Днямі ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д Шчамялёва адбылося адкрыццё беларуска-аўстрыйскай выстаўкі мастацкага тэкстылю «Вокны і масты».
Выстаўка — унікальны міжнародны праект, які аб'яднаў беларускае і аўстрыйскае сучаснае мастацтва тэкстылю маладога пакалення мастакоў. Аўтары ідэі і куратары праекта Мануэль Вандл (Аўстрыя) і Хрысціна Высоцкая (Беларусь) прапануюць гледачам пагрузіцца ў шырокае па багаццю канцэпцый, форм, матэрыялаў і тэхнік мастацкае пераасэнсаванне тэмы.
У выставачнай экспазіцыі – больш за 30 твораў 19-ці аўтараў, выкананых у самых разнастайных тэхніках тэкстылю і мікс-медыя. Арганізатары расказалі, што праца над выстаўкай пачалася яшчэ восенню 2021 года. Куратары паставілі перад сваімі студэнтамі няпростую творчую мэту: пераасэнсаваць фармальна-пластычныя, ідэйна-сэнсавыя, вобразныя і філасофскія значэнні вокнаў і мастоў з дапамогай мовы мастацкага тэкстылю і змешаных тэхнік. У выніку атрымаўся ўнікальны міжкультурны досвед.
Увогуле мастацтва ткацтва — адно з самых старажытных на зямлі. Кожная эпоха, кожная краіна ўносілі змены і ў вобразна-пластычнае, і ў функцыянальнае значэнне тканіны, а таксама істотна мянялася тэхналогія яе стварэння.
Пікселі для кроснаў, альбо Традыцыі ткацтва ў сучасным інтэр’еры
Чалавек спрадвеку выкарыстоўвае цяпло і ўтульнасць воўны для вырашэння функцыянальных задач. Тканіна суправаджае чалавека ўсюды, і ён часта не звяртае ўвагі на тое, што яна — частка яго жыцця, без якой ён не можа абыходзіцца. У нейкі момант тканіна, вытканая рукамі, урываецца ў яго жыццё ў выглядзе насценнага безворсавага дывана-карціны. Габелен – адзін з відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, насценны аднабаковы дыван з сюжэтнай ці арнаментальнай кампазіцыяй, вытканы ўручную перакрыжаваным перапляценнем нітак.
Масты — гэта канструкцыі, якія забяспечваюць праход праз перашкоды, злучаюць прасторы, паскараюць кантакты і дазваляюць абменьвацца таварамі, інфармацыяй. Яны з`яўляюцца зонамі сустрэчы культур. Вобраз маста таксама сімвалізуе абмен прафесійным досведам, ведамі, атрыманымі гістарычнай спадчынай і этыка-сацыяльнымі праектамі.
Выстаўка дазваляе гледачу сутыкнуцца з дзвюма культурамі, паглыбіцца ў цікавыя моманты стварэння аб’етаў. Кожны аўтар з душой падышоў да стварэння асабістай работы і запрашае гасцей праз свае масты і вокны адправіцца ў падарожжа.
Мастак тэкстылю, даследчык, магістр мастацтваў Мануэль Вандл з'яўляецца старшым выкладчыкам кафедры «Тэкстыль — свабодны, прыкладны і эксперыментальны дызайн» у Венскім універсітэце прыкладных мастацтваў — вядучай вышэйшай навучальнай установе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Аўстрыі.
На курсе ткацтва Мануэля Вандла студэнты даследуюць спосабы трансфармацыі пэўнай ідэі ці натхнення ў матэрыялістычную рэальнасць. У фокусе ўвагі — розныя метады, тэхнікі і матэрыялы. Тэмы вар'іруюцца ад класічнага дызайну тканін да габеленавага мастацтва і канцэптуальнага інтэлектуальнага тэкстылю.
Хрысціна Высоцкая — мастак тэкстылю, даследчык, магістр мастацтвазнаўства, дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. На курсе Хрысціны Высоцкай студэнты даследуюць фармальна-пластычныя магчымасці тэкстылю, эксперыментуюць з рознымі матэрыяламі і тэхнікамі (уключаючы нетрадыцыйныя) для стварэння ўнікальных канцэптуальных твораў мастацтва і дызайну тканіны.
Выстаўка — унікальная магчымасць, патрапіць у свет цікавых падзей і людзей. Яркія, цікавыя, інтэлектуальныя творы — добры прыклад зладжанай і плёнай працы куратараў над агульнай ідэяй фарміравання мастацкай выразнасці і камунікацыяй паміж дзвюма краінамі.