Калі ўзнікае боль, гэта трывожны званочак, які кажа пра тое, што ў арганізме штосьці не ў парадку. І прычынаў можа быць вельмі шмат. Разам з тым, бываюць сітуацыі, калі нават прайшоўшы ўсе магчымыя даследаванні, знайсці «вінаватага» ў дыскамфорце так і не ўдаецца. У падобных выпадках размова можа ісці пра міяфасцыяльны болевы сіндром.
Пра тое, чаму ўзнікае міяфасцыяльны болевы сіндром, яго сімптомы і метады лячэння журналісту інфармацыйнага партала Слушна распавёў траўматолаг-артапед, урач мануальнай тэрапіі, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 20-й гарадской паліклінікі г.Мінска Андрэй Бародзіч.
Чаму ўзнікае міяфасцыяльны болевы сіндром
Міяфасцыяльны болевы сіндром – хранічны паталагічны стан, абумоўлены фарміраваннем лакальных мышачных спазмаў альбо ўшчыльненняў, якія прадстаўленыя болевымі кропкамі (трыгерамі). Як растлумачыў Андрэй Бародзіч, трыгерныя кропкі размешчаныя ў мышцах. Гэтыя ўшчыльненні выклікаюць у іх дысфункцыю. Прасцей кажучы, перашкаджаюць ёй адэкватна працаваць і функцыянаваць.
Мышцы чалавека, яго органы, нервы, сасуды пакрывае злучальная абалонка – фасцыя. Пры рэзкім руху, падзенні, узняцці цяжараў могуць адбывацца фасцыяльныя дысторсіі.
Напрыклад, пры сядзячым ладзе жыцця ягадзічныя мышцы не атрымліваюць неабходную ім нагрузку. У выніку ў дзеянне ўключаюцца сумежныя (калі пэўныя мышцы не функцыянуюць, іх ролю бяруць на сябе іншыя), напрыклад, грушападобныя.
З цягам часу, калі нічога не рабіць, развіваецца сіндром грушападобнай мышцы. Па сімптаматыцы яго можна прыняць за астэахандроз альбо міжпазванковую грыжу. Насамрэч, адбываецца спазм гэтых мышцаў і зашчымленне сядалішчнага нерва.
Менавіта з-за падабенства па сваіх сімптомах з іншымі захворваннямі (астэахандрозам, артрозам, міязітам, тэнасінавітам) міяфасцыяльны болевы сіндром патрабуе дакладнай дыягностыкі.
Фактары рызыкі міяфасцыяльнага болевага сіндрому:
- маларухомы лад жыцця;
- стэрэатыпнасць рухаў (прыводзяць да перанапружання мышцаў і няправільнага размеркавання тонусу);
- рэзкія рухі (могуць прывесці да мікратраўмы мышачных валокнаў);
- паталогіі пазваночніка (нагрузка на мышцы размяркоўваецца нераўнамерна);
- вымушаная поза, знаходзіцца ў якой даводзіцца доўгі час (мышцы перанапружаныя);
- траўмы і ўдары (могуць парушыць цэласнасць мышачных валокнаў);
- стрэсы і эмацыянальнае перанапружанне (прыводзяць мышцы да танічнага напружання).
Сімптомы міяфасцыяльнага болевага сіндрому
Чалавек адчувае боль (ён можа літаральна вымотваць), скаванасць і абмежаванасць у рухах, стомленасць і перанапружанне, непрыемныя адчуванні ў той ці іншай вобласці.
Дысторсіі фасцый могуць утварыцца практычна ў любой частцы чалавечага арганізма. Таму назваць канкрэтныя месцы, якія найбольш схільныя да міяфасцыяльнага болевага сіндрому, практычна немагчыма: балець можа, пачынаючы ад скронева-ніжнясківічнага сустава і заканчваючы падэшвеннай фасцыяй.
Вылучаюць 3 формы міяфасцыяльнага сіндрому: вострую, падвострую і хранічную. Пры вострай форме баліць пастаянна, прычым боль узмацняецца падчас руху. Пры падвострай форме міяфасцыяльнага болевага сіндрому балючыя адчуванні ўзнікаюць толькі пры руху, у стане спакою яны не турбуюць. Хранічная форма характарызуецца болем пры націску на трыгерную кропку, пры рухах можа з'явіцца пачуццё дыскамфорту.
Дыягностыка і лячэнне
Як распавёў Андрэй Бародзіч, міяфасцыяльны болевы сіндром не ўяўляе небяспекі для жыцця, але можа моцна вымотваць фізічна, адбівацца на псіхаэмацыянальным стане чалавека.
Лячэнне захворвання складаецца ў прымяненні фізіятэрапіі (ударна-хвалевая тэрапія, стымуляцыі, лазератэрапія, сінусоідныя модульныя токі). Нядрэнна сябе зарэкамендавала ігларэфлексатэрапія. Па словах Андрэя Бародзіча, эфектыўная ў дачыненні да міяфасцыяльнага болевага сіндрому мануальная тэрапія (з дапамогай спецыяльных тэхнік урачы ўздзейнічаюць непасрэдна на трыгерныя кропкі).
А вось каб міяфасцыяльны болевы сіндром больш не развіўся, спецыяліст раіць быць актыўнымі. Прычым штодня.
Акрамя таго, дадаў Андрэй Бародзіч, на працягу дня неабходна захоўваць пітны рэжым.