Мы працягваем сачыць за народнымі святамі, прысвяткамі, абрадамі ды традыцыямі беларусаў. А таксама пераймаць усё тое, што падаецца патрэбным, значным, душэўным, міласэрным. Сённяшняя назва свята – Іван Міласцівы – досыць красамоўная. Так, варта паклапаціцца пра тых, каму горш за нас…
Увогуле, у нашых продкаў ставала святаў, падчас якіх ушаноўваўся Іван. Узгадаем, напрыклад, Івана Калінніка, якога сустракалі 11 жніўня. Альбо Івана Багаслова, якога ўзгадвалі нядаўна – 9 кастрычніка…
А наш сённяшні Іван не толькі Міласцівы, але і Снежны. Ну, быў такім калісьці… Цяпер жа ўсё больш хочацца яго перайменаваць у Івана Дажджлівага… 🙂 Эх!
Хаця па народных прыкметах, аказваецца, без розніцы, з чым прыйдзе да нас гэты Іван – са снегам ці з дажджом. Бо і ў тым, і ў другім выпадку варта чакаць адлігі да Грамніцаў. Але ж у нас пакуль нават замаразкаў, не тое што маразоў, няма, каб чакаць адлігі. Мы, наадварот, маразоў чакаем. Усё лепей за дажджы ды слату…
А калі ўсё ж хтосьці дачакаецца на Івана Снежнага снегу… Ну раптам дзе-небудзь на поўначы Беларусі. Дык, значыцца, і зіма там будзе добрай. І ўвогуле, па надвор’і на гэтага Івана меркавалі пра ўвесь снежань!
А яшчэ назіралі за тым, як прагаралі дровы ў печцы. Калі попел з’яўляецца хутка, значыць, быць надвор’ю цёплым. Хм… А мне заўсёды здавалася, што хуткасць прагарання залежыць ад ступені сухасці ды парод дрэў, з якіх дровы… 🙂
Разумею, што ўсе з нецярплівасцю чакаюць тлумачэнняў, пры чым тут падарункі ды арэшкі для мужа. 🙂 Усё будзе! Аб усім – па парадку.
Кажуць, што той звычай напачатку быў распаўсюджаны на Палессі, а тады і некаторыя іншыя мясцовасці яго перанялі. Калі ж Іван Міласцівы, значыць, трэба было яму ўлагодзіць. А для гэтага 25 лістапада альбо дзяліліся чым-небудзь, альбо дарылі падарункі. Вось так! 🙂
Ну, а цяпер пра мужоў, якія любяць бурчаць… З нагоды і без… Нашыя продкі меркавалі, што калі на Івана Міласцівага накарміць такіх арэшкамі, дык яны не будуць буркатаць, а зробяцца пяшчотнымі. Як хто праверыць, дзяліцеся назіраннямі! 🙂 Ці спрацавала?!
А калі ўжо загаварылі пра арэхі… Дык давайце прыгадаем і пра іх карысць для арганізма. Можа, тады хтосьці ў мужа яго пачастунак… адпалавініць! 🙂
У вас якія самыя любімыя?! У мяне з дзяцінства – фундук. І шакалад разам з ім – таксама. А што мы пра фундук ведаем? Што гэта – неблагая крыніца фоліевай кіслаты, вітамінаў групы С, В, Е, розных мінералаў. Лічыцца, што фундук рэгулюе ўзровень халестэрыну, падтрымлівае здароўе вачэй і нервовай сістэмы, мае антыаксідантныя ўласцівасці. Так-так, і фундук таксама аказвае станоўчы ўплыў на наш імунітэт!
На другім месцы ў мяне – арэхі грэцкія. Амега-3, 6 і 9 тлустыя кіслоты трэба?! Гэта ў іх. Паляпшаюць метабалізм, умацоўваюць імунітэт (мы ж на гэтым апошнім часам так засяродзіліся, праўда?!), сценкі сасудаў, абясшкоджваюць таксіны… І шмат-шмат чаго яшчэ. Захочаце даведацца пабольш – накірунак зададзены!
Бразільскія арэхі спадабаліся таксама, хаця ела я іх усяго некалькі разоў. У іх утрымліваюцца мінералы, вугляводы, клятчатка і нават якісьці карысны тлушч! Дарэчы, што-што, а тлушч у іх сапраўды адчуваецца. Вельмі такія наядныя арэхі, шмат не з’ясі. Ды, як вядома, што задужа… І гэта да ўсіх відаў арэхаў адносіцца! Каб не зашмат спажывалі… Таксама бразільскія арэхі асабліва багатыя на селен, які здольны знішчаць вольныя радыкалы ў крыві.
Увогуле, бразільскія арэхі лічацца «мужчынскімі», бо павышаюць узровень тэстастэрону. Затое ў жанчын пры яго спажыванні паляпшаецца стан скуры.
Міндаль, па шчырасці, у свежым выглядзе і не ела. Хаця хтосьці лічыць менавіта яго самым карысным арэхам з усіх. Калі з’есці 30 грамаў такіх арэшкаў, дык атрымаем 36% ад сутачнай нормы вітаміну Е. А перад ужываннем міндаль раяць замачыць у вадзе прыкладна на 2 гадзіны, каб страўніку не так цяжка было яго ператраўліваць.
… Як вядома, відаў арэхаў яшчэ шмат. І кожны набывае ды спажывае тыя, якія найбольш даспадобы (і па кошце падыходзяць). А вось чым сёння жонкі пачастуюць мужоў… Выбірайце! 🙂