Прычым абвязвалі тройчы і штораз на нітцы рабілі па дзевяць вузельчыкаў. Паводле аднаго з метадаў лячэння грыжы, хворы сам пралазіў, ці яго працягвалі праз дупло, або праз расколіну ў дрэве. А каб расчэпленае дрэва зраслося, яго потым абвязвалі пасам хворага. На дрэва яшчэ вешалі і ягоную кашулю. Верылі, калі дрэва зрасцецца, то і хворы чалавек паправіцца.

Кансерватыўнымі метадамі лячэння да нашага часу з’яўляліся і з’яўляюцца даўкія павязкі, выцяжныя гарсэты, тугія рэмні для папярэджвання выпадзення органаў. Таксама здаўна рабілі паласныя аперацыі, выкарыстоўвалі дыету і кровапусканне.

 

Сучасныя метады лячэння грыжы

У адрозненне ад містычных абрадаў, сучасная медыцына прапануе дакладныя і правераныя часам стратэгіі для ліквідацыі праблемы грыж. Выбар метаду залежыць ад узросту пацыента, памеру дэфекту, наяўнасці сімптомаў і агульнага стану здароўя.

Своечасовая дыягностыка паталогіі дазваляе пазбегнуць сур'ёзных наступстваў. Часам фізічнага агляду бывае дастаткова для таго, каб зразумець, што ў чалавека грыжа. У маленькіх пацыентаў дэфект часта выяўляюць падчас планавага медагляду: перад дзіцячым садам ці школай.

У большасці дзяцей пупочная грыжа праходзіць сама сабою да 3-5 гадоў. У гэтых выпадках прымяняецца тактыка чакання. Калі кіла не зачыняецца да 5 гадоў, мае вялікія памеры, выклікае дыскамфорт ці адбылося ўшчамленне, рэкамендуецца хірургічнае ўмяшанне. Аперацыя ў дзяцей звычайна праходзіць хутка і мае высокі працэнт поспеху.

Што тычыцца дарослых, то грыжы лечаць выключна хірургічным шляхам. І чым меншая грыжа па памерах, тым прасцей яе апераваць і тым меншымі будуць непажаданыя наступствы. Трэба памятаць, што найбольшая небяспека грыжы любога віду заключаецца ў зрушэнні пэўнага органа ў брушной паражніне. Калі своечасова не прыбраць ушчамленне яго сасудаў, то цягам 10 гадзін надыходзіць некроз або змярцвенне тканін. Каб гэтага не адбылося, хірург робіць разрэз над грыжай, упраўляе яе і ўмацоўвае слабое месца. Для такога ўмацавання выкарыстоўваюцца ўласныя тканкі пацыента ці, што больш эфектыўна, сучасныя сетачныя імпланты. Сетка служыць каркасам для прарастання гэтых уласных тканін і надзейна зачыняе кілавыя вароты.

Тым не менш, калі пацыент з высокай аперацыйнай рызыкай і мае невялікую і няўскладненую грыжу, то да яго ўжываюць кансерватыўны метад лячэння. Такім пацыентам рэкамендуюць нашэнне бандажа, ён утрымлівае грыжу ва ўпраўленым стане, прадухіляе яе выпінанне і ўшчамленне. Але трэба памятаць, што гэта часовая мера, бо працяглае выкарыстанне бандажа можа прывесці да паслаблення цягліц. Таксама такі пацыент павінен кантраляваць масу свайго  цела і паменшыць фізічныя нагрузкі. Яму забаронена падымаць цяжары, займацца спортам, бо такія заняткі і залішняя вага падвышаюць унутрыбрушны ціск і правакуюць павелічэнне кілы.

Выснова. Грыжа - хвароба не смяротная, на ранніх этапах лечыцца лёгка. Галоўнае, пры падазрэнні на гэтую хваробу своечасова звярнуцца да лекара і не даводзіць да цяжкіх ускладненняў.

Exit mobile version