11.11.2020
11.11.2020

Калі са зрокам усё ў парадку… Дык пішам папяровы ліст! :)

logo
Думкі ўслых
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

І што ж за святы ды адмысловыя даты мы маем сёння? Па-першае, супадзенні ў выглядзе 11.11.2020. Па-другое, свята медыцынскай тэматыкі – Дзень афтальмолага. Па-трэцяе, Дзень напісання папяровых лістоў. Ну і яшчэ: Настуся і Марцін, Сусветны дзень шопінгу, Дзень фітнесу, Сусветны дзень міні-лыжаў і г.д. Выбіраем! 🙂

 

Дзень афтальмолага. 11 лістапада.

Своечасова заўважыць і папярэдзіць захворванні вачэй… Гэтым, апрача іншага, таксама займаюцца афтальмолагі. Мы яшчэ, магчыма, нават не адчуваем ніякага дыскамфорту, але нас папярэджваюць: магчымае тое і тое. І калі ў выніку ўсіх медыцынскіх маніпуляцый і лячэння зрок не пагаршаецца, мы з палёгкай уздыхаем і… забываемся пра візіт да ўрачоў да наступнага разу.

Але зрок – такая неабходная рэч, што хочаш-не хочаш, а да афтальмолага прыйдзеш. Асабліва, калі маюцца праблемы і няма жадання іх запускаць. А як запусціш… Глядзіш – тут табе і кропелькі, і акуляры з лінзамі, і аперацыя (цьфу-цьфу-цьфу!)… А на пачатку можна было б абысціся, відаць, рэгулярнай зарадкай для вачэй, вітамінамі ды правільным рэжымам працы за камп’ютарам. Так што да афтальмолагаў, як і да стаматолагаў, лепей на прафілактычныя агляды, і рэгулярна.

А сёння мы шчыра віншуем усіх, хто мае да згаданага прафесійнага свята самае непасрэднае дачыненне!

Дзень афтальмолага. Віншаванне са святам.

І калі зрок дазваляе, прапануем прыгадаць, што такое папяровы ліст, як ён пішацца… І… напісаць каму-небудзь! Можаце мне… 🙂

Усё ж такі ёсць у гэтым і пэўная магія, і чараўніцтва… Калі на белую паперу кладуцца літары, якія складаюцца ў словы, сказы… І вось ужо перад намі думкі, аповеды, радасці і расчараванні, надзеі і спадзяванні, чаканні чыесьці…  Як шмат усяго да часоў поўнага валадарання інтэрнэту залежала менавіта ад папяровых лістоў!

Адна знаёмая неяк распавяла, што зрабіла выбар на карысць будучага мужа ў тым ліку і таму, што ён пісаў без памылак. А сёння нават цяжка сабе гэта ўявіць у сеціве. Бо разгорнутыя сказы замяняюцца кароткімі словамі, сімваламі, смайлікамі, малюнкамі, стыкерамі, паштоўкамі…

Вядома ж, хутка, маляўніча і асабліва напружвацца не трэба. Каб падумаць, як пішацца тое ці іншае слова, дзе паставіць знак прыпынку (а навошта?! лягчэй зусім без іх), выправіць апіскі, перастаноўкі літар. Маўляў, усе і так здагадаюцца. А калі не здагадаюцца, дык перапытаюцца.

Дзень напісання папяровых лістоў. 11 лістапада.

Як, напрыклад, я, атрымаўшы ад калегі вось гэта: «исчезнет иизз инлеска»… Хм… Давялося перапытацца. Аказалася – «из индекса». 🙂 Здагадайцеся з трох разоў!

Асабіста я стараюся пісаць без памылак усюды і заўсёды. Толькі калі выпадкова націснецца кнопка, што адпраўляе недапісанае-непрачытанае, і дзесьці не будзе магчымасці выправіць тое, што адаслалася. А ёсць, ёсць у нас такія месэнджары, на жаль…

І пісаць імкнуся таксама разгорнута. Бо (так, пахвалюся! 🙂 ) даўно ўжо маю вялікую хуткасць набору. Магу сабе дазволіць. Час з-за гэтага не церпіць. Вось толькі са смартфона набіраць не люблю, нязручна. Толькі калі штосьці тэрмінова і сапраўды сцісла. Літаральна «так» ці «не»…

Эх, і як жа я сумую па тых часах, калі неслася да паштовай скрынкі ў надзеі атрымаць папяровы ліст. І не адзін! А вы?! 🙂

Дзень напісання папяровых лістоў. 11 лістапада.

… Праверыўшы зрок і напісаўшы папяровы ліст… Куды далей пойдзем? На шопінг? На фітнес? А можа… авечак стрыгчы?!:)

У беларускім календары сёння – Настуся (Настасся). Нашыя продкі казалі: «Настуся пачынае стрыгчы авечак». Мне падабаюцца вырабы з авечай поўсці і не толькі.

Два гады ў міжсезонне і зіму ў нашай халоднай кватэры мяне літаральна выратоўвалі мяккія і прыгожыя тапачкі (і ніякія не пантофлі, заўважце! 🙂 ), набытыя падчас перадкаляднай вандроўкі ў Львоў. Шкада, што падэшва ў іх была тонкая і нетрывалая. Знасіліся хутка. Цяпер толькі прыглядаюся да такіх жа ў сеціве, спрабуючы вызначыць: падробка, не падробка?!

Летась сваёй мілай мамачцы я прывезла ў падарунак з Закарпацця гаючы авечы пояс на спіну. Ну, а «авеччыны» шкарпэткі заўсёды былі і застаюцца самым лепшым падарункам. Даўней я і сама вязала розныя рэчы з «авеччыных» нітак. І хаця ў пераважнай большасці яны «кусаліся», затое якімі цёплымі і нават лекавымі былі!

Настуся. Пачынеаюць стрыгчы авечак. Лекавыя шкарпэткі.

Такія шкарпэткі дапамагаюць расшырыць сасуды, знізіць ціск, палепшыць цыркуляцыю крыві. У склад авечай поўсці ўваходзіць ланалін – прыродны антысептык. Ён, у сваю чаргу, дапамагае зняць напружанасць мышцаў. У такіх шкарпэтках моцны здаровы сон вам забяспечаны!

Прыцягваюць разнастайныя вырабы з авечай поўсці і сваім сухім цяплом. Калі яны ёсць, дык ніякая грэлка не трэба. Артрыты і рэўматызмы ад таго цяпла значна змяншаюць свае праяўленні, кажуць тыя, хто праверыў гэта на сабе. Нават раны і пераломы як быццам хутчэй зрастаюцца, а пролежні – змяншаюцца і папярэджваюцца. А яшчэ мы атрымліваем ад такіх вырабаў своеасаблівы масаж!

Сёння разам з Настусяй свае імяніны святкуе і Марцін. І ў каталікоў гэта – прысвятак млынароў. Нашыя продкі лічылі, што ад гэтага дня мядзведзь кладзецца ў бярлог і пачынае сматкаць лапу. Але нашыя мядзведзі наўрад ці так рана збяруцца зімаваць… 🙂 Хаця… Замаразкі начныя нам жа ўжо абяцаюць…

Марцін. Мядзведзі ў бярлог спаць кладуцца.

Так што набываем сабе «авеччыны» вырабы, ніткі для вязання… Ну чым не Сусветны дзень шопінгу?! 🙂 І грэемся халоднымі восеньскімі вечарамі… Усім – здароўя і цяпла!

Напішыце мне ліст… Папяровы

 

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама