Ой, як жа песціла нас надвор’е ў сярэдзіне кастрычніка! Улагодзіла дык улагодзіла! Не тое што цеплыня – сапраўдная гарачыня была штодня на вуліцы. І нават моцны вецер не замінаў захапляцца бабіным летам.
А для здароўя якая карысць! Гулялі-гулялі-гулялі, пакуль была магчымасць! Нават калі дзень на працы, гулялі раніцай, пакуль туды ішлі. Гулялі ў абед, выдаткаваўшы на гэта час. Гулялі па дарозе дахаты. І лавілі-лавілі-лавілі такі патрэбны ўсім нам вітамін Д. І зараджаліся пазітывам ды добрым настроем.
Праўда, спецыялісты сцвярджаюць, што вітамін Д найбольш інтэнсіўна выпрацоўваецца звычайна толькі з 11 раніцы да дзвюх гадзін дня. Бо ў гэты час ультрафіялетавыя промні маюць патрэбную даўжыню – ад 280 да 315 нм. А вы пра гэта ведалі?! Я, па праўдзе, не… Але размова ідзе пра лета. Калі ў гэты час якраз-такі загараць не раяць, каб не атрымаць апёкі.
А ўвосень, мне здаецца, лаві сабе промні ды лаві, калі атрымліваецца. Мы ж усё роўна даўжыню ўльтрафіялету нічым не памераем…Бо атрымліваецца, што вітамін Д можна «злавіць» людзям працоўным толькі падчас прагулкі па абедзе. А ў астатні час, значыць, проста грэемся! І ловім дзэн! 🙂
Паколькі вось яшчэ адна знаходка даследчыкаў, як вызначыць, ці атрымліваем мы той хітры сонечны вітамін. Калі ўласны цень робіцца даўжэйшым за рост, усё! Промні нам больш нічога не дасылаюць, апрача цяпла.
Затое вось яшчэ адна крыніца для радасці, якая таксама надзвычай карысная для здароўя. Радасць, у сэнсе. Лісце… Не, не так. ЛІСЦЕ!!!! Хочаш – любуйся ім, рознакаляровым, на дрэве ды рабі шматлікія фотаздымкі. Хочаш – збірай у букеты. А ў мяне ўжо пару-тройку дзён такое жаданне маецца…
…Аўторак. Іду ўвечары па Кунцаўшчыне да метро. Непадалёк ад 26-й паліклінікі лісце ў кучках. І хлопчык гадоў чатырох-пяці ў адной з іх ну так ужо куляецца! І падкіне тое лісце, і зловіць, і занырне. Мора радасці! Паглядзела на яго забаву – і ўсмешка мімаволі з’явілася. І раптам…
Раптам я злавіла сябе на думцы, што таксама хачу даць нырца ў гэтае лісце!!! 🙂 Ну, ці мала пра што думаецца. Як кажуць, падумала – і забылася. Толькі дзе там! У сераду па сапраўднай гарачыні такое жаданне наведала мяне ў родным горадзе Чэрвені. А там кучкі лісця такія… свежанькія. Паглядзела я наперад, азірнулася… Эх, людзей мнагавата… 🙂
Ну, і ў хуткім часе – фінальны акорд. «Накрыла» падчас прагулкі па абедзе, ну вы падумайце! Зноў кучы лісця, і зноў яны вабяць! Карацей, гэта, мабыць, лёс. І я пастараюся ўжо ў якую-небудзь кучу даць нырца! Каб адчуць сапраўды дзіцячую радасць. Ды яшчэ і вось гэта прыгадваецца… Здаецца, у Аляксея Дударава?! «Будзьце як дзеці…»
Але восеньская лістота – гэта, на жаль, не толькі крыніца радасці. Бо калі пачынаюць лісце паліць, вокны на праветрыванне ўжо не адчыніш. І ўдыхай той дым, калі міма вогнішчаў праходзіш. Хочаш ты гэтага ці не хочаш.
Тым, у каго дачныя ўчасткі альбо агароды, прасцей. Лісцем можна замульчыраваць градкі з тым жа часнаком, пасаджаным пад зіму, накрыць кусцікі суніц ды трускалак.
А яшчэ з яго можна рабіць экалагічна чысты перагной, «цёплыя» градкі. Толькі не адно лісце ў апошнія закладваць, а змешваючы са здробненымі галінамі ды каранямі. Ужо шмат гадоў карыстаемся гэтай прыдумкай. І растуць на такіх «цёплых» градках памідоры, агуркі ды перац сапраўды як на дражджах! Праверана!
Ну і, вядома ж, шамацім сухім апалым лісцем у сваё задавальненне! А ў мяне гэта атрымалася зрабіць у кастрычніку... у парку майго любімага Нясвіжа!
І зноўку палюбавацца на велічны палац Радзвілаў, прайсціся па яго парадных залах, дакрануцца да гісторыі...
Кастрычнік усё ж паспеў папесціць нас цёплымі дзянькамі. Магчыма, і лістапад штосьці прыемнае прынясе?! А не толькі замаразкі ці слату... У спадзяванні! І з цёплымі ўспамінамі пра вандроўку ў Нясвіж!