Народны каляндар
16 снежня – Іван Маўчальнік. Пазбаўляемся маўчаннем ад хваробаў.
Калі вы не любіце шмат гаварыць альбо ў вас баліць горла… Ці можа хочацца проста пабыць у цішыні… Паберагчы звязкі… Сёння для гэтага вельмі добрая нагода, бо ў народзе ўшаноўваюць Івана Маўчальніка! Зрэшты, растлумачыць, чаму варта паменш размаўляць у гэты дзень, можна рознымі спосабамі. Думаю, у кожнага знойдзецца ўласнае вытлумачэнне. Але факт застаецца фактам: маўчанне 16 снежня ў нашых продкаў ухвалялася.
Не тое каб зусім поўнае... Гэта быў бы ідэальны варыянт. Проста без патрэбы не размаўлялі. Пустога не гаварылі. І ўжо, канешне, не выхваляліся добрымі справамі і не звярталіся ў царкве да святых гучна, а маліліся без слоў, у душы.
Лічылася, што ў гэты дзень нават птушкі не спяваюць і звяры не выдаюць ніякіх гукаў. А калі снегір і зацырыкае, дык – да цяпла. А вы ўжо бачылі сёлетняй зімой снегіроў?! Я дык яшчэ не… Але спадзяюся, што, як і ў апошнія гады, яны да нас прыляцяць..
Што ж датычыцца нашых дзён… Калі б такога своеасаблівага свята не мелася ў традыцыях, яго варта было б прыдумаць! І з гэтым пагаджаюцца многія спецыялісты. Бо стасункі не толькі перагружаюць нервовую сістэму, але і спрыяюць развіццю неўрозаў.
Людзі старэйшага пакалення, якія ў большасці сваёй увесь час працавалі фізічна (уласна на працы, па хатняй гаспадарцы і г.д.), часцяком не могуць уцяміць, з-за чаго так стамляюцца іх дзеці, унукі, праўнукі. Вагоны суткамі не разгружаюць… Агароды пад рыдлёўку не перакопваюць… На сенакосах днямі не шчыруюць… Кароў уручную не дояць, корм ім па некалькі разоў у суткі не разносяць, стойлы не чысцяць…
Сядзяць у чысценькім офісе, мышшу шчоўкаюць, па тэлефонах размаўляюць, у сеціве стасуюцца, інфармацыю чытаюць… З чаго б тут стамляцца?! І ніяк ім не патлумачыць, што стома маральная – ад разумовай працы, ад тых жа самых стасункаў, часцяком ледзь не 24/7, яшчэ, магчыма, больш знясільвае, чым фізічная праца.
Мабыць, многім даводзілася пасля складаных перамоў, напісання вялікага матэрыялу, перакладаў з адной мовы на другую, распрацоўкі канцэпцыі чаго-небудзь і г.д. эмацыянальна казаць: «Ды лепей бы я вагоны разгружаў (ла)!» І гэта таксама гучыць як самая праўдзівая праўда…
А ў каго вялікая сям’я, дзеці, хатнія жывёлы… Хто знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем… Вось каму спакой, цішыня і маўчанне толькі сняцца! Але калі і выпадаюць зрэдку такія хвілінкі… Чым займаемся?! Правільна! Падключаемся да сеціва, чытаем інфу, стасуемся ў сацсетках і месэнджарах… Хаця і моўчкі, здаецца, але ж усё роўна гэта не тое маўчанне!
Спецыялісты сцвярджаюць, што падчас любога віду стасункаў мы шмат трацім сваёй энергіі і мала яе атрымліваем. А яшчэ калі сустракаемся з энергетычнымі вампірамі… 🙁 Вось і ўзнікае дэфіцыт псіхічных рэсурсаў… Вось і з’яўляюцца захворванні…
А дзе ж крыніца падсілкоўвання той неабходнай энергіяй? Ды вось жа яна – у маўчанні! Прычым у адмове ад любога віду стасункаў (у тым ліку і ў сеціве), хаця б на паўгадзіны. У адмове ад фону ў выглядзе мармытання тэлевізара (а яго, дарэчы, хтосьці яшчэ глядзіць?! Праўда?!), музыкі з любой крыніцы… І сёння вельмі добрая нагода, каб паспрабаваць разгрузіцца і зарадзіцца. Іван Маўчальнік жа!
Можна зрабіць гэта самастойна і абсалютна бясплатна. Бо многія дзелавыя людзі, напрыклад, плацяць вялікія грошы спецыялістам за аздараўленчыя практыкі, каб пазбавіцца ад стрэсу і нервовых расстройстваў. А заключаюцца практыкі… у тым жа маўчанні! Аказваецца, наш мозг распазнае цішыню і моцна на яе рэагуе!
Памятаеце рэкламу са слоганам: «Часам лепей жаваць, чым гаварыць»?! Там яна, вядома ж, мае на ўвазе крыху іншае. Але, у рэшце рэшт, сэнс адзін і той жа – маўчанне. Якое – золата. І можа дапамагчы пры цалкам рэальных хваробах. Варта толькі настроіцца…
У старажытнасці, мабыць, добра ведалі пра гэта. Інакш навошта людзі розных веравызнанняў і г.д. давалі зарок маўчання?! А праверыць яго сілу ёсць магчымасць у кожнага з нас, ці не так?
А ў што канкрэтна верылі нашыя продкі, ушаноўваючы Івана Маўчальніка? Ну, толькі не смейцеся… Па-першае, што нячыстая сіла можа… скрасці голас. Нават так! Па-другое, калі ў гэты дзень памаўчаць, дык цэлы год можна будзе дамаўляцца з любым чалавекам і нават мірыць людзей. Па-трэцяе, калі муж з жонкай пасварацца, дык цэлы год сварыцца будуць. А вось яно нам трэба?!
Так што задумваемся сёння, шаноўныя сябры, маўчаць ці не маўчаць. Па магчымасці – правяраем, колькі можам вытрымаць у поўным маўчанні і цішыні. І… цешымся аздараўленчым эфектам!