Site icon Слушна

Імуналагічная бясплоднасць: як выявіць і лячыць

Па сусветных дадзеных, трэць прычынаў бясплоднасці абумоўленыя імуналагічнымі праблемамі. Асноўная з іх – наяўнасць у арганізме жанчын і мужчын антыспермальных антыцелаў, якія перашкаджаюць развіццю, руху сперматазоідаў і апладненню яйцаклеткі.

Якія абследаванні трэба прайсці для выяўлення праблемы і што рабіць, калі ў вас імуналагічная бясплоднасць, журналісту «Слушна» распавяла Святлана Жукоўская, асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны».

Імуналагічная бясплоднасць.

Ведаць пра гэтую праблему важна таму, што імуналагічная бясплоднасць рэдка дыягнастуецца і часта праходзіць незаўважанай, хаця сучасныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі маглі б паспяхова дапамагчы нарадзіць дзіця, калі б яна была выяўленая своечасова, падкрэслівае эксперт. Для гэтага сёння існуюць надзейныя тэсты і абследаванні.

Прычыны паталогіі

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Адна з найбольш добра вывучаных прычынаў імуналагічнай бясплоднасці – наяўнасць антыспермальных антыцелаў, накіраваных супраць антыгенаў сперматазоідаў. Гэтыя антыцелы могуць выпрацоўвацца ў арганізме і жанчын, і мужчын. Калі яны ўтвараюцца ў жанчын, дык негатыўна ўплываюць на рухомасць сперматазоідаў і іх здольнасць да апладнення. Гэта прынята называць несумяшчальнасцю партнёраў. Прычыны з'явы малавывучаныя. Антыспермальныя антыцелы ў мужчынскім арганізме негатыўна ўплываюць на ўвесь працэс фарміравання і выспявання сперматазоідаў. Прычыны мужчынскай імуналагічнай бясплоднасці больш вывучаныя і зразумелыя. Галоўным чынам, гэта парушэнне спецыфічнага бар'ера ў яечках, які павінен абараняць іх ад антыцелаў. Парушэнне бар'ера выклікаюць інфекцыйныя працэсы: прастатыты, архіты, эпідыдыміты (запаленне прыдаткаў яечка), асабліва, калі запаленчыя працэсы выкліканыя хламідыямі. Акрамя інфекцый, прадукцыю антыспермальных антыцелаў могуць выклікаць анамаліі развіцця семявыводзячых пратокаў, перанесеная вазэктомія (перавязка семявых канацікаў), траўмы і хірургічныя ўмяшанні на яечках, варыкацэле, неапушчэнне яечка.

Абследаванне на сумяшчальнасць і MAR-тэст

Для дыягностыкі імуналагічнай бясплоднасці рэпрадуктолагі прапануюць праходзіць MAR-тэст і абследаванне на сумяшчальнасць. Гэта дадатковыя метады даследавання, іх прызначэнне залежыць ад кваліфікацыі ўрача. Таму часта пары проста не даходзяць да гэтых тэстаў і доўга ды безвынікова лечаць бясплоднасць, тлумачыць эксперт.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
MAR-тэст хутка і эфектыўна дазваляе выявіць антыспермальныя антыцелы ў семявай вадкасці (а выявіць іх у крыві можна з выкарыстаннем метаду ІФА). MAR-тэст паказвае высокую дакладнасць. Важна ведаць, што сама наяўнасць гэтых антыцелаў не з'яўляецца абсалютным фактарам бясплоднасці, яны бываюць і ў людзей з нармальнай фертыльнасцю. Важна высветліць, дзе яны сканцэнтраваныя. Для жанчын рэкамендаванае абследаванне на сумяшчальнасць – посткаітальны тэст. Ён праводзіцца праз 4-6 гадзін пасля палавога кантакту. Даследуецца змесціва слізі з шыйкі маткі. Калі мы бачым, што сперматазоіды, якія па выніках спермаграмы мелі добрую рухомасць, у цэрвікальным канале зрабіліся нерухомымі і склеенымі, гэта можа казаць пра тое, што ў жанчыны ёсць антыспермальныя антыцелы.

Дадзенае абследаванне пажадана паўтараць у некалькіх цыклах, не варта абапірацца на адзін вынік, бо якасць цэрвікальнай слізі можа залежаць ад шэрагу прычынаў, удакладняе рэпрадуктолаг.

Абследаванне на сумяшчальнасць часам лепей падмацаваць спецыяльным аналізам крыві на антыспермальныя антыцелы.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Калі ў жанчыны, да прыкладу, з-за гарманальных парушэнняў менструальнага цыклу, запаленчых працэсаў будзе вельмі густая цэрвікальная слізь, сперматазоіды ў ёй зробяцца нерухомымі. Але гэта не будзе імуналагічнай несумяшчальнасцю. Таму мы рэкамендуем дадаткова здаць аналіз крыві на антыцелы, якія ўплываюць на рэпрадуктыўную функцыю.

Такім чынам, лагістыка пры здачы аналізаў для абследавання такая: для мужчыны – спермаграмы + MAR-тэст, для жанчыны – абследаванне на сумяшчальнасць (посткаітальны тэст) + аналіз крыві на антыспермальныя антыцелы.

Ці магчыма лячыць імуналагічную бясплоднасць?

Раней для лячэння актыўна прымянялася імунасупрэсіўная тэрапія: глюкакартыкоідныя прэпараты, якія падаўлялі імунітэт. Зараз гэты метад не рэкамендуецца з-за пабочных эфектаў. На змену яму прыйшлі іншыя, больш зберагальныя спосабы лячэння.

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Пры жаночай імуналагічнай бясплоднасці асноўная праблема ў тым, што сперматазоіды не могуць прайсці канал шыйкі маткі. Для яе вырашэння існуе працэдура ўнутрыматачнай інсемінацыі. Мужчына здае сперму, рэпрадуктолагі яе апрацоўваюць і адмысловым катэтарам уносяць у матку, што дазваляе сперматазоідам пазбегнуць кантакту з антыцеламі ў цэрвікальным канале. Далей усё адбываецца, як пры натуральным зачацці. Калі гэтая маніпуляцыя не мела поспеху, прымяняецца ЭКА.

Пры мужчынскай імуналагічнай бясплоднасці іншыя падыходы: трэба пралячыць усе запаленчыя працэсы, пасля чаго паказана ІКСІ. Пры гэтай працэдуры сперма апрацоўваецца такім чынам, каб з яе можна было выдзеліць хаця б адзін нармальны рухомы сперматазоід, які затым пад кантролем мікраскопа ўводзіцца ўнутр яйцаклеткі. Такім чынам адбываецца апладненне і надыходзіць цяжарнасць. «У нашым Цэнтры дзякуючы ІКСІ нарадзіліся больш за 5 тысяч дзяцей», – удакладняе Святлана Жукоўская.

Каму паказанае абследаванне?

MAR-тэст і абследаванне на сумяшчальнасць рэкамендуецца парам:

  • з бясплоднасцю неўдакладненай этыялогіі;
  • са шматразовым невыношваннем цяжарнасці;
  • з аднаразовым невыношваннем у другім трыместры;
  • пры падрыхтоўцы да ЭКА, бо ад вынікаў будзе залежаць метад экстракарпаральнага апладнення;
  • жанчынам з рознымі аўтаімуннымі захворваннямі (чырвоная сістэмная ваўчанка, рэўматоідны артрыт і інш.).

Сёння некаторыя пары хочуць прайсці абследаванне на сумяшчальнасць да ўступлення ў шлюб. Ці ёсць у гэтым сэнс?

 
Святлана Жукоўская
Асістэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ, супрацоўнік «Цэнтра рэпрадуктыўнай медыцыны»
Мне гэта падаецца лішнім. Бо людзі ствараюць сем'і па каханні, а не па крытэрах «ідэальны рэпрадуктыўны партнёр». Да таго ж, пасля адмоўнага выніку ў пары можа скласціся ўражанне, што яны не падыходзяць адно аднаму і ў іх нічога не атрымаецца. Але гэта не так. На сучасным этапе развіцця медыцыны гэтую праблему можна паспяхова пераадолець.

Даведка

Кошт абследаванняў у Цэнтры рэпрадуктыўнай медыцыны:

  • MARэст – 70 р.
  • Абследаванне на сумяшчальнасць – 19 р.
  • Аналіз крыві на антыспермальныя антыцелы – 13,8 р.

Кошт можа змяніцца.

Важна ведаць

  • Рэдка, але бывае, што цяжарнасць не прымалася арганізмам жанчыны з-за HLA-супадзенняў у партнёраў. HLA (human leucocyte antigens) – антыгены тканкавай сумяшчальнасці. Чым больш супадзенняў, тым вышэйшая рызыка бясплоднасці і невыношвання. Такое можа быць у блізкароднасных сувязях. Гэтая паталогія малавывучаная, і пакуль эфектыўных метадаў лячэння няма. Для выяўлення HLA-супадзенняў можна прайсці спецыяльнае генетычнае абследаванне.
  • Рэпрадуктолагі часам рэкамендуюць здаць аналіз на наяўнасць антыцелаў да тырэапераксідазы (фермент шчытападобнай залозы). Раней лічылася, што гэты паказчык ніяк не ўплывае на цяжарнасць, калі ў пацыентак у норме гармоны шчытападобнай залозы. Але сёння ўжо даказана: павышанае ўтрыманне антыцелаў да тырэапераксідазы – рызыка невыношвання цяжарнасці.
Exit mobile version