Падарожжы – гэта мора новых уражанняў, яркія эмоцыі і незабыўны адпачынак. Разам з тым, у многіх краінах даволі высокая рызыка заражэння некаторымі інфекцыйнымі і паразітарнымі захворваннямі, што працякаюць цяжка і з ускладненнямі.
Пра тое, якія прафілактычныя прышчэпкі неабходна зрабіць перад выездам за мяжу, каб адпачынак не скончыўся ў бальніцы, распавяла намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Глінская.
Інструкцыя на адпачынак
Пры наведванні некаторых папулярных сярод турыстаў замежных краін, напрыклад, Індыі, Тайланда або Егіпта, узрастае рызыка заражэння вірусным гепатытам А, а таксама вострымі кішэчнымі інфекцыямі. Не выключаны завоз з гарачых краін малярыі і шэрагу іншых паразітарных захворванняў. Небяспечная эпідэмічная сітуацыя па адзёру захоўваецца ў тым ліку ва Украіне, Румыніі, Італіі, Сербіі, Грэцыі і Францыі.
Памятка турысту і падарожніку
1. Перад паездкай неабходна ўдакладніць эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, куды вы накіроўваецеся. Гэтую інфармацыю можна атрымаць у тураператара, на сайтах арганізацыі аховы здароўя, устаноў санітарна-эпідэміялагічнай службы, у прыватнасці, Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, а таксама на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
2. Не варта грэбаваць прафілактыкай тых інфекцыйных захворванняў, якія можна папярэдзіць з дапамогай вакцынацыі (напрыклад, адзёр). Для гэтага трэба ўдакладніць свой прышчэпачны статус. Гэта можна зрабіць у арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства. Калі няма звестак пра прышчэпкі або па якіх-небудзь прычынах чалавек не вакцынаваны, трэба звярнуцца да ўчастковага ўрача па кансультацыю. Усе вакцыны, па словах Ірыны Глінскай, якія рэгламентаваны Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак, ёсць у дастатковай колькасці ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.
3. Вакцынацыю, калі яна неабходная, перад паездкай трэба планаваць загадзя, а не за некалькі дзён да адпачынку.
Выключэнне толькі прышчэпка супраць віруснага гепатыту А. Пасля яе імунітэт фарміруецца хутчэй. У дадзеным выпадку мінімальны тэрмін да ад'езду складае 10 дзён. Зрабіць такую прышчэпку можна ў 19-ай цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна Мінска.
Як патлумачыла спецыяліст, 3-4 тыдні – гэта той тэрмін, на працягу якога фарміруецца імунітэт пасля вакцынацыі. Асабліва, калі прышчэпка робіцца ўпершыню. Таму, калі прайсці вакцынацыю за пару дзён да паездкі, імунітэт не паспее цалкам сфарміравацца і не зможа абараніць пры «сустрэчы» з інфекцыяй. Калі ж гаворка ідзе пра рэвакцынацыю (паўторную прышчэпку), імунітэт, як правіла, выпрацоўваецца хутчэй - праз 10-14 дзён.
4. Падчас адпачынку, адзначыла Ірына Глінская, трэба пазбягаць кантакту з жывёламі, бо яны з'яўляюцца крыніцай шэрагу інфекцыйных і паразітарных захворванняў.
5. Тым, хто выязджае на так званы дзікі адпачынак (сплаў па рэках або наведванне лясоў) на Далёкі Усход ці Урал, медыкі раяць паклапаціцца пра абарону ад клешчавога энцэфаліту і зрабіць прышчэпку.
6. У шэрагу цёплых краін сапсаваць адпачынак могуць крывасмактальныя насякомыя (кляшчы, камары, маскіты), а таксама грызуны, якія пераносяць шэраг паразітарных захворванняў. У падобных выпадках Ірына Глінская параіла выкарыстоўваць спецыяльныя рэпеленты, электрычныя фумігатары, а таксама звярнуцца ў адміністрацыю для вырашэння праблемы ці прадастаўлення бяспечных у гэтых адносінах нумароў.
7. Для прафілактыкі вострых кішэчных інфекцый і віруснага гепатыту А харчавацца трэба толькі ў месцах, рэкамендаваных тураператарамі, а прадукты выкарыстоўваць толькі гарантаванай якасці. Абавязкова варта выконваць пітны рэжым. Ужываць або бутыляваную ваду, альбо напоі прамысловай вытворчасці. Агародніну і садавіну таксама неабходна апалоскваць чыстай вадой. Мяса, рыба і морапрадукты павінны праходзіць тэрмічную апрацоўку. Пры набыцці прадуктаў варта звяртаць увагу на тэрмін прыдатнасці. У дарогу не варта браць прадукты, што хутка псуюцца (вараная каўбаса, малочныя прадукты, кулінарныя вырабы з кароткім тэрмінам прыдатнасці).
8. Правілы асабістай гігіены для прафілактыкі вірусных і бактэрыяльных інфекцыйных захворванняў ніхто не адмяняў. Калі няма магчымасці памыць рукі, напрыклад, пасля вуліцы ці перад прыёмам ежы, можна выкарыстоўваць вільготныя гігіенічныя сурвэткі.
9. Спецыялісты таксама не рэкамендуюць праводзіць і наведваць экскурсіі або іншыя падобныя мерапрыемствы (рыбалка або паляванне), якія не пазначаныя экскурсійнай праграмай. Пры купанні ў басейнах і вадаёмах пажадана не глытаць ваду.
Калі вы вярнуліся з паездкі і праз нейкі час, нават праз месяц, у вас з'явіліся сімптомы інфекцыйнага захворвання (павышэнне тэмпературы, боль у горле, пачырваненне, сып, вадкі стул, млоснасць, боль у жываце), варта абавязкова звярнуцца да ўрача.