Маларухомы чалавек шмат часу праводзіць у ложку. Што рабіць, каб у яго не з'явіліся балючыя і небяспечныя пролежні?
Рэкамендацыі ад спецыяліста аддзела медыка-сацыяльнай работы Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Людмілы Бузель.
Дзе ўзнікаюць пролежні?
Хутчэй за ўсё пролежні ў ляжачых хворых утвараюцца на спіне, патыліцы, абласцях за вушамі, локцях, лапатках, у галіне ягадзіц, сцёгнах, каленях, шчыкалатках і пятках. У людзей, якія вымушаны працяглы час нерухома ляжаць на жываце, – у зонах каленяў, пярэдняй паверхні грудзей, грабянёў падуздышных костак. Пры працяглым знаходжанні на баку ў першую чаргу пакутуе вобласць бакавой паверхні нагі, пляча і падуздышнай косткі.
Як распазнаць
Першыя прыкметы пролежняў:
- пачырваненне скуры ў абласцях рызыкі, якое не знікае, нават калі чалавек ужо не ляжыць на гэтых месцах;
- счырванелая вобласць больш балючая, ушчыльненая, цёплая або, наадварот, халодная.
Стадыі пролежняў
Як прадухіліць?
- Паклапаціцеся, каб у вас быў вольны доступ да ложка цяжкахворага (пажадана з абодвух бакоў), каб ён стаяў у добра асветленым месцы (для адсочвання стану скуры). У ідэале ложак павінен быць з рэгуляванай вышынёй і супрацьпролежневым матрацам.
- Калі змяняеце споднюю бялізну, падгузнікі, мыеце ляжачага, аглядайце яго скуру ў абласцях рызыкі.
- Сачыце за тым, каб скура была чыстай.
- Калі чалавек скардзіцца на боль, пачуццё палення ці ціску ў якой-небудзь галіне, гэта можа быць першым сімптомам пролежняў.
- Не масажуйце счырванелую вобласць! Гэта можа панізіць тэмпературу скуры і прывесці да дэгенерацыі тканіны і ўзнікнення пролежняў.
- Змяняйце становішча цела хворага кожныя 2-4 гадзіны. Калі чалавек сам здольны рухацца, нагадвайце яму рабіць гэта часцей.
- Пры магчымасці чалавек у ложку павінен рабіць гімнастыку для ног і рук для паскарэння кровазвароту.
- Становішча цела трэба мяняць і ноччу. Прыдатныя позы: на баку, на спіне, на жываце і паўбоку. Для фіксацыі ў патрэбным становішчы цела зрабіце падпоркі з падушак, коўдраў.
- Падгалоўе прыпадымайце на 30 градусаў толькі падчас прыёму ежы ці іншых працэдур догляду. Калі яно паднята, на ягадзіцы прыходзіцца большы ціск, што павышае рызыку ўзнікнення пролежняў.
- Укладваючы хворага на бок, пакладзіце ад пахвіннай вобласці да ступні падушку пад злёгку сагнутую верхнюю нагу ляжачага.
Дапаможныя сродкі
Матрац з кампрэсарам (супрацьпролежневая сістэма). Яны бываюць двух відаў: ячэісты – прызначаны для прафілактыкі пролежняў (кошт каля 100 рублёў) і трубчасты – ужываецца для лячэння глыбокіх пролежняў (280-300 рублёў).
Валікі, мяккія падушкі з паралону. Іх можна дадаткова падкладваць пад локці, калені, лапаткі, пяткі.
Мяшэчкі, напоўненыя круглым збожжам (напрыклад, просам, рысам). Можна пашыць і падкладаць пад нерухомыя канечнасці.
Сэнс прымянення разнастайных валікаў і супрацьпролежневых матрацаў у тым, што яны павялічваюць плошчу судакранання цела і паверхні, на якой ляжыць чалавек, а значыць, памяншаецца ціск на кожны ўчастак цела, што паляпшае кровазварот.
У ніжняй частцы ложка можна прымацаваць рэмень, каб, падцягнуўшыся за яго, чалавек мог самастойна прысесці. Ці збудаваць каля галавы надложкавую трапецыю (так званую «гусь»), за якую можна ўхапіцца і прыўзняцца.
Калі ў чалавека не хапае мышачнай актыўнасці, каб утрымацца ў сядзячым становішчы, забяспечце яму ўпор у нагах з валікаў, коўдры.
Пасцельная бялізна
Пажадана выкарыстоўваць пасцельную і споднюю бялізну з натуральных матэрыялаў, якія ўбіраюць вільгаць і прапускаюць паветра. Мяняць яе неабходна кожны дзень.
Не дапускайце зморшчын, няроўнасцяў і дробак у ложку – гэта можа пашкодзіць скуру.
Адмоўцеся ад гумовых і цыратовых падкладак – яны скочваюцца і пераціскаюць скуру, не прапускаюць паветра.
Катэгарычна забаронена:
- падцягваць ляжачага ў адзіночку, калі ён не можа дапамагчы;
- цягнуць і выдзіраць бялізну з-пад хворага, асабліва мокрую;
- падпіхваць пад чалавека судна.
Догляд скуры
Ачышчайце скуру хворага далікатна, выкарыстоўваючы адмысловыя сродкі для догляду скуры.
Пазбягайце моцнадзейных касметычных прэпаратаў.
Не забывайцеся на гігіену інтымных зонаў хворага – ачышчайце іх далікатнымі сродкамі і абараняйце пры кожнай змене падгузніка.
Карыстайцеся мылам не ў кавалках, а мыйным ласьёнам ці пенкай (іх можна набыць у аптэках). Гэтыя сродкі трэба проста нанесці на некалькі хвілін на забруджаны ўчастак цела, затым начыста выцерці вільготнай сурвэткай або ручніком (прыкладны кошт – 5-6 руб. за 250 мл). Апалоскваць не трэба!
Не трыце і не масажуйце вобласць узнікнення пролежняў, яе можна толькі злёгку прамакаць.
У выпадку занадта вільготнай скуры (нетрыманне мачы або кала, залішняя патлівасць) трэба карыстацца крэмамі ад абапрэласцяў, прысыпкамі без тальку.
Калі робіце масаж – не трыце зону ў радыусе не менш за 5 см ад касцявога выступу. Масаж праводзіцца толькі пасля шчодрага нанясення пажыўнага ўвільгатняльнага крэму на скуру.
Што рабіць, калі пролежні ўзніклі?
Можна правесці тэст побач з пашкоджанай вобласцю: націсніце пальцам на здаровую скуру – пасля зняцця пальцаў на скуры ўзнікае больш светлы ўчастак, які праз пэўны час зноў стане такім жа, як астатняя скура.
- Калi парушана кровазабеспячэнне, то такой рэакцыі не ўзнікае.
- Калі ў пашкоджанай вобласці скура ўсё яшчэ здаровая, яе не трэба нічым накрываць.
- Калі скура занадта сухая або калі ёсць небяспека, што скура даткнецца да мачы, скуру дастаткова толькі ўвільгатняць (можна звычайным дзіцячым або любым увільгатняльным крэмам).
- Калі быў выяўлены толькі адзін участак пашкоджання, зрушце чалавека ў такое становішча, пры якім счырванелы ўчастак застаўся б вольным ад ціску.
Выбар сродкаў догляду пролежняў вельмі шырокі, і для правільнага выбару патрэбна дапамога спецыяліста. Трэба ўлічваць стадыі развіцця язвы (памер, глыбіня, наяўнасць адмерлых тканак, прыкметы інфекцыі, колькасць выдзяленняў), яе размяшчэнне і перавагі пацыента.
Калі ў сваякоў няма спецыяльнай падрыхтоўкі па догляду пролежняў, лепш самім гэтым не займацца.
Нельга:
- масажыраваць пачырванелыя месцы;
- апрацоўваць іх алеем і спіртам – каб не траўмаваць вытанчаную, запалёную скуру;
- выкарыстоўваць камфорны спірт і зялёнку – пры пападанні ў рану ўзнікае апёк.
Калі карыстаецеся перакісам вадароду – не ліце яго ў рану або прамакайце пасля карыстання чыстай сурвэткай.