Пасля таго, як сярэдняя працягласць жыцця чалавека за апошнія 100 гадоў павялічылася амаль удвая, вялікую актуальнасць набыло пытанне: які сродак дапаможа максімальна доўга захоўваць прыгажосць і маладосць? Бо прыхільнікаў натуральнага старэння, якія жадаюць правесці добрую частку жыцця, назіраючы, як цела паступова драхлее і пакрываецца маршчынамі, не так ужо і шмат. Няма нічога дзіўнага ў тым, што касметалогія і касмецэўтыка зараз перажываюць лепшыя часы, прапаноўваючы тысячы спосабаў змагацца з узроставымі зменамі па ўсіх франтах: звонку і знутры.
Асаблівай папулярнасцю, напрыклад, карыстаюцца прэпараты на аснове натуральных кампанентаў, якія ў арганізме чалавека выконваюць ролю натуральных захавальнікаў маладосці. Да іх ліку адносіцца калаген. Яго дадаюць у крэмы, маскі, сыроваткі, сродкі догляду валасоў і пазногцяў... Вішанькай на торце – гідралізаваны бялок «у чыстым выглядзе» для прыёму ўнутр у форме капсул або парашка для падрыхтоўкі раствора. Ці варта верыць усяму, што абяцаюць вытворцы? Ці сапраўды калаген – тая чароўная таблетка, якая здольная спыніць час?
Сіла калагену
Па сутнасці, калаген – гэта бялок, які змяшчаецца ў арганізме жывёлаў. У чалавека 40% калагену ўваходзіць у склад скуры, 10% – у склад унутраных органаў, астатні размеркаваны ў звязках, храстках, сухажыллях, мышцах і касцях. Адпаведна, адэкватны біясінтэз бялку забяспечвае не толькі падтрыманне знешняй прывабнасці, але і захаванне фізічнага здароўя.
На тым і стаіць касмецэўтыка, пералічваючы перавагі прыёму прэпаратаў калагену.
-
Калаген падтрымлівае і паляпшае здароўе скуры.
Калаген з'яўляецца асноўным структурным кампанентам дэрмы і сінтэзуецца ў арганізме самастойна. Аднак з узростам працэсы яго ўтварэння прыкметна змяншаюцца. Да 50 гадоў наш арганізм выпрацоўвае на 30% меней бялку, чым у 20-гадовым узросце. Адсюль маршчыны, сухасць і «стомленасць» скуры, страта тонусу. Цалкам лагічна выказаць здагадку, што дадатковае прымяненне калагену дасць магчымасць кампенсаваць дэфіцыт бялку, палепшыць стан і знешні выгляд скуры.
Так, шэраг даследаванняў паказаў, што ў жанчын, якія на працягу некалькіх тыдняў прымалі біялагічна актыўныя дабаўкі на аснове гідралізаванага калагену, адзначалася павышэнне тургору і эластычнасці скуры, памяншэнне выяўленасці маршчынаў. У цэлым скура выглядала больш свежай і здаровай, чым у жанчын, якія не прымалі дадатковыя прэпараты.
На думку даследчыкаў, эфект забяспечваюць не толькі «амаладжальныя» ўласцівасці самага калагену, але і яго здольнасць стымуляваць сінтэз эластыну – яшчэ аднаго бялку, які адказвае за юную свежасць.
-
Калаген здымае боль у суставах, захоўвае іх рухомасць.
Па меры таго, як з узростам памяншаецца сінтэз натуральнага калагену ў арганізме, узрастае рызыка развіцця дэгенератыўных захворванняў суставаў, такіх, як астэаартрыт. І гэта таксама вытлумачальна, паколькі высокая ўдзельная вага калагену засяроджаная ў суставах, храстках, звязках і сухажыллях.
Прыём прэпаратаў калагену дазваляе знізіць болевы сіндром у суставах, захоўвае іх рухомасць без істотных абмежаванняў фізічнай актыўнасці. Пра гэта таксама сведчаць высновы даследаванняў, праведзеных з удзелам прафесійных спартсменаў. Вучоныя мяркуюць, што станоўчы вынік дасягнуты, дзякуючы ўласцівасцям «дадатковага» калагену назапашвацца ў храстковай тканцы, а таксама стымуляваць сінтэз уласнага калагену.
-
Калаген прадухіляе развіццё астэапарозу.
Абумоўленае ўзроставымі зменамі запавольванне сінтэзу калагену вядзе да зніжэння шчыльнасці касцявой масы, у будаўніцтве якой бялок іграе адну з першых скрыпак. Чым ніжэйшая шчыльнасць косці, тым вышэйшая рызыка пераломаў і развіцця такога захворвання, як астэапароз.
Натуральна, вучоныя не пакінулі па-за ўвагай гэтае пытанне. І, правёўшы даследаванне, высветлілі, што ў жанчын, якія на працягу года штодня прымалі дабаўкі калагену, мінеральная шчыльнасць касцей апынулася на 7% вышэйшай, чым у жанчын з кантрольнай групы. Акрамя таго, эфект ад прыёму прэпаратаў кальцыю (якія традыцыйна ўваходзяць у тэрапію астэапарозу) у спалучэнні з калагенам апынуўся значна вышэйшым, чым ад прыёму адных толькі прэпаратаў кальцыю.
-
Калаген і ўсё, усё, усё
Зразумела, гэта далёка не ўсе перавагі, якія прыпісваюцца прэпаратам калагену.
Напрыклад, вытворцы біялагічна актыўных дабавак абяцаюць, што, прымаючы калаген унутр, вы ўжо зусім хутка выявіце, як прыкметна мацнейшымі і здаравейшымі зробяцца валасы і пазногці, як хутка яны растуць. Таксама вам гарантаваныя стабільна добры настрой, памяншэнне трывожнасці, адсутнасць праблемаў са сном і нават пазбаўленне ад лішніх кілаграмаў.
Увогуле, застаецца толькі здзіўляцца, чаму, маючы такую магутную зброю, мы ўсё яшчэ старэем, з цяжкасцю (а часам і беспаспяхова) змагаемся за любы «мінус» на вагах, пакутуем ад дэпрэсій і расстройстваў сну?..
З чым ядуць калаген
Прызнаны эксперт у галіне прыгажосці і маладосці на гэтае пытанне адказвае так.
Даследаванні сапраўды праводзіліся, але ўсе яны былі непрацяглымі і ахоплівалі невялікую колькасць удзельнікаў. Таму, нягледзячы на шматабяцальныя вынікі, не могуць служыць пераканаўчай доказнай базай.
Прынята лічыць, што гідралізаваны калаген (расшчэплены на мікрачасціцы) лягчэй засвойваецца арганізмам. Аднак калаген, які змяшчаецца ў харчовых прадуктах, засвойваецца таксама без праблемаў. На каштоўны бялк багатыя ялавічына, свініна, рыба, птушка. Асабліва шмат яго ў скуры, храстках, сухажыллях. У тым, што елі нашыя продкі, але ў наш век харчовай разнастайнасці хутчэй будзе аднесенае да харчовых адходаў.
Арганізм чалавека – складаны механізм, у якім усё ўзаемазвязана. Адпаведна, каб надоўга захаваць яго ў «працоўным стане», падыход таксама павінен быць комплексным. Аднаго чароўнага, імгненнага і цудадзейнага сродку для здароўя і маладосці, на жаль, як не было, так і няма.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!