Як бы ні былі запоўненыя нашыя душы страхам перад каранавірусам, але і для іншых пачуццяў там знаходзіцца месца. Шкада толькі, што не заўсёды – для станоўчых. Вось і сёння мы прыгадваем гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС і тыя наступствы, якія адгукаюцца і дагэтуль. А перасяленцам з зоны адцурання і больш чым праз тры дзесяцігоддзі ўсё гэтак жа сняцца родныя мясціны…
Насамрэч час не лечыць. Ні ад чаго. Прыглушае, прытупляе, спрабуе схаваць штосьці за смугой. Але тое назаўсёды ў памяці. І нават нам, жыхарам больш-менш чыстых тэрыторый (калі можна іх лічыць такімі, але ж усё пазнаецца ў параўнанні), 26-га красавіка 1986-га года прыгадваецца да драбніц. Якога б узросту мы ні былі…
І сваю дозу атрымаў, вядома ж, кожны з нас. Што б там ні казалі. Многіх сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей даўно няма на гэтым свеце. Іншыя ж моцна хварэюць. І штораз з такой любоўю прыгадваюць і родную вёсачку, і родную хату!
У нашым Чэрвеньскім раёне таксама багата так званых перасяленцаў. Таму як журналіст, які сустракаўся з імі не аднойчы, магу сказаць: нічога яны не забываюцца. Так, пацвярджаюць, што Чэрвеньшчына стала другой малой радзімай. А ў саміх – слёзы на вачах. З-за немагчымасці вярнуцца на першую і адзіную.
А мне яшчэ ў юным узросце чамусьці так яскрава ўсё ўяўлялася, што не адна песня, не адзін верш напісаліся… Вось гэтыя радкі – адны з першых у мяне на тэму Чарнобылю… 1995 год.
ЧОРНЫ БОЛЬ
(песня)
Пустыя двары, пустая сяліба…
Пустыя калодзежы, чорныя рэкі, зямля…
З той самай пары наўкола маўкліва-маўкліва,
І чорным палынам ужо зарастае ралля.
Чужыя лясы, чужыя мясціны…
А сэрца баліць і імкнецца назад –
Да той паласы, дзе продкаў стаялі хаціны,
Дзе ў квецені чорнай слязьмі абліваецца сад.
Самотныя твары, самотныя вочы…
Слязьмі абзавецца адчай і туга…
О, светлыя мары! Прыходзіце вы толькі ўночы:
Там дзеці бягуць басанож па зялёных лугах.
Прыпеў:
А людзі просяць, моляць Бога:
– Нам даруй грахі!
Не праклінай, не пагарджай!
Мы пракладзём шляхі…
Маліцца, верыць і кахаць,
Гасподзь, нас навучы.
І чорны пыл, і чорны боль
Развеюцца ўначы…
Як кажуць, кожнаму баліць па-свойму. І кожны бясконцую колькасць разоў пракручвае ў галаве, як бы магло быць, калі… Але, на жаль, нічога назад не адкруціш… Не зменіш. І не паўплываеш.
І для многіх лепей не бачыць, у што ператварыліся іх некалькі квітнеючыя вёскі. Але больш маладыя стараюцца штогод на Радаўніцу паехаць туды, дзе прайшло шчаслівае маленства і юнацтва. Ды і могілкі трэба наведаць, добраўпарадкаваць. Толькі вось сёлета з-за імклівага распаўсюду каранавіруса гэтага просяць не рабіць. Толькі не масава, не ў адзін дзень! А з’ездзіць туды можна будзе і пазней.
Ну так склалася, што ў гэты няпросты час дзесьці трэба… Не, не перапыніць традыцыі, якія складваліся стагоддзямі! Усяго толькі адкласці. І толькі фізічнае наведванне. Але ж уяўна можна колькі заўгодна хадзіць па родных мясцінах. І размаўляць з дарагімі памерлымі таксама можна, знаходзячыся дома.
Памяць роду – рэч такая, што падтрымліваецца нябачнай і нячутнай, але ўсё ж досыць адчувальнай у Сусвеце. І адчуць яе можна сапраўды ў пэўныя святыя дні. Але нават не ў сакральных месцах, а там, дзе мы знаходзімся. Я ў гэтым асабіста пераконвалася, і не раз, падчас адзначэння Дзядоў.
І калі могілкі па ўважлівай прычыне (хваробе, самаізаляцыі, ашчаджэнні блізкіх падчас вялікіх святаў) застануцца на пэўны час не прыбранымі (у Чарнобыльскай зоне ці ў іншым куточку Беларусі), думаю, нашы дарагія памерлыя даруюць нам. Бо яны ж усё бачаць і ўсё разумеюць. І ім больш важна, каб мы былі здаровымі. І іх памяталі. Вечна…
Мне здаецца, што журботныя даты ніколі не забудуцца, колькі б часу ні мінула. Асабліва для тых, хто пацярпеў. Ад вайны, ад нямецка-фашысцкай навалы, ад Чарнобылю… І каранавіруса. Так, 2020-ы год – чарговы журботны адлік. На вялікі жаль. А ў кагосьці ж здарылася яшчэ і асабістая бяда…
Таму – проста трымаемся сёння. Проста – прыгадваем. Плачам, калі гэтага просіць душа… Сумуем… І проста беражом сябе і сваіх родных. Бо гэта зараз – самае галоўнае.