Site icon Слушна

І зноўку – з надыходзячым!

Стары Новы год на падыходзе!

Вось калі б не было ў нас такой магчымасці – двойчы сустракаць Новы год, – яе трэба было б абавязкова прыдумаць, праўда?! Бо дзень народзінаў мы святкуем, як спяваецца, у песні, толькі раз... на год.

Зрэшты, хтосьці ўмудраецца і два. Скажам, каляндарны і сапраўдны. А тут прайшло прыемнае і вясёлае свята, а праз два тыдні... святкуйма зноў! Стары Новы год на падыходзе!

...Не ведаю, чаму, але апошнім часам сустракаць Стары Новы год люблю нават болей, чым сам Новы-Новы. Мо, таму, што не трэба ўжо гэтак спяшацца, каб паспець зрабіць усё як след да апоўначы, максімальна падрыхтавацца. «Як усе», «бо так прынята», «як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш»... Ніхто ж не хоча сустрэць яго «няправільна»?!

А мо, прычына ў тым, што гэтым разам мы ўжо не чакаем 00.00, бо часцей за ўсё пярэдадзень Старога Новага года выпадае на дзень, за якім надыходзіць працоўны... Вось як сёлета.

Прыемна святкаваць яшчэ і таму, што склаліся ўжо 13 студзеня свае традыцыі, якія даспадобы ўсім сямейнікам. І сёння (спадзяюся) нас чакае той самы ўтульны таямнічы вечар, калі можна зрабіць усё нетаропка, так, як хочаш сама.

Стары Новы год – бы яшчэ адзін шанц. Прыгатаваць тое-сёе да святочнага стала. Прыгадаць год мінулы, падсумаваць яго вынікі, што практычна ніколі не паспяваю чамусьці зрабіць 31 снежня. І, нарэшце, загадаць самае таемнае жаданне. Так, яшчэ адно… Чаму б і не? А яшчэ ж у ноч з 13-га на 14-га можна варажыць!

Мы настолькі прывыклі да існавання гэтага свята, што ўжо нават і не прыгадваем, што ў самім яго з’яўленні, выкліканым пераходам на новы каляндар, іншую сістэму летазлічэння, няма нічога казачнага. Так ужо склалася, што таямнічыя рысы яно набыло бы само па сабе.

Падкрэсліваючы ўрачыстасць моманту, нават слова «Стары» ў гэтым словазлучэнні раз-пораз пішам з вялікай літары, як назву. Хаця гаворыць яно толькі пра тое, што гэта – Новы год па старому стылю.

…Вось так сядзіш за святочным вечаровым сталом (найчасцей – невялікім столікам), удыхаеш смачны водар хвоі (галінкі ў букетах яшчэ стаяць!) і мандарынаў, глядзіш любімы фільм – і душу напаўняе спакой, любасць, дабрыня і адчуванне такога шчасця, якое рэдка наведвае ў будзённым колазвароце падзей. І ты імкнешся затрымаць гэтыя хвіліны, каб пасля яшчэ доўга з прыемнасцю прыгадваць іх, падтрымліваючы сябе, калі робіцца раптам зусім сумна.

Паводле некаторых даследчыкаў беларускай народнай творчасці, навагоднюю ёлку трэба выносіць з хаты да захаду сонца 13 студзеня. Маўляў, так яна забярэ з сабой усю адмоўную энергетыку. Але асабіста мне сумнай падаецца такая традыцыя.

Якое ж святкаванне Новага года, няхай сабе і другі раз, увечары, а не апоўначы, без такога важнага атрыбута? Яркая мішура, прыгожыя цацкі, мігценне гірлянды… Не, не згодна абыходзіцца без ёлкі ў ноч Старога Новага года! Тым больш, што найчасцей яна ў мяне – штучная! Так што… Няхай сабе стаіць. Да Вадохрышча…

Зрэшты, сустракаем мы Стары Новы год ці не, а ён жа ўсё роўна прыходзіць. Як і 1 студзеня. І – праляціць імкліва. Гэтак жа незаўважна, як і два першыя тыдні года Новага-Новага. І мы звыкла ўцягнемся ў шэрыя будні, далёка на антрэсолі схаваем штучныя ёлкі, цацкі і гірлянды. Бывайце, навагоднія святы!

А па заканчэнні лета, з наступленнем дажджлівай восені зноў пачнём марыць пра іскрысты снег, якога сёлета асабіста ў нас поўна, калючую прыгажуню, таемнасць галоўнай ночы...

Але ўсё гэта будзе потым. А сёння мы яшчэ – святкуем! Таму з надыходзячым Старым Новым годам вас, шаноўныя сябры! Будзьце здаровымі, вясёлымі, каханымі, шчаслівымі! Няхай спраўдзяцца ўсе вашы таемныя жаданні і самыя найлепшыя пажаданні!

...А вы святкуеце Стары Новы год?

Exit mobile version