Site icon Слушна

І на працу – як на свята…

Не-не, я ніколькі не здзекваюся! Бо і сама сярод большасці тых, у каго сёння першы працоўны дзень пасля трох выхадных. Ды яшчэ адзін з якіх выдаўся святочным. Нават калі вы яго і не адзначаеце…

Ну-ка, прызнавайцеся, хто сябе ўчора даймаў думкамі: «Аа-а-а-а-а, заўтра на працуу-у-у-у…»?! І што? Што-небудзь змянілася? Мяркую, што не, і вы ўсё роўненька сёння на сваім працоўным месцы.

Праца пасля выхадных.

Сумна пазіраеце за акно, за якім добра калі промні сонца раптам вызірнулі альбо хаця б некалькі купак снегу ляжыць… А калі там лужыны, бруд і ніякага адчування, што ў нас студзень?! Тады «даганяемся» святлом, якое ёсць у памяшканні. Рэжым эканоміі электраэнергіі – справа, вядома ж, патрэбная і неабходная… Але калі ёсць магчымасць уключыць верхняе святло і настольную лямпу, дык чаму б і не?! Проста на той шэры час, які ўсё яшчэ сустракае нас па раніцах.

Кубачак ранішняй кавы… Яшчэ не надакучыў? Тады – наперад! А хто любіць гарбату – і вам смачна піць. Больш за ўсё вітаем аматараў чыстай вады, якія сочаць, каб за дзень выпіваць неабходную яе колькасць, усталёўваючы розныя «нагадванні» на разумных гадзінніках, фітнэс-трэкерах ды мабільных. Вось правільнае рашэнне!

Але, зноў-такі, каму што больш падабаецца. Не трэба, «пачынаючы новае жыццё», рэзка адмаўляць сабе ў звыклых рэчах адразу пасля вялікіх выхадных, сцвярджаюць спецыялісты. Асабліва, калі вы не зрабілі гэтага да святаў.

Я, напрыклад, вырашыла яшчэ зменшыць спажыванне цукру. Калісьці, памятаю, кава альбо гарбата з колькасцю меней за тры чайныя лыжачкі мне былі абсалютна нясмачнымі. З цягам часу густы змяняліся. Ужо даўно п’ю вялікі кубак з адной лыжачкай цукру. А яшчэ да Новага года перайшла на палову лыжачкі. І нішто сабе! Нічога дрэннага не адчуваю…

Праўда, не ўпэўнена, што надыдзе такі дзень, калі змагу піць каву альбо гарбату зусім без цукру. І адчуваць, што мне смачна. Хаця калі прыгадаць, з якім задавальненнем п’ю без дадавання цукру той жа «Фітагор»…

Ну што ж, кавы папілі, з калегамі меркаваннямі пра выхадныя абмяняліся… Дарэчы, спецыялісты прапануюць начальнікам усіх рангаў не дужа ганяць супрацоўнікаў у гэтыя першыя пасля вялікіх выхадных дні. Бо адразу з галавой у працу – ой як цяжка. Нават калі трэба адразу ж вырашаць складаныя задачы…

А вось і яшчэ парада пра задачы! Па магчымасці, не хапайцеся адразу за вырашэнне самых складаных, тым больш, калі да іх не ляжыць душа. Пачынайце з лёгкіх. І абавязкова хваліце сябе пасля іх выканання. А там, глядзіш, уцягнецеся, адчуеце азарт…

Усё яшчэ не? Тады яшчэ кубачак чагосьці. Лепей чыстай вады. Праветрываем памяшканне – пры любым надвор’і. Некалькі нескладаных практыкаваннў… Ну як? Пайшло? Хаця б паціху?

А хто ў нас не любіць планаваць? Зусім-зусім?! Ну-у-у-у, паспрабуйце гэта зрабіць хаця б у першы дзень працы пасля выхадных. Кажуць, што дапамагае. Я таксама спрабую. Планы – рэч такая. Пачнеш закрэсліваць пункты, якія выканананыя… І вось ужо і азарт, і матывацыя, і… Ого, колькі атрымалася зрабіць!

Банальныя парады?! Ну, напэўна. Зараз жа сеціва проста па першаму ж патрабаванню выдае матэрыялы пра 5 парадаў, 7, 10… Як уцягнуцца ў працэс. Як ёсць час, пашукайце. Магчыма, сапраўды штосьці падасца больш блізкім.

Канешне ж, усё гэта не датычыць, скажам, урачоў, у каго сёння – аперацыйны дзень ці прыём хворых. Але і графік іх працы досыць жорсткі… Не да расслаблення на тры дні… Альбо калі вы стаіце ля станка. Той таксама не будзе чакаць, пакуль хтосьці прачнецца.

І ўсё ж самае галоўнае, што ні кажы, а гэта наш уласны настрой. І вось якім ён будзе ў гэты дзень, залежыць… Так-так! Ад нас саміх. Не, канешне ж, вялікі бонус, калі вы сёння прачнуліся ў роўным настроі, вас нішто не раздражняе ў грамадскім транспарце, і калегі падаюцца мілымі і прыветнымі… Вось проста ідэальная раніца новага працоўнага дня!

А калі ўжо не пашанцавала… Давайце падумаем пра тое, што праца – любімая, калегі – прыязныя, а з начальствам поўнае ўзаемапаразуменне.

Вы займаецеся тым, што падабаецца, што цалкам ваша, і вам яшчэ за гэта плацяць грошы. І, калі ўжо зусім цяжка, давайце падумаем пра тое, што праз тры працоўныя дні да нас зноў завітаюць субота і нядзеля!

Таму ўсім – легкай працоўнай серады сёння! Не панядзелка, заўважце! Яшчэ адзін бонус. Бадзёрасці, аптымізму, здароўя, настрою… Чакайце, цяжкія працоўныя задачы! Мы ідзём да вас!

 

Exit mobile version