Пакаёвыя (хатнія) кветкі можна выбіраць па розных крытэрыях. Як, уласна кажучы, мы пераважна і робім, праўда?! Хтосьці любіць расліны, якія амаль пастаянна цвітуць, камусьці больш даспадобы вялікая зялёная маса. А можна спалучыць і тое, і другое ды яшчэ і трэцяе з чацвёртым дадаць – лекавыя ўласцівасці і здольнасць ачышчаць паветра.
Мы ўжо высветлілі, што цыкламен можа пазбаўляць ад дрэнных сноў. І для гэтага не трэба спажываць яго ядавітыя клубні… Што альяс, залаты вус ды індыйская цыбуля здольныя павышаць імунітэт… А заміякулькас не толькі «прыманіць» у дом даляры (у чымсьці – жарт, а ў чымсьці…), але і можа паменшыць боль у хворага чалавека.
Працягваем высвятляць, што ж яшчэ не толькі прыгожага, але і карыснага вырошчваем дома. Ну, ці якія расліны трэба завесці.
Пакаёвыя (хатнія) кветкі
Спацыфілум (у народзе – «жаноцкае шчасце»)
Калісьці мне яго падаравалі калегі па працы па маёй замове. Бо мне спадабаліся як адмысловыя лісцікі, так і белыя кветачкі ў выглядзе ветразя. Расліна аказалася такой вялікай, што я яе падзяліла і рассадзіла ў пяць вазонаў.
Спацыфілум можна трымаць у любым пакоі, апрача кухні. Бо ён не любіць перападаў тэмпературы. Па сведчаннях спецыялістаў, не толькі выдатна ачышчае паветра, але і змагаецца з наступствамі плесні, фармальдэгідаў ды іншых таксічных рэчываў. А ўлічваючы, што ў сучасныя будаўнічыя матэрыялы ды мэблю чаго толькі ні дадаюць… Трэба нам спацыфілум, трэба!
Галоўнае – не забывацца праціраць яго лісточкі, бо пыл на іх асядае актыўна. Памятаю, калісьці адна знаёмая ў мяне спыталася: а чым я праціраю спацыфілум? Здзіўлена паглядзеўшы, адказала, што анучкай, змочанай у вадзе. А яна працірае… півам, каб лісточкі набылі бляск!
Фікус Бэнджаміна
Гэтая расліна таксама забірае многія таксічныя рэчывы, тым самым ачышчаючы паветра і ад пылу. Згадваюць нават пра яго антыбактэрыяльныя ўласцівасці!
А вось сок гэтага фікуса ядавіты. Таму пасля таго, як здымеце з галінак нават пару-тройку засохшых лісточкаў, лепей адразу ж вымыць рукі з мылам! А радаваць фікус Бэнджаміна, апрача падкормак, варта частым апырскваннем кроны ў гарачае надвор’е.
Драцэна
Драцэну калісьці падаравала маёй любімай мамачцы яе ўзячная вучаніца. А кветкі ў нашай кватэры традыцыйна вырошчваю я. З маленькай 20-сантыметровай раслінкі маміна драцэна вымахала пад столь!
Што любіць гэтая расліна? Калі яе лісточкі праціраюць вільготнай анучкай. Да апырсквання таксама ставіцца спрыяльна. У адказ будзе ачышчаць паветра, у тым ліку і ад выхлапных газаў, калі яны трапляюць у пакой праз адчыненае акно.
Гербера
Апрача прыгожых кветак, гербера (якую мне чамусьці ўвесь час хочацца назваць рудбекіяй, чыіх кустоў раней поўна было на нашым дачным участку), аказваецца, таксама здольная ачышчаць паветра ад шкодных хімічных рэчываў і злучэнняў! Вось у ёй напоўніцу паядналіся прыгожы знешні выгляд і безумоўная карысць.
Бягонія
Бягонія не толькі ўбірае пыл, але яшчэ забівае мікробы і грыбкі! А гэтай напасці таксама хапае ў нашых кватэрах, асабліва старых, вуглавых, на першым паверсе, над ледзяным падвалам…
Ну, і яшчэ адзін бонус – бягонія прыгашвае электрамагнітнае выпраменьванне прыбораў.
І гэта, зноў-такі, толькі невялікі пералік карысных пакаёвых раслінаў. Так што наступным разам мы зноў выправімся ў захапляльны экскурс. А вы прыгледзелі сабе ўжо якую-небудзь раслінку?! Альбо пазналі сваю?
https://bel.24health.by/rasliny-lekary-vyroshchvaem-lechymsya/