Site icon Слушна

Як дапамагчы перасоўвацца маларухомаму чалавеку. Відэаінструкцыя

Калі чалавек пасля цяжкай хваробы вяртаецца са стацыянара дадому, родныя часта не ведаюць, з чаго пачынаць догляд. Як перамяшчаць яго ў ложку? Як дапамагчы спусціцца з ложка і перасесці на крэсла або ў інвалідную каляску? Што змяніць у абстаноўцы, каб палегчыць догляд? Ці трэба набываць адмысловы функцыянальны ложак?

Пра базавыя навыкі догляду маларухомых падапечных журналісту інфармацыйнага партала Слушна распавяла Алена Русіновіч, трэнер Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа па доглядзе і кінестэтыкс.

Догляд маларухомых падапечных

ᐈ Как помочь передвигаться малоподвижному человеку. Видеоинструкция

 – Галоўная парада – не рабіць усё за свайго падапечнага. Ацаніце, што ён можа рабіць самастойна, без вашага ўдзелу. Вельмі важна захаваць рухальныя здольнасці чалавека, – кажа эксперт. – Для гэтага паназірайце за ім, папрасіце роднага зрабіць нейкія рухі, спытайцеся, што ён можа рабіць сам, а дзе неабходныя ваша дапамога і ўдзел.

Каб зразумець, як дапамагчы перасоўвацца іншаму, прааналізуйце, як вы рухаецеся самі. Напрыклад, як падняць аслабленага чалавека з крэсла? Звычайна людзі ўстаюць ззаду альбо збоку і пачынаюць цягнуць чалавека за падпахі ўверх. Сядзьце самі на крэсла і прасачыце, як вы ўстаяце. Вы ж не падымаецеся вертыкальна ўверх, а злёгку нахіляецеся наперад і толькі потым ўстаяце. Гэтак жа трэба дапамагаць і падапечнаму: злёгку нахіліце яго і прытрымлівайце, пакуль ён падымаецца.

Што змяніць у абстаноўцы

–  Неабходна па-новаму арганізаваць месца, дзе знаходзіцца падапечны, каб аблегчыць яму самаабслугоўванне, а вам – догляд, – кажа Алена. – Калі ёсць магчымасць, раю набыць функцыянальны ложак. Яны бываюць з электрапрывадам і механічныя. Такія ложкі вельмі зручныя: рэгулююцца па вышыні, што дазваляе выбіраць аптымальнае становішча для розных працэдур і дзеянняў; у іх маюцца высоўныя поручні, якія абараняюць ад падзення, ёсць механізм узняцця галаўнога краю ложка, каб чалавек мог сядзець, а таксама цэнтральнай часткі ложка для больш зручнага напаўсагнутага становішча ног. Функцыянальныя ложкі можна знайсці ў крамах медтэхнікі, а таксама на розных сайтах, дзе прапануюцца бюджэтныя ложкі б/к.

Звярніце ўвагу на прыложкавую тумбачку або столік. Звычайна яны блізка прысунутыя да падгалоўя ложка. У такім становішчы маларухомаму чалавеку нязручна дацягвацца да прадметаў, і ён будзе пастаянна клікаць вас падаць яму кубак, сурвэткі, лекі. Каб чалавек мог рабіць гэта самастойна, досыць злёгку ссунуць тумбачку наперад.

Калі няма магчымасці набыць функцыянальны ложак, можна купіць спецыяльныя падгалоўнікі, якія вельмі проста рэгулююцца па вышыні і дазваляюць прыняць больш зручнае становішча ў ложку (напрыклад, пры кармленні падапечнага).

Таксама для перамяшчэння ў ложку цяжкахворых людзей можна выкарыстоўваць спецыяльнае абсталяванне, такое, як слізгальныя прасціны.

У гэтым відэа адлюстраваныя толькі агульныя рэкамендацыі, як дапамагчы маларухомаму чалавеку перамяшчацца. Кожны выпадак – індывідуальны. Каб захаваць сваё здароўе і палепшыць якасць жыцця цяжкахворага, рэкамендуем пракансультавацца па асаблівасцях догляду са спецыялістам або прайсці навучанне.

Што рабіць, калі чалавек упаў

У гэтым роліку вы зможаце ўбачыць прыёмы, як правільна падняць чалавека, які ўпаў.

Відэа – Генадзь Сукач.

Exit mobile version