Site icon Слушна

Як не стаць ахвярай кляшча!

Надыход першых цёплых дзянькоў абуджае не толькі пазітыўныя эмоцыі, але і выводзіць са спячкі крывасмактальных насякомых – кляшчоў!

На прэс-канферэнцыі, прысвечанай «Прафілактыцы клешчавога энцэфаліту ў вяснова-летні перыяд», журналіст партала 24health.by высветліла ў загадчыка аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пашковіча, якія прыняць меры, каб не стаць ахвярай кляшча.

Як зберагчы сябе ад укусу кляшча?

Актыўнасць і колькасць кляшчоў цалкам залежыць ад умоў надвор'я.

Калі за акном + 5°С і вышэй, то пры выхадзе на вуліцу і выездах на прыроду будзьце гатовыя да таго, што вы можаце стаць ахвярай кляшча альбо інфекцыйнага захворвання, якое ён пераносіць.

 
Уладзімір Пашковіч
Загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Звычайны жыхар лесу іксодавы клешч (маленечкая істота не большая за 2-3 мм у даўжыню, з плоскім целам, мармуровым або чорным шчытком, што пакрывае палову цела ў саміцы і амаль усё цела ў самца) можа быць пераносчыкам дзевяці ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў, з іх на тэрыторыі рэспублікі штогод рэгіструюцца два: клешчавы энцэфаліт і Хвароба Лайма або Лайм барэліёз. Заражэнне гэтымі інфекцыйнымі захворваннямі адбываецца не толькі пры прысмоктванні кляшча да ахвяры, але і пры самастойным зняцці такой казуркі без пальчатак. Кроў, інфіцыраваная барэліямі, са страўніка казуркі можа трапіць у навакольнае асяроддзе і, у першую чаргу, на вас.

Пераносчыкамі Барэліі ў дзікай прыродзе з'яўляюцца многія жывёлы (алені, лісы, ваўкі, буйная рагатая жывёла, сабакі і нават птушкі, часцей за ўсё вераб'і), але заразіцца ад іх не так проста, таму што споры бактэрый размешчаны глыбока ў тканках. Калі мяса добра тэрмічна апрацавана, то інфіцыраванне не наступіць. Іксодавыя кляшчы кусаюць заражаную жывёлу і ад яго заражаюцца самі.

Чалавек ці любая іншая цеплакроўная жывёла самога ўкусу кляшча не адчувае! Справа ў тым, што пры ўкусе паразіт упырсквае абязбольвальную вадкасць, эфект якой доўжыцца на працягу 5-15 гадзін.

укусіў кляшч

З улікам таго, што ў апошнія гады ў рэспубліцы адбываюцца інтэнсіўныя працэсы ўрбанізацыі і гарады паступова паглынаюць прыродныя ландшафты масавым жылым будаўніцтвам, іксодавыя кляшчы часцей сталі сустракацца на тэрыторыі буйных гарадоў, на дачных участках.

 
Уладзімір Пашковіч
Загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
У рэспубліцы за мінулы год зарэгістравана каля 47 000 выпадкаў звароту з нагоды ўкусаў кляшчоў, з іх 11 000 - у Мінску. Таксама зафіксаваныя выпадкі ўкусу ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Найменшая колькасць – у Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Да заражэння клешчавым энцэфалітам і клешчавым барэліёзам успрымальныя ўсе людзі, незалежна ад узросту і полу. Вядома, найбольшая рызыка ў асоб, дзейнасць якіх звязана са знаходжаннем у лесе.

Каб не трапіць у чэпкія лапкі кляшча, памятайце яго ўпадабаныя месцы пасялення:

  • змешаныя лясы;
  • прасекі;
  • старыя вырубкі;
  • высокая трава, але не больш за 1-1,5 м;
  • хмызняк;
  • лясныя сцяжынкі;
  • ссохлая трава;
  • апалае лісце.

Як не стаць ахвярай кляшча і засцерагчы сябе і блізкіх ад яго укусаў?

  • Едучы на дачу, у лес, у паход вазьміце з сабой рэпеленты (наносіць іх варта на адкрытыя ўчасткі цела і вопратку ў адкрытым памяшканні, альбо ў тым, якое добра праветрываецца, з адлегласці 20-30 см), ёд, катушку баваўняных нітак або пінцэт (для выдалення кляшча), шкляную або пластмасавую бутэлечку са шчыльным вечкам, ці коркай, вату або ватовыя палачкі.
  • Выходзячы ў лес, парк або на любую іншую тэрыторыю з высокай травой і хмызняком максімальна закрывайце адкрытыя ўчасткі цела (можна апрануць кашулю з доўгімі рукавамі і шчыльнымі манжэтамі, штаны павінны быць запраўленыя ў шкарпэткі). У якасці абутку лепш выкарыстоўваць гумовыя боты, галаву прыкрыць хусцінкай, кепкай ці капюшонам.
  • Апрацоўку адзення неабходна праводзіць рэпелентнымі або акарыцыднымі сродкамі.
  • У час знаходжання ў лесе абавязкова трэба рабіць сама- і ўзаемаагляды. Павярхоўныя агляды праводзяцца праз кожную гадзіну-дзве. Пры аглядзе варта ўважліва глядзець на валасістую частку цела, вушы, галаву, шыю, грудзі, падпахавую і пахвінную вобласці.

Пасля вяртання з лесу варта правесці поўны агляд цела і адзення. Старанна аглядаць варта не толькі адзенне, але і прадметы, якія вы прынеслі з лесу, а таксама хатніх жывёл, якіх вы бралі з сабой.

Крыніцай інфекцыі могуць быць хатнія жывёлы (козы, каровы, авечкі). Таму, калі вы ўжываеце ў ежу хатняе казінае ці каровіна малако, то абавязкова пракіпяціце яго. Дастаткова будзе 2-3 хвілін.

Рэкамендацыя: у лес хадзіць лепш у светлай вопратцы! Так вы зможаце хутчэй заўважыць кляшча.

Калі вы сабраліся на пікнік ля лесу або вадаёма, то можна з дапамогай белай прасціны ці іншай вельмі светлай тканіны даследаваць гэта месца. Папярэдне засцяліце яе на месца адпачынку і ўжо літаральна праз некалькі хвілін вы ўбачыце розных насельнікаў гэтага кавалачка прыроды. Калі сярод іх няма кляшчоў, то вы спакойна можаце абраць гэтае месца для вашага рэлаксу.

Вялікае значэнне для прафілактыкі заражэння клешчавым энцэфалітам і хваробы Лайма мае правільнае выдаленне кляшча. Для гэтых мэтаў лепш выкарыстоўваць наступныя бяспечныя спосабы:

  • з дапамогай пінцэта можна асцярожна выцягнуць кляшча за брушка, злёгку разгойдваючы;
  • з дапамогай пятлі з ніткі, накінутай на цела кляшча як мага бліжэй да хабатка, выкруціць яго па гадзіннікавай стрэлцы.

Месца ўкусу пасля выдалення кляшча варта апрацаваць 3% перакісам вадароду, ёдам ці любым спіртазмяшчальным растворам.

Калі ўсё ж не ўдалося пазбегнуць сустрэчы з кляшчом, то важна ведаць першыя сімптомы заражэння клешчавым энцэфалітам і Лайм барэліёзам:

  • з'яўляецца вялікая чырвоная пляма на месцы ўкусу дыяметрам 10-20 см, баліць пры дакрананні, можа выступаць над паверхняй скуры, свярбець;
  • тэмпература цела падымаецца да 38оС;
  • галаўны боль;
  • ламота ў цягліцах, магчыма адчуванне скаванасці цягліц шыі;
  • млоснасць і ваніты.

Аднак чакаць праявы гэтых сімптомаў не варта! Пасля ўкусу кляшча як мага хутчэй звярніцеся да ўчастковага тэрапеўта (педыятра), які прызначыць прафілактычнае лячэнне.

Стаць ахвярай кляшча лёгка, а вось прытрымлівацца рэкамендацый ці не, каб пазбегнуць падобнай непрыемнай сустрэчы, залежыць толькі ад вас!

Exit mobile version