Якая адмысловасць свята здольная ў прамым сэнсе запаліць нашы сэрцы, напоўніць іх радасцю? Ну, вядома ж, феерверкі! Іх ніколі шмат не бывае, праўда?! Асабліва ў Новы год! Калі навокал, здаецца, штосекундна хтосьці лёгкім рухам рукі расквечвае неба… І такая казачная прыгажосць, такое хараство ды замілаванне!
Вельмі люблю салюты і феерверкі. Радуюся, як дзіця! Асабліва, калі «прылятае» не з нагоды, а ў звычайны дзень. Бо апошнім часам імі адзначаюць нараджэнні, вяселлі, выпускныя і вечары сустрэчы з выпускнікамі ды шмат чаго іншага. Таму калі чую характэрныя «выбухі», абавязкова нясуся да акна, каб палюбавацца! Свята-а-а-а-а-а-а-аа!!!
Самае цікавае, што звычайна святочныя салюты, якія запускаюць з плошчы ў Чэрвені, мы можам спакойна назіраць з акна кватэры на першым, заўважце, паверсе ў сваім мікрараёне Барыкіна. А само месца «закладкі» знаходзіцца ў 20 хвілінах хады!
Калі рознакаляровыя іскрынкі ў паветры складаюцца ў дзівосныя кветкі, гэта такая прыгажосць! Некаторыя, здаецца, адтуль, з плошчы, ляцяць прама да нашых вокнаў! Такі адмысловы эфект. Заўсёды вельмі ўражваюць «хрызантэмы», якія распускаюцца на вачах!
А вось што мне не падабаецца, дык гэта адзіночныя петарды, якія дзеці і падлеткі любяць кідаць у самых нечаканых месцах. І нават, бывае, пад ногі прахожым. Гэты аглушальны гук і дым… Не разумею: якое ў гэтым задавальненне?! Што чалавек пужаецца?! Навошта іх увогуле прадаюць? А колькі няшчасных выпадкаў здараецца, калі петарды ўзрываюцца ў руках…
У нас у Чэрвені з гэтым проста бяда. Сезонная. І пачынаецца яна дзесьці ў лістападзе. Але якім было маё здзіўленне, калі характэрныя «выбухі» пачула, знаходзячыся на працы ў Мінску. Ого! І тут таксама любяць хуліганіць?!
Не дужа прыемныя ўражанні і тады, калі феерверкі запускаюць з горкі літаральна метрах у дзесяці ад нашага пад’езда. Бо такое ўражанне, што ўсё гэта ляціць прама ў вокны! А штосьці ж сапраўды ляціць. Нават выразна чуецца шыпенне, калі гарачае дакранаецца да халоднага шкла… Усё ж каб феерверкі прыносілі асалоду, лічу, трэба запускаць іх правільна і з бяспечнага месца. Інакш сабе радасць, а навакольным?!
Днямі пераглядала адзін з добрых навагодніх фільмаў “Снежны анёл”. І якраз звярнула ўвагу на тое, як пастаўлены сцэны з феерверкамі. Галоўныя гераіні Мая і Васіліса знаходзяцца прама сярод іх, але няма адчування небяспекі. Наадварот, шчыра радуешся разам з імі.
У нас на Новы год можна сваіх феерверкаў нават не закупляць! Толькі паспявай пасля апоўначы перабягаць ад акна да акна, каб палюбавацца на іншыя! І засынаеш гадзін пасля трох яшчэ пад тыя гукі… Вось жа няўрымслівыя нашы людзі! Нястомныя!
…Згледжваю ў знаёмых вялікія скрынкі ў кватэры. «Што гэта?! Шампанскім закупіліся да Новага года?!» – жартую. Так, закупіліся, але не шампанскім. Феерверкамі! Так што свята ў нашага дома будзе абавязкова!
А вам падабаюцца іскрынкі радасці?!