Site icon Слушна

Як правільна выйсці з посту без наступстваў для арганізма

Як выйці із посту

З завяршэннем Вялікага посту ў меню тых, хто ўстрымліваўся ад ежы жывёльнага паходжання, з'явяцца далёка не посныя стравы. Але якія наступствы цягне такое «свята жывата» за велікодным сталом? Пачуццё перанасычэння і цяжар у страўніку – самае меншае, з чым можна сутыкнуцца, праяўляючы празмернасць у ежы пасля 40-дзённых абмежаванняў. Дык як правільна выйсці з посту без наступстваў для здароўя?

Пра гэта журналіст «Слушна» запыталася ў загадчыцы гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Наталлі Шульгі.

Выхад з посту: парады ўрача

Як выйці з посту бехз наступстваў

 

Падчас посту рацыён чалавека адрозніваецца дэфіцытам бялку жывёльнага паходжання і абмежаваннем каларыйнасці. З-за гэтага наш арганізм зніжае сваю здольнасць засвойваць жывёльную ежу. У прыватнасці, зніжаецца выпрацоўка ферментаў, якія адказныя за расшчапленне пратэінаў.

Калі пасля заканчэння посту вы вырашыце абавязкова паспрабаваць усе стравы за святочным сталом, гэта можа прывесці да даволі негатыўных наступстваў.

Багацце тлустай і смажанай ежы, а таксама ўжыванне алкагольных напояў не самым лепшым чынам адбіваецца на падстраўнікавай залозе. Павышаная нагрузка на гэты орган можа стаць прычынай развіцця панкрэатыту. Акрамя гэтага, пераяданне часта правакуе прыступ жоўцевакаменнай хваробы.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Акуратнымі варта быць людзям з хранічнымі захворваннямі. Ім непажадана захоўваць строгі пост. А калі пасціцца, дык пад наглядам урача. Не трэба ўспрымаць пост як дыету, якая знясільвае.

Пераходзіць да звычайнага рацыёну варта паступова

Адразу ўводзіць у свой рацыён «цяжкую» ежу (смажаныя і тлустыя стравы) непажадана. Як адзначыла Наталля Шульга, прывыкаць да звычайнага рацыёну варта паступова, быць памяркоўнымі ў ежы і алкаголі. Ідэальны варыянт – з моманту завяршэння посту да звыклага вам меню павінна прайсці прыкладна 7 дзён. Прычым асабліва акуратнымі варта быць у першыя дні.

Спачатку трэба ўводзіць у свой рацыён кісламалочныя прадукты (ёгурты, тварог, кефір) і яйкі (не больш за 2 у дзень), а толькі затым мяса, пажадана нятлустых гатункаў (каўбасныя вырабы, сасіскі і вяндліну лепш пакінуць на потым).

Перавагу варта аддаваць стравам, прыгатаваным на пары, запечаным у духоўцы, тушаным ці вараным. На гарнір да мяса лепш падаваць агародніну або крупы.

 
Наталля Шульга
Загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі
Не варта есці шмат яек, бо гэта даволі алергенны прадукт. Да мяса варта вяртацца прыкладна праз 5-7 дзён, выбіраючы яго нятлустыя гатункі. Есці варта невялікімі порцыямі. Не пераядаць. Не варта адразу, напрыклад, з'ядаць цэлы шампур шашлыка ці вялікі кавалак рулькі. Невялікі кавалачак мяса варта адварыць або патушыць. Дарэчы, варанае мяса можна ўключаць у свой рацыён і раней, чым праз тыдзень: прыкладна праз 3 дні пасля завяршэння посту. У такім выпадку не будзе адразу вялікай нагрузкі на падстраўнікавую залозу і гепатабіліярную сістэму (ў яе ўваходзяць жоўцевы пузыр, печань і жоўцевыя пратокі), а таксама атрымаецца пазбегнуць страўнікавай дыспенсіі (адчуванне болю ці дыскамфорту ў эпігастрыі) і кішэчных колікаў.

У адзін прыём ежы пажадана ўжываць толькі адзін бялковы прадукт, напрыклад, рыбу.

Прыкладна праз тыдзень пасля завяршэння посту рацыён можна разнастаіць, дадаўшы ў яго вяршкі, тварог, смятану, сыр цвёрдых гатункаў.

Вельмі карысная зеляніна – пятрушка і кроп. Дадавайце іх у стравы. Яны не толькі багатыя на вітаміны, якіх так не хапае вясной, але і дапамагаюць страваванню і засваенню ежы.

Салаты лепш запраўляць не смятанай або маянэзам, а алеем ці ёгуртам.

Што рабіць нельга

Адразу пасля посту спецыялісты настойліва рэкамендуюць не ўжываць такія стравы, як чабурэкі, пельмені, бліны і сала.

Устрымацца варта і ад ужывання розных соусаў, маянэзу, вострых страў.

Табу тычыцца таксама разнастайных чыпсаў, арэшкаў і сухарыкаў, цукерак, мучных вырабаў (асабліва свежых), згушчанага малака, смажаных, марынаваных, салёных і вэнджаных страў, газаваных напояў.

Exit mobile version