Site icon Слушна

Інтымны пірсінг: меркаванне экспертаў пра нестандартнае ўпрыгожванне цела

Інтымны пірсінг: што трэба высветліць, перш чым рабіць

Пірсінг – адна з самых папулярных мадыфікацый цела. Калі праколам вушэй нікога не здзівіць, дык ўпрыгажэнні на інтымных месцах можна аднесці да раздзелу «незвычайнае».

Вакол інтымнага пірсінгу шмат міфаў, спрэчак пра патрэбу і прыгажосць. Каб дакладна разабрацца ў пытанні яго функцыянальнасці і бяспекі, мы паразмаўлялі са спецыялістамі: прафесійным майстрам пірсінгу і бодымадыфікацый Леанідам Аўдзей-Жыгуновым і загадчыкам уралагічнага аддзялення гарадской клінічнай бальніцы №4 г.Мінска Дзмітрыем Малашчыцкім.

Навошта ён патрэбны, гэты інтымны пірсінг?

У кожнага кліента, які вырашыў абзавесціся ўпрыгажэннем на інтымным месцы, свае матывы: для кагосьці гэта проста чарговая мадыфікацыя «для прыгажосці», іншы хоча здзівіць партнёра новенькім незвычайным апгрэйдам. Але ёсць і тыя, хто з дапамогай завушніцы ў вобласці геніталій хоча ўзмацніць адчувальнасць і дадаць новых адчуванняў у сэксуальнае жыццё. Ці магчыма гэта?

 
Леанід Аўдзей-Жыгуноў
Майстар пірсінгу і бодымадыфікацый
Праколы сапраўды могуць несці пэўную функцыю. Упрыгажэнне, якое размяшчаецца блізка да галоўкі клітара (напрыклад, пры праколе капюшона клітара), будзе аказваць выражаны стымулюючы эфект. Але інтымны пірсінг таксама можа быць і дэкаратыўным. Так, «Хрысціна» (вертыкальны пракол ніжняй часткі лабка) цалкам пазбаўленая функцыянальнасці. Пры дапамозе пірсінгу можна вырашыць і праблему ўцягнутых саскоў, але трэба падумаць, ці варта. Пры гэтым варыянце анатамічнай будовы саска гаенне будзе ўскладненае. Замест стандартных 9 месяцаў яно можа зацягнуцца на год і больш, бо ціск тканак на ўпрыгажэнне будзе вышэйшым, чым у норме.

Прыгожа да болю

Пракол ад праколу адрозніваецца: у некаторых месцах яго зусім рабіць не варта, бо гэта можа адмоўна адбіцца на гаенні і наступным нашэнні ўпрыгажэнняў. Ад пірсінгу ў якім месцы лепей адмовіцца?

 
Дзмітрый Малашчыцкі
Загадчык уралагічнага аддзялення ГКБ №4 г.Мінска
Да нас у аддзяленне часта паступаюць людзі з рознага роду траўмамі, атрыманымі падчас палавога акту. Пірсінг у інтымных месцах можа толькі пагоршыць сітуацыю і павысіць траўманебяспечнасць. Таму, з пункту гледжання бяспекі, не варта рабіць пракол там, адкуль лёгка вырваць упрыгажэнні пры фрыкцыях. Узяць, да прыкладу, пракол «Прынц Альберт» (пірсінг пеніса ад вуздэчкі да ўрэтры. – заўв. А.П.). Калі яго «вырваць» падчас сэксу – можа ўтварыцца свіршч, які пры няправільным гаенні будзе прапускаць праз сябе біялагічныя выдзяленні.
 
Леанід Аўдзей-Жыгуноў
Майстар пірсінгу і бодымадыфікацый
Адэкватнае месца для інтымнага пірсінгу там, дзе ўпрыгажэнне не будзе траўмаваць навакольныя тканкі і перашкаджаць выкананню асноўных функцый. Падбор падыходзячага месца для пірсінгу – пытанне граматнага майстра. Як і права адмовіць, калі пракол папросту невыканальны.

Чым упрыгожваць далікатныя месцы

Чым упрыгожваць далікатныя месцы

Ад несертыфікаваных, самаробных упрыгажэнняў альбо вырабленых саматужным спосабам несумненна варта адмовіцца, нават калі казаць не пра інтымны пірсінг.

 
Дзмітрый Малашчыцкі
Загадчык уралагічнага аддзялення ГКБ №4 г.Мінска
Трэба правільна падбіраць упрыгажэнні для інтымнага пірсінгу, якія знізяць траўманебяспечнасць пры палавым кантакце. Яны павінны быць вырабленыя з біясумяшчальных матэрыялаў, напрыклад, з тытана. А вось упрыгажэнні з золата можна ставіць толькі ў тым выпадку, калі няма алергічнай рэакцыі на металы. У ідэале, упрыгажэнне і матэрыял павінен падбіраць прафесійны майстар з медыцынскай адукацыяй.
 
Леанід Аўдзей-Жыгуноў
Майстар пірсінгу і бодымадыфікацый
Патрабаванні да ўпрыгажэнняў гранічна простыя: бяспечная канструкцыя, інертнасць і біясумяшчальнасць. Памер упрыгажэнняў майстар павінен падбіраць індывідуальна для кожнага канкрэтнага кліента. Матэрыял – толькі імплантацыйны тытан. Ніякай хірургічнай сталі, срэбра і золата ў генітальным пірсінгу быць не павінна ў сілу алергеннасці матэрыялаў.

Каму інтымны пірсінг строга супрацьпаказаны?

Генітальны пірсінг мае шэраг супрацьпаказанняў у залежнасці ад стану здароўя чалавека. Нават калі вельмі хочацца, Дзмітрый Малашчыцкі раіць адмовіцца ад інтымнага пірсінгу пры наступных паталогіях:

  • анамаліях развіцця палавых органаў (гіпаспадыя, эпіспадыя);
  • траўмах мочаспускальнага канала ў анамнэзе;
  • пры хранічных захворваннях мочапалавой сістэмы і вострых запаленчых працэсах (цыстыт, урэтрыт, піяланефрыт і г.д.);
  • пры гіпаспадыі (скарочанай урэтры ў жанчын).

 

 
Леанід Аўдзей-Жыгуноў
Майстар пірсінгу і бодымадыфікацый
Цяжарнасць, анатамічная несумяшчальнасць, антысанітарны лад жыцця і іншыя ідэйныя меркаванні, якія замінаюць выкананню гігіены, – гэта таксама тыя моманты, пры якіх ад інтымнага праколу лепей адмовіцца.

Гігіена і догляд. Кіраўніцтва па адаптацыі інтымнага пірсінгу

Якімі б ні былі прычыны, па якіх вы вырашылі зрабіць інтымны пірсінг, перш за ўсё варта выканаць залатое правіла: такія працэдуры павінен праводзіць толькі майстар-прафесіянал з медыцынскай адукацыяй – у салоне, які мае ліцэнзію на падобнага роду паслугі.

 
Леанід Аўдзей-Жыгуноў
Майстар пірсінгу і бодымадыфікацый
Усе ўпрыгажэнні павінны праходзіць перадстэрылізацыйную чыстку і стэрылізацыю. Прыходзячы да майстра, вы маеце права папрасіць распавесці пра стэрылізацыю і паказаць індыкатар.

Калі па якіх-небудзь прычынах майстар адмаўляецца пацвердзіць, што інструменты стэрылізаваныя, адмоўцеся ад яго паслуг і звярніцеся да іншага спецыяліста.

Што тычыцца пытанняў гігіены, эксперты аднадушныя: інтымны пірсінг вымагае дбайнага догляду. Аднак пры гэтым усё зводзіцца да шэрагу стандартных правілаў.

  • Падтрыманне чысціні. Інтымныя зоны патрабуюць штодзённага догляду, але з інтымным пірсінгам давядзецца задумвацца пра гэта часцей. У ідэале – пасля кожнага наведвання прыбіральні. Не трэба штораз вымываць усё начыста мылам, бо гэта можа пашкодзіць ахоўны бар'ер слізістай. Дастаткова пасля кожнага наведвання прыбіральні падмываць геніталіі праточнай вадой.
  • Ніякага хлоргексідыну і агрэсіўных антысептычных сродкаў. Яны здольныя пакінуць апёкі на слізістай і, наадварот, зацягнуць працэс гаення.
  • Палавы спакой на час першаснага гаення пірсінгу абавязковы. Час першаснага гаення можа вар'іравацца ў залежнасці ад месца праколу. Звычайна гэта ад 2 тыдняў да 1 месяца. Канкрэтныя рэкамендацыі дасць толькі прафесіянал, да якога вы звяртаецеся.
  • Пажадана выключыць карыстанне грамадскімі прыбіральнямі. Хаця б таму, што там праблематычна правесці неабходныя гігіенічныя працэдуры.

Калі вы вырашылі стаць уладальнікам інтымнага пірсінгу, з розумам падыдзіце да выбару майстра: не варта бегчы да таго, хто робіць танна і хутка. Ёсць сэнс азнаёміцца з водгукамі пра яго працу, але яшчэ лепей – пазнаёміцца з майстрам асабіста і прайсці папярэднюю кансультацыю.

Exit mobile version