Site icon Слушна

Як пазбегнуць галалёдных траўмаў і адмарожванняў. Парады спецыялістаў

З надыходам першых маразоў дадалося працы ва ўрачоў. Толькі за суткі да медыкаў звярнуліся па дапамогу дзясяткі пацярпелых ад галалёдных траўмаў.

Аб мерах бяспекі ў марознае надвор'е і пры галалёдзіцы ў Нацыянальным прэс-цэнтры нагадалі:

  • намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Леанід Ломаць;
  • галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, к.м.н. Аляксей Часнойць.

Паслізнуўся, упаў, апрытомнеў – гіпс

Як адзначыў Леанід Ломаць, у першыя марозныя дні ў прыёмным пакоі РНПЦ значна павялічылася колькасць пацыентаў з пераломамі і ўдарамі.

 
Леанід Ломаць
Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Часцей за ўсё да нас паступаюць з траўмамі канечнасцяў. Гэта пераломы галёнкаступнёвага сустава, шчыкалатак. Пераломы прамянёвай косці, якія здараюцца даволі часта, адбываюцца ў асноўным пры падзенні наперад на рукі. Небяспечныя падзенні на спіну, якія заканчваюцца альбо пераломам пазваночніка, альбо страсеннем мозгу, альбо чэрапна-мазгавой траўмай. Дарэчы, сярод усіх пацярпелых прыкладна чвэрць паступіла да нас з траўмамі пазваночніка.

Каб пазбегнуць траўмаў, спецыяліст параіў:

  • высокія абцасы лепш пакінуць на вясну, перавагу аддаваць больш устойліваму абутку;
  • абутак варта выбіраць са зручнай падэшвай, якая не слізгае;

  • адзенне павінна быць зручным і не абмяжоўваць рухі;
  • калі на вуліцы слізка, не варта спяшацца, а найбольш небяспечныя месцы лепш абысці;
  • пры падзенні, хаця зрабіць гэта хутка бывае і даволі складана, трэба прысесці, тым самым знізіўшы вышыню падзення, згрупавацца.
 
Леанід Ломаць
Намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы РНПЦ траўматалогіі і артапедыі
Калі чалавек расслаблены і падае, звычайна ўся сіла ўдару прыпадае на косткі, якія ламаюцца. У такіх сітуацыях трэба старацца прысесці, рукі прыціснуць, не расстаўляць. Падаць лепш на бок. Пры падзенни, напрыклад, на спіну, ды яшчэ і з задранай галавой, можа атрымаць чэрапна-мазгавую траўму. Пры падзенні на прыступках нялішнім будзе закрыць твар рукамі.

Дарэчы, ходкае меркаванне, што чалавек у стане алкагольнага ап'янення расслаблены і таму менш атрымлівае траўмаў, абсалютна няправільнае, падкрэсліў спецыяліст. Па статыстыцы, вялікая частка галалёдных траўмаў адбылася менавіта ў выніку злоўжывання алкаголем. 

Калі ўпаў…

Трэба выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Асабліва калі боль моцны і вы не можаце рухацца. Не трэба спрабаваць управіць самастойна, напрыклад, плячо. Гэтым вы можаце нашкодзіць і пагоршыць сітуацыю. Пацярпелую канечнасць пажадана імабілізаваць (абезрухоміць), каб у выпадку пералому не было зрушэння.

Пры ўдарах, параіў Леанід Ломаць, адразу можна прыкласці холад. Калі ацёк і кровазліццё доўга не праходзяць, а пацярпелая канечнасць моцна турбуе, лепей звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, а не займацца самалячэннем.

Не замерзнуць

Часцей за ўсё выпадкі адмаражэння адбываюцца ў студзені і лютым. Але і ў снежні, і нават у цёплае надвор'е чалавек можа атрымаць падобную траўму. Умовы, якія спрыяюць:

  • мокры абутак або адзенне,
  • моцны вецер,
  • доўгае знаходжанне на вуліцы нават пры невялікай плюсавай тэмпературы.

Адмаражэнне – гэты халадовае пашкоджанне тканак, якое адбываецца ў выніку паражэння сасудаў, што сілкуюць жыццёва важныя органы.

 
Аляксей Часнойць
Галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА, к.м.н.
Ужо зараз у наш апёкавы цэнтр, у рэспубліканскія і абласныя аддзяленні паступілі і шпіталізаваны пацыенты з адмаражэннямі: хтосьці ўжо пралечаны, хтосьці да гэтага часу знаходзіцца ў стацыянары. Некаторым трэба будзе выконваць аператыўнае ўмяшанне, бо яны атрымалі глыбокія адмаражэнні. Літаральна тры тыдні таму паступіў чалавек, у якога былі праблемы з сасудамі ніжніх канечнасцяў, што пагаршае цячэнне халадовай траўмы. Яму давялося ампутаваць ніжнюю канечнасць.

Парады камбустыёлага

Апранацца трэба максімальна цёпла, па тыпу «капусты». Адзенне – сухое, цёплае, досыць вольнае. Абавязкова шапкі, шалік, пальчаткі, не цесны абутак.

Шалікам можна закрыць твар. Дыхаць варта праз нос, каб цёплае паветра праходзіла праз насавыя хады, тым самым грэючы яго. Пры ўдыханні ротам халоднага паветра высокая верагоднасць прастуды, ажно да пнеўманіі.

Існуе меркаванне, што розныя мазі і крэмы дапамагаюць ад адмарожванняў. На самай справе ўсё з дакладнасцю наадварот. Касметычныя сродкі могуць толькі пагоршыць верагоднасць таго, што чалавек на парывістым ветры пры моцным марозе атрымае адмаражэнне.

Алкаголь не ратуе ад халадовых траўмаў. У большасці выпадкаў менавіта ўжыванне спіртных напояў на марозе становіцца прычынай адмарожванняў.

 
Аляксей Часнойць
Галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА, к.м.н.
Людзі думаюць, што ім цёпла і добра, выходзяць на вуліцу. І на працягу 15-20 хвілін уяўнае цяпло праходзіць і надыходзіць рэзкае астуджэнне арганізма.

Яшчэ адным негатыўным фактарам з'яўляецца курэнне. Яно ўзмацняе працэс адмірання клетак на паверхні скуры з-за спазму сасудаў, які адбываецца пры выкурванні нават адной цыгарэты.

Першая дапамога пры адмаражэнні

Ні ў якім разе нельга расцірацца снегам, гарэлкай ці спіртам. Усе гэтыя маніпуляцыі толькі пагаршаюць цячэнне адмаражэння, прыводзяць да пашкоджання скуры і хутчэйшага астывання скурных пакроваў.

Калі вы доўгі час знаходзіліся на халоднай вуліцы, а па вяртанні дадому адчуваеце, што баліць і паколвае скура, не варта спрабаваць сагрэцца ў гарачай ванне.

 
Аляксей Часнойць
Галоўны пазаштатны камбустыёлаг Міністэрства аховы здароўя, дацэнт кафедры пластычнай хірургіі і камбустыялогіі БелМАПА, к.м.н.
Калі ў вас адбылося глыбокае пашкоджанне, падобныя дзеянні прывядуць да больш сумных наступстваў. Сагравацца трэба знутры. Простае правіла: выпіць гарачы чай і паесці. Ежа выпрацоўвае цяпло ўнутры арганізма, і тым самым мы саграваемся. Калі гэта вонкавае цяпло, яно павінна быць сухім, напрыклад, цёплая коўдра.

Калі вы адмарозілі рукі, можна іх сагрэць у падпахавых упадзінах ці ў пахвіннай вобласці, дадаў эксперт.

Адубелі ногі? Не варта здымаць абутак на вуліцы і расціраць ступні. Лепш папярэдне зайсці ў цёплае памяшканне. Цалкам магчыма, што траўма мацней, чым уяўляецца, ногі літаральна за лічаныя хвіліны ацякуць і пасля не ўлезуць у абутак.

У выпадку, калі вы доўгі час знаходзіцеся на вуліцы і не адны, пажадана паглядаць адзін на аднаго. Заўважылі, што скура на шчоках, носе ці вушах збялела, паведаміце пра гэта свайму таварышу або блізкаму. Чалавек не заўсёды адчувае боль або тое, што ён што-небудзь адмарозіў.

Убачылі, што чалавек ляжыць на вуліцы, – не праходзьце міма. Выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу ці паспрабуйце адвесці яго ў цёплае памяшканне. Не заўсёды прычынай таго, што чалавек ляжыць, з'яўляецца алкагольнае ап'яненне, магчыма, ён страціў прытомнасць.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version