Site icon Слушна

Імбір: карысны ў выглядзе любым. Хачу яго на дачу! :)

А вось штосьці яшчэ не дайшлі ў мяне рукі да гэтай расліны… Хаця пра імбір мне ўжо распавяла вялікая колькасць людзей. Пра ўласны вопыт спажывання.

Але пакуль мяне хапіла толькі на тое, каб набыць яго ў выглядзе парашку. На корань імбіру ў крамах дагэтуль толькі паглядаю. А вы спажываеце імбір?!

Імбір. Купляем у краме.

Мае знаёмыя адно перад адным хваляць гарбату з імбіру. Маўляў, гатуецца элементарна. Адразаеш некалькі кавалачкаў ад кораня – і альбо дзярэш на тарцы, альбо здрабняеш нажом. Заліваеш кіпнем і настойваеш 20 хвілін. Пажадана ў шкляным заварніку. А тады трэба дадаць мёду – і піць з задавальненнем. Маўляў, добры імунамадулятар, незаменны ў сезон прастудаў. А паколькі гэты сезон з такім капрызлівым надвор’ем, здаецца, надышоў ужо… Штосьці мне падказвае, што корань імбіру я набуду ў самы бліжэйшы час. 🙂

А яшчэ спіс карысных уласцівасцяў імбірнай гарбаты ўразіў! Аблягчае насавое дыханне, боль у горле, памяншае праявы кашлю, ацёку ў насаглотцы. Стымулюе кровазварот, зніжае ўзровень шкоднага халестэрыну ў крыві, выводзіць таксіны, нармалізуе кіслотны баланс у страўніку. Павышае агульны тонус, з’яўляецца прафілактычным сродкам супраць раку. Дапамагае пры ўздуцці жывата і метэарызме.

Але нельга ўжываць імбір, калі на яго ёсць алергія (а гэта часцей за ўсё правяраюць доследным шляхам), пры абвастрэнні захворванняў стрававальнай і выдзяляльнай сістэмаў арганізма. Ну, і паколькі гэта ўсё ж вострая прыправа… Асцярожнымі ў спажыванні трэба быць усім!

Мяне як дачніка-агародніка са стажам вельмі зацікавіла інфармацыя, што вырасціць імбір магчыма і на дачы, і нават дома ў вазоне! Праўда, даволі складана, шмат нюансаў… Але, думаю, яно таго вартае! Галоўнае – знайсці прыдатны для пасадкі корань у продажы. Каб свежым быў, з гладкай глянцавай «скуркай», з «вочкамі», як у бульбы…

І проста скарыла інфармацыя, што імбір яшчэ і цвіце прыгожа! Праўда, атрымаць кветкі таксама вельмі і вельмі складана. І гэта нагадала мне гісторыю з нашай дачнай юкай, якая кветканосы выпусціла за гадоў 15 толькі аднойчы. Затое што гэта былі за кветкі!

Ну, а што датычыцца імбіру, які прадаецца ў крамах, дык спецыялісты сцвярджаюць, што яго можна самім змалоць у парашок і нават замарынаваць! І што карысныя ўласцівасці не знікнуць.

І гэта не толькі тое, што пералічанае падчас аповеду пра імбірную гарбату. Імбір яшчэ з’яўляецца лёгкім слабіцельным, якое не траўмуе сценкі кішэчніку, нармалізуе метабалічныя працэсы. Здымае лёгкі галаўны боль і мышачныя спазмы. Змагаецца з бессонніцай, супакойвае нервовую сістэму.

А яшчэ яго раяць ужываць як жанчынам, так і мужчынам. Першым дапамагае адрэгуляваць менструальны цыкл і работу рэпрадуктыўнай сістэмы, другім – дапамагае ў прафілактыцы запалення прастаты, умацоўвае сасуды і з’яўляецца своеасаблівым афрадызіякам.

Ну, і наконт таго, што з дапамогай напояў з імбіру многія худнеюць, думаю, усе ўжо таксама начутыя?! Толькі, вядома ж, на адным імбіры значнага эфекту не атрымаеш… Пры няправільным харчаванні і маларухомым ладзе жыцця. Таму корань хаця і цудадзейны, але не ўсёмагутны. 🙂 І за нас саміх усё сапраўды не зробіць…

І яшчэ адно, што пацвярджае заўсёднае: правяраць карысныя ўласцівасці чагосьці трэба, толькі ўважліва прыслухоўваючыся да свайго арганізму, да яго рэакцый. Вось і імбір даволі дзіўны, супярэчлівы.

Як паўплывае на артэрыяльны ціск, невядома: можа яго павысіць, а можа – панізіць. І карысны ён толькі пры цукровым дыябеце 2-га тыпу. А пры 1-ым – шкодны! Калі гастрыт востры, не ўжываць імбір! А пры лёгкіх стадыях захворвання і рэмісіі – дапамагае ў зажыўленні.

… Узважыўшы ўсе «за» і «супраць», я – у краму па імбір. А вы?! 🙂

Exit mobile version