«Чым адрозніваецца флірт ад сэксуальнага дамагання? – Калі ты прывабны, дык гэта флірт. Калі не вельмі, дык дамаганне».
У гэтым жарце, які гуляе па сетцы, – адлюстраванне супярэчнасцяў у адносінах паміж мужчынам і жанчынай у сучасным грамадстве. Сацыёлагі і псіхолагі адзначаюць, што барацьба прадстаўніц прыгожага полу за свае правы даўно ўжо тычыцца не толькі пытанняў роўнай аплаты працы або магчымасці займаць высокія пасады. Гаворка ідзе пра змяненне механізмаў рэпрадуктыўных паводзінаў. А гэта і флірт, і заляцанні, і сэкс, і нараджэнне дзяцей, і размеркаванне абавязкаў у шлюбе. Як на такія змены рэагуюць мужчыны?
Напружанне расце
«Мне ўсё жыццё казалі, што я павінна быць шчаслівая, што выціраю немаўляці, які плача, попу замест таго, каб піць каву ў цішыні, слухаць музыку і займацца медытацыяй. Дык вось, гэта не мая мара! Гэта навязана мужчынамі!», «Я павінна прыкідвацца слабой і дурной толькі для таго, каб нейкая няўпэўненая ў сабе асобіна магла адчуць сябе мужчынам?», «Не збіраюся пакутаваць на высокіх абцасах, марнаваць плойму грошай на касметыку, каб быць усяго толькі сэксуальным аб'ектам для тых, каму лянота схадзіць лішні раз у душ».
Такія паведамленні мільгаюць у абмеркаваннях жанчын, якія адносяць сябе да феміністак. У процівагу ім мужчыны пішуць, што такімі глупствамі займаюцца толькі страшныя цёткі, якія не хочуць даглядаць сябе і якія нікому не патрэбныя.
У Пецярбургу актывісткі адкрылі кавярню толькі для жанчын, матывуючы гэта тым, што ім трэба мець прастору, вольную ад мужчынскіх замахаў як на цела, так і на розум.
У многіх мужчын нават згадкі пра фемінізм выклікаюць агрэсію. Мабыць, не ў кожнай тэме можна сустрэць так шмат адкрытай агрэсіі з абодвух бакоў. То мужчыны штурмам спрабуюць патрапіць у жаночую прастору з кветкамі, а жанчыны прыраўноўваюць гэта да абразы. То жанчыны заварочваюць у пялёнкі кавалкі мяса і праводзяць акцыю ля ваенкамата «Нараджай мяса»...
І ўсё гэта на фоне шквалу абясцэньвання, нецэнзурнай лаянкі, пагрозаў у сацыяльных сетках. Чаму?
Разбірацца ў праблеме дапамагаюць пастаянныя эксперты рубрыкі «Пра што маўчаць мужчыны»:
- Максім Пылёў, практыкуючы псіхолаг, гештальт-кансультант, групавы псіхатэрапеўт, праграмны кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Фенікс»;
- Аляксандр Тыманюк, магістр псіхалагічных навук, гештальт-тэрапеўт, супервізар Маскоўскага Гештальт Інстытута, старшыня праўлення заснавальнікаў АГА «Цвярозая Сіла» г.Брэста.
Ці разбурае фемінізм адносіны?
Еўрапейскія мужчыны прызнаюцца, што цяпер лішні раз не скажуць жанчыне камплімент, паколькі асцерагаюцца абвінавачванняў у дамаганнях. А ўжо пра сэкс і казаць няма чаго. Да прыкладу, у Швецыі адсутнасць канкрэтнай згоды на яго прыраўноўваецца да згвалтавання. А гэта можа каштаваць як добрай пасады і страты дзелавой рэпутацыі, так і рэальнага тэрміну.
У сувязі з гэтым зусім не дзіўна, што мужчыны пачалі масава адмаўляцца ад заляцанняў, сэксу і спробаў пабудаваць шлюб. Балазе, рынкі сэкс-цацак і фільмаў для дарослых квітнеюць. Тэндэнцыя набывае сусветныя маштабы.
Даследаванні сацыёлагаў сведчаць, што, напрыклад, у ЗША і Японіі ўзрастае колькасць маладых мужчын ад 22 да 35 гадоў, якія не вядуць палавое жыццё і не хочуць уступаць у шлюб. У Японіі – рэкордная колькасць нежанатых мужчын (61,4%) і незамужніх жанчын (49,5%) ні з кім не сустракаецца. Прыкладна 25% японцаў ніколі не займаліся сэксам.
Складана сказаць, ці ўплыў гэта фемінізму. Факт у тым, што сучасныя рэпрадуктыўныя паводзіны ў развітых краінах прыводзяць да зніжэння нараджальнасці.
Жанчыны ставяць пытанне пра поўны перагляд поларолевых адносінаў. Усё часцей яны адмаўляюцца быць сэксуальнымі аб'ектамі. І заклікаюць глядзець ім у вочы, а не ў зону дэкальтэ. Як гэта для мужчын?
Калі старыя мадэлі поларолевых адносінаў не працуюць, магчыма, цяпер – самы час ствараць новыя. Нягледзячы на тое, што ў кожнай плыні ёсць свае радыкалы, у большасці сваёй феміністкі не змагаюцца з мужчынамі. Яны хочуць быць пачутымі. І нават адстойваюць мужчынскае права не жыць у адпаведнасці з ідэалогіяй патрыярхата.
Па сутнасці – права і магчымасць жыць па сэрцы для кожнага. З роўнай павагай. І гэта прыгожы пасыл да дыялогу. Ці здольныя мы не ваяваць, а супрацоўнічаць? Як сказаў Карл Вітакер, спачатку ты вучышся любіць сябе, потым – падобнага да цябе чалавека, і толькі пасля з'яўляецца смеласць кахаць непадобнага...
Відэа – Генадзь Сукач, Святлана Стахоўская