Site icon Слушна

Каб белая не ззелянела, а зялёная не зжаўцела…

Брокалі і квяцістая капуста. Крыніцы вітамінаў, смаката

«Што гэта – загадка?!» – пацікавіцеся вы. Ну, так. Загадка для дачнікаў-агароднікаў найперш. Якую ж расліну трэба паспець ухапіць да таго, як яна зменіць колер? А капусту! Толькі не белакачанную, якой даўно ўжо нікога не здзівіш, а квяцістую ды брокалі.

квяцістая капуста

Хаця квяцістая і атрымала такі назоў, насамрэч яна павінна быць белай. Адценне дапускаецца, толькі не зялёнае.

А брокалі, наадварот, павінна быць зялёнай. Бо калі расцвіце жоўтымі кветачкамі (а такое ў нас здаралася па першасці) – усё, у ежу яе выкарыстоўваць ужо нельга.

Але ёсць і зусім экзатычныя колеры ў адной і другой капусты. Напрыклад, фіялетавы! Але гэта ўжо экзотыка, а мы пра класіку.

На ўчастках капуста ўжо адышла, вядома ж. Хіба толькі якая самая стойкая ды запозненая раптам здзівіць. А чаму я прыгадала пра гэтыя віды капусты ў верасні?! Ды таму, што смачныя стравы з яе, назапашанай на зіму, ужо на стале бываюць. Хаця і восень.

А вы любіце гэтыя віды капусты?

Мо, хтосьці таксама вырошчвае ды нарыхтоўвае на зіму, закладваючы ў лядоўні? А ведаеце, якія яны карысныя?! Як прынята казаць у нашай сям’і – вітаміны ажно пішчаць! 🙂

І яшчэ самае цікавае, што квяцістая і брокалі бы спаборнічаюць адна з адной: якая найбольш карысная?! Але мы не будзем падтрымліваць гэтую спрэчку. Проста нагадаем пра перавагі кожнай.

Як сцвярджаюць спецыялісты, квяцістая капуста па ўтрыманні папулярнага і патрэбнага ўсім вітаміну С пераўзыходзіць нават экзатычны апельсін! Прычым дзённая норма С утрымліваецца ўсяго ў 100 грамах гэтага віду капусты. А яшчэ ў ёй вельмі шмат бялку. Таму яе раяць есці нават дзецям.

А што датычыцца карыснага і нават лекавага ўздзеяння на арганізм, дык квяцістая капуста паляпшае абмен рэчываў, нармалізуе страваванне, станоўча ўплывае на сардэчна-сасудзістую сістэму, дапамагае пры праблемах з печанню і касцямі.

А брокалі забяспечвае яе аматараў сутачнай нормай вітаміну В. А яшчэ ў ёй шмат аскарбінавай кіслаты, вітаміну А і К. Дзецям таксама раяць спажываць брокалі – пры правільным прыгатаванні, вядома ж. Яшчэ яе можна есці пры язвавай хваробе страўніка. Кажуць, што брокалі дапамагае і ў прафілактыцы анкалагічных захворванняў.

І што з таго, што на ўчастках яе ўжо практычна не ўбачыш ў дваццатых чыслах верасня?! Затое можна знайсці на рынках ды ў крамах і таксама назапасіць на зіму, паклаўшы ў лядоўню.

Наша сям’я ўжо не першы год карыстаецца вось гэтым правераным рэцэптам падрыхтоўкі брокалі і квяцістай капусты (розніцы няма) да замарожвання.

  • Капусту разабраць на асобныя суквецці. Выдаліць дробныя лісточкі.
  • Добра прамыць суквецці пад праточнай вадой.
  • Замачыць на 30-60 хвілін у салёным растворы (на 1 літр вады – 4 ч.л. солі).
  • Добра спаласнуць.
  • Бланшыраваць (апусціць у кіпень на 1-2 хвіліны).
  • Вельмі хутка ахалодзіць, падставіўшы пад струмень халоднай вады.
  • Раскласці суквецці на чыстым кухонным ручніку, даць сцячы вадзе.
  • Сухія суквецці скласці ў пакеты для замарожвання, выціснуць паветра і пакласці ў аддзяленне лядоўні для хуткага замарожвання.

Што датычыцца рэцэптаў, дык іх у сеціве мора! А мы асабліва любім не адну капусту, а разам з іншай гароднінай. Усё разам запякаецца ў духоўцы... М-м-м-м, смаката! Прычым сцвярджаецца, што пры цеплавой апрацоўцы карысныя рэчывы губляюцца нязначна.

Рэцэптам правераным падзяліцца?! 🙂

Страва называецца – «Запяканка з квяцістай капусты з гароднінай»

Не з сеціва – з кнігі, калісьці падоранай мне сяброўкай на дзень народзінаў. А рэцэпт асвоіла мама. 🙂

Інгрэдыенты:

  • квяцістая капуста – 300 грамаў;
  • морква – 2-3 штукі;
  • зялёная струковая фасоля – 100 грамаў;
  • зялёны гарошак – 3 ст.л.;
  • яйкі – 2 шт.;
  • малако – 1/2 шклянкі;
  • масла сметанковае – 2 ст.л.;
  • паніровачныя сухары – ¾ шклянкі;
  • соль – па смаку.

Калі чагосьці не хапае з гародніны, не страшна. Проста больш дадаём іншай, мяняючы прапорцыі.

Прыгатаванне:

Падрыхтаваную гародніну (квяцістую капусту, моркву, фасолю, зялёны гарошак) адварыць у падсоленай вадзе амаль да гатоўнасці, адкінуць на друшляк, даць сцячы вадзе. Перакласці ў форму, змазаную сметанковым маслам і пасыпаную сухарамі.

Яйкі ўзбіць, змяшаць з малаком, заліць гэтай сумессю гародніну. Зверху пакласці тонкія пласцінкі сметанковага масла, пасыпаць сухарамі.

Запякаць у духоўцы на сярэдняй тэмпературы да ўтварэння румянай скарынкі.

Смачна есці!

А вы яшчэ не вырошчваеце на сваіх участках квяцістую капусту ды брокалі?! Не нарыхтоўваеце яе, набытую, на зіму?! Тады мы ідзём да вас! 🙂

Exit mobile version