Інфекцыйны (бактэрыяльны) эндакардыт – цяжкае інфекцыйнае запаленчае захворванне ўнутранай абалонкі сэрца (эндакарда), пры развіцці якога пераважна пашкоджваецца клапанны апарат.
Існуюць два асноўныя фактары, якія значна павялічваюць рызыку інфекцыйнага эндакардыту: гэта патагены (бактэрыі ці грыбы), якія цыркулююць у крыві, і наяўнасць некаторых захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Інфекцыйны эндакардыт рэгіструецца ва ўсіх краінах свету без выключэння. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо далёка не апошнюю ролю ў развіцці цяжкай сардэчнай паталогіі адыгрываюць... хворыя зубы. У той жа час лячэнне інфекцыйнага эндакардыту ў некаторых выпадках можа запатрабаваць значных намаганняў, ажно да кардыяхірургічнага ўмяшання.
Якая сувязь паміж здароўем сэрца і карыесам, а таксама што трэба памятаць і рабіць, каб зберагчы сябе ад інфекцыйнага эндакардыту, журналісту Слушна распавяла к.м.н., дацэнт, прафесар кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУАлена Грыгарэнка.
Здароўе сэрца і карыес
Вялікая праблема ад маленькай бактэрыі
У рамках праекта «Мікрабіём чалавека», вынікі якога аказалі і працягваюць аказваць каласальны ўплыў на развіццё медыцыны, вучоныя выявілі, што ў целе здаровага чалавека жывуць тысячы розных відаў мікраарганізмаў. Яны знаходзяцца на скуры, у ротавай поласці і верхніх дыхальных шляхах, у кішэчніку і мочавыдзяляльнай сістэме.
Невялікая колькасць мікробаў трапляе ў кроваток падчас звычайных паўсядзённых мерапрыемстваў, такіх, як чыстка зубоў, выкарыстанне драўляных зубачыстак, зубной ніткі альбо нават жаванне гумкі.
Асабліва гэта характэрнае для людзей з несаніраванай поласцю рота (г.зн. у людзей з недалечанымі хваробамі зубоў і дзяснаў).
Пранікненне патагенаў у сістэмны кроваток можа адбыцца таксама падчас правядзення хірургічных і стаматалагічных працэдураў. Аднак не ўсе бактэрыі, пранікаючы ў кроў, здольныя выклікаць інфекцыйны эндакардыт.
«Сардэчнікі» найбольш ўразлівыя перад інфекцыйным эндакардытам
У людзей, якія маюць пэўныя сардэчна-сасудзістыя захворванні, рызыка інфекцыйнага эндакардыту нашмат вышэйшая. Сачыць за здароўем зубоў ім варта з асаблівай дбайнасцю.
Калі стаматалагічнае ўмяшанне ўсё ж такі неабходнае, дык да яго выканання такой катэгорыі пацыентаў павінны быць прызначаныя антыбактэрыяльныя лекавыя сродкі шырокага спектру дзеяння. Антыбіётыкапрафілактыка – вымушаная, але неабходная мера, каб знізіць рызыку развіцця інфекцыйнага эндакардыту.
- наяўнасць пратэзаваных клапанаў альбо імплантуемых прыладаў у сэрцы;
- стан пасля перанесенага інфекцыйнага эндакардыту;
- некаторыя віды нялечаных прыроджаных парокаў сэрца.
Як знізіць рызыку развіцця інфекцыйнага эндакардыту
Усе выпадкі інфекцыйнага эндакардыту прадухіліць немагчыма, кажа эксперт, паколькі дакладна нельга прадбачыць, калі можа адбыцца інфікаванне.
Калі ў вас былі вызначаныя паказанні для антыбіётыкапрафілактыкі інфекцыйнага эндакардыту, пра гэта неабходна паведаміць урачу перад правядзеннем маніпуляцыі, якая парушае цэласнасць скурнага покрыва і слізістых. У такім выпадку ўрач зможа прыняць усе меры засцярогі, неабходныя для абароны вашага здароўя.
Вельмі важна сачыць за чысцінёй і здароўем поласці рота, а рэгулярны догляд дапаможа знізіць верагоднасць бактэрыяміі падчас руціннай паўсядзённай дзейнасці.