Site icon Слушна

Кальцый трэба, але ж мы – не куры?!:)

кальцый

Думаю, кожны хаця б раз у жыцці сутыкаўся з народным рэцэптам... Мякка кажучы, дужа арыгінальным. Які, апрача здзіўлення, больш ніякіх эмоцый не выклікае. Але калі камусьці блага, а традыцыйнае лячэнне стан не палягчае, людзі хапаюцца і за дзіўнае. У надзеі, што дапаможа. І ніхто нікога за гэта не асуджае...

Не аднойчы ўжо бачыла парады, прычым вельмі пераканаўчыя, што пры недахопе кальцыю ў арганізме трэба... Не, не прымаць прэпараты з аптэкі! І не спажываць прадукты, у якіх ён утрымліваецца. А есці... здробненае шкарлупінне курыных яек! З рознымі дабаўкамі. Напрыклад, з лімонным сокам. Маўляў, дапамагае не толькі папоўніць запас кальцыю, але і хутчэй зрасціся пераломам.

Прычым асабіста я ведаю не аднаго чалавека, які ўжо скарыстаўся парадай і сцвярджае, што яна яму дапамагла. Эфект плацэба ці насамрэч так? Колькі б ні шукала 100% доказу на карысць выкарыстання шкарлупіны ў такім выглядзе (альбо звестак пра 100% шкоды), так і не знайшла. Меркаванні абсалютна палярныя. І хтосьці ж і на тых, і на другіх даследаваннях, як кажуць, робіць грошы...

Вядома, кожны будзе выбіраць для сябе тое, што ў верыць, што яму бліжэй... І кальцый нам насамрэч трэба, і вельмі. Асабіста я адчуваю відавочны вынік пасля прыёму вітамінаў (ці БАДаў), калі пазногці робяцца настолькі моцнымі, што імі, здаецца, можна праткнуць дрэва...

А чаму ўсё ж урачы не раяць замяняць аптэчныя прэпараты той жа шкарлупінай яек? Ды таму, што ў нашым арганізме няма ферментаў, якія б спрыялі яе ператраўліванню. Нават у здробненым выглядзе. І ніякі лімонны сок ці што іншае ў гэтай справе не дапаможа.

Цікава, што тыя, хто падтрымлівае і прапагандуе ўжыванне шкарлупіння з карысцю, робяць прыпіску: аказвае раздражняльнае дзеянне на сценкі страўніка. Таму з язвай ды вострым гастрытам – не ўжываць. Але ж і здаровы страўнік можа ад шкарлупіння пацярпець?!

Між іншым, мы сапраўды збіраем шкарлупінне ад яек. І нават перамолваем яго. Але – зусім для іншых мэтаў. Калі ўжо яно на 94% складаецца з карбанату кальцыю, дык чаму б гэта не выкарыстаць на сваю карысць? А менавіта – на падкормку раслінаў на дачным участку! Плюс яечная шкарлупіна здольная зніжаць кіслотнасць глебы – тое, што трэба!

Таксама вельмі спадзяёмся, што спрацуе парада, як з дапамогай шкарлупіння змагацца з лічынкамі хрушча. Бо так ужо спраўна псуюць яны некаторыя расліны! Асабліва трускалкі. Проста выратавання ад іх няма! Колькі ні перакопвай, колькі ні знішчай механічна, яны ўсё роўна з’яўляюцца! І з’ядаюць карэньчык расліны пад нуль. Калі-нікалі падступаюцца і да расады памідораў – на раннім этапе.

Дык вось знаўцы раяць закопваць пад кусты трускалак – пры пасадцы і не толькі – шкарлупінне курыных яек. Маўляў, лічынкі хрушчоў спажываюць яго і гінуць.

Ну, і яшчэ адзін факт не на карысць ужывання гэтай своеасаблівай крыніцы кальцыю для нас – тое, што куры час ад часу дзяўбуць знесеныя імі яйкі. І што ім шкарлупінне даюць як крыніцу кальцыю таксама размолатае, інакш шкодна для страўніка.

Але ж мы – не куры?! Таму лепей будзем берагчы ўласныя страўнікі! І атрымліваць кальцый са смачных прадуктаў ды прэпаратаў з аптэкі.

Exit mobile version