... як вы думаеце, што варта рабіць? Правільна, гуляць! Толькі, вядома ж, не тады, калі аб’яўлены аранжавы ўзровень. І не ў цыклон «Хаўер» – мы яшчэ доўга на яго не забудземся… Але калі надвор’е і не дужа камфортнае, многія мяркуюць: лепей рухацца, чым сядзець у памяшканні. А як звычайна робіце вы?
На мяне, бывае, накатвае. І тады я працую над пераадоленнем сябе. Памятаю, калі мела, так бы мовіць, падаленую працу, спрабавала штодня, нягледзячы на надвор’е, а шостай (улетку ж – увогуле а пятай) раніцы выходзіць на прагулку і праходзіць хуткім крокам каля трох з паловай кіламетраў.
Дождж, вецер – нічога не палохала. І якія высновы я з гэтага зрабіла?! Што пераважная большасць таго, што пішуць пра карысць пешых прагулак, – праўда. Ёсць такія папулярныя публікацыі на розныя тэмы, дзе супрацьпастаўляюцца міфы і раэльнасць. Я ж хачу напісаць пра вядомыя меркаванні спецыялістаў і ўласныя адчуванні.
Яімі «магічнымі ўласцівасцямі» валодаюць звычайныя прагулкі?
- Паляпшаюць настрой і пазбаўляюць ад стрэсаў.
І гэта так! Калі ідзеш даволі хутка і засяроджваешся на рытмічным дыханні, падлічваеш крокі, сама сабе нячутна спяваеш альбо дэкламуеш верш (напрыклад, баладу «Свіцязянка» Адама Міцкевіча)… Іншых думак у галаве не застаецца. А стрэс, як пабіты сабака, падціскае хвост і самаліквідоўваецца! 🙂 І нават па прыходзе дахаты ты не прыгадваеш, што цябе штосьці дужа турбавала альбо нервавала. Мінус негатыў. Чым дрэнна?!
- Станоўча ўздзейнічаюць на працу мозгу, канцэнтрацыю і памяць.
Ну, што трэніраваць мозг і памяць можна, прыгадваючы вершы і песні, дык гэта ж стопудова!А што датычыць канцэнтрацыі… Таксама прысутнічае. Бо ідзеш і паспяваеш яшчэ пазіраць па баках. І, бывае, штосьці нават на даўно знаёмым маршруце згледзіш такое цікавае! І здзівішся: а як жа раней не заўважала?! Прычым не спецыяльна ці мэтанакіравана. А цалкам нязмушана. Сапраўды, само сабой атрымліваецца! Пацвярджаю.
- Адчувальна ўплываюць на здароўе.
О, як мне падаецца, дастаткова толькі ўзгадак пра гэта – і ўсе павінны накіравацца на прагулку! Адразу ж! 🙂 А калі сур’ёзна…Што такое прагулкі? Гэта найперш фізічная актыўнасць. А яна, як вядома, паляпшае працу сэрца, зніжае артэрыяльны ціск. Пры гэтым паскараецца абмен рэчываў і ўмацоўваецца імунітэт. І калі дзве апошнія пазіцыі не заўсёды атрымліваецца так выразна адчуць, дык па першых магу сказаць: праўда. Бо лічбы на танометры не маняць…
Толькі зараз не пра сябе, а пра блізкіх. Бо мяне танометры… не любяць. У нас з імі гэта ўзаемна. Колькі спробаў было… Альбо ідзе апарат на другую закачку і паказвае абы-што, альбо пасля закачкі – «ЕЕЕ», толькі ў адваротны бок напісаныя… Таму ў гэтай справе даводзіцца давяраць выключна ўласным адчуванням.
- Напаўняюць энергіяй.
Ого, ды яшчэ як! Асабліва, калі прагуляешся пад дажджом. Ці пад снегам. А калі яшчэ падчас прагулкі ўцякаеш ад сабачак… Во дзе энергіі! 🙂 А самае цікавае, што бадзёрай прагулкай можна замяніць… кубак кавы! Асабліва, калі ён ужо лішні. Праверыла. Кавы сапраўды не хочацца пасля прагулкі. Ну, толькі калі ўдыхнуць водар… 🙂 Не больш за тое.
Памятаю, як у 2010-ым я адпачывала ў літоўскай Паланзе. Тры тыдні. Зразумела, апрача пакуначкаў з чаем набрала з сабой і кавы «тры ў адным». Каб не замарочвацца з цукрам, яшчэ і яго не цягнуць.
… Так і прыехала ўся мая кава некранутай дахаты. Бо! Гуляла я там з ранку да вечара, дыхала марскім паветрам. Здаецца, столькі вольнага часу! Пі каву – не хачу! І ніхто ж не скажа, што гэты кубак ужо лішні. Не захацелася. Ні разу. Во дзе сапраўднае дзіва!
- Паляпшаюць сон.
Здаецца, таксама доказу ды даследаванняў дадатковых гэтае сцвярджэнне не патрабуе. Эх, даўнавата я не гуляла перад сном! Трэба ўзнавіць прагулкі. Асабліва люблю ўзімку… Калі пад нагамі рыпіць снег і пераліваецца ў святле бліжэйшых ліхтароў. Калі марознае паветра напаўняе адчуваннямі спакою і шчасця. Калі думаецца толькі пра добрае. Эх! Ну дзе ж наш вялікі і пульхны сухі снег?!
Вядома ж, пунктаў яшчэ хапае. Але давайце спынімся хаця б на гэтых. Задумаемся. Захочам. І яя-я-я-як пойдзем! 🙂 Гуляць!!! Ранкам – да працы, па абедзе – па наваколлі. А ўвечары – проста з дому! Спецыяльна! У пошуках моцнага і здаровага сну! З вяртаннем дахаты, вядома ж…