Пра ўплыў сяброўскіх стасункаў на здароўе чалавека, думаю, вядома кожнаму. І мяркую, што многія нават адчулі іх дабратворны ўплыў на сабе. Таму і вечар сустрэчы з выпускнікамі, які заўтра пройдзе ў большасці школ Беларусі (першая субота лютага!!!), таксама гэтаму паспрыяе.
І хаця вечары сустрэчы даўно не тыя… Дык і школы – не тыя. І настаўнікі. І дзеці. Прычым нават у літаральным сэнсе – пра школы. Бо ў адных зробленая перапланіроўка, у другіх – рамонт, у трэціх замянілі ўсю мэблю, наглядную агітацыю…
Няма мілых сэрцу кутачкаў. І, як бы сумна ні было пра гэта казаць, з кожным годам мы губляем… Мы губляем не толькі сваіх настаўнікаў, але і аднакласнікаў… На вялікі жаль. Ад паведамлення пра нядаўнюю раптоўную смерць аднаго з іх да гэтага часу не магу адысці…
Не, мы даўно не стасаваліся. Ды я ўвогуле ўпершыню праз шмат гадоў з ім сустрэлася пэўны час таму, бо пісала матэрыял пра арганізацыю, дзе ён працаваў. Гэтая ж сустрэча, як аказалася, сталася апошняю. Несправядліва…
Другі рад, пасярэдзіне, паміж дзяўчат. Алег Ліневіч. Светлая памяць…
А многія выпускнікі ўсё ж сустрэнуцца, але дзе-небудзь так, а не ў школе. Бо многіх школаў… няма. Частка – зачыненая, і ўжо даўно, у выніку аптымізацыі. Частка будынкаў прададзеная і прыстасаваная пад іншыя патрэбы. А некаторых і следу няма на зямлі. Матэрыяльнага. Толькі духоўны і душэўны – у сэрцы.
Так склалася, што ў нашым класе не дужа радаваліся падчас вечароў сустрэчы таму, хто скончыў не 10, а 8 класаў. Тым больш, што 2 класы (заклятыя «ворагі»! 🙂 ) – «А» і «Б» – пасля васьмі аб’ядналіся ў адзін. Таму, паспрабаваўшы яшчэ на самым пачатку пасля заканчэння якраз-такі васьмі класаў завітаць на вечар сустрэчы, была цалкам расчараваная. Больш не раблю спробы…
Затое мне аднойчы пашчасціла трапіць у вясковую драўляную школку майго маленства – у вёску Клінок Чэрвеньскага раёна, дзе я нарадзілася і жыла з сям’ёй да дзевяці гадоў, да пераезду ў Чэрвень. У маёй мамы-настаўніцы быў юбілей выпуску, і яе выпускнікі запрасілі на сустрэчу. Адзін з іх з жонкай і завёз нас з мамай у вёску на ўласнай машыне. Незадоўга да таго, як Кліноцкая школа таксама спыніла сваё існаванне…
І якая ж гэта была цёплая сустрэча! Нават мне цікава было паглядзець на колішніх маміных выпускнікоў, бо падчас навучання ў 1-2 класах я на перапынках звычайна бегала ў класны пакой да мамы. І са мной там гуляліся… 🙂
Вось па гэтай школцы майго маленства ў мяне і настальгія, і сэрца шчыміць. Як і штораз, калі бываю на сваёй малой радзіме. Праўда, падчас апошняй вандроўкі ўражанні былі настолькі негатыўнымі… Не, я не разлюбіла Клінок. Але ўжо туды так не рвуся…
Затым была другая гарадская школа… У якой здарыўся пажар. І зараз практычна нічога ўнутры не нагадвае школу майго дзяцінства. А калі штосьці знаёмае і засталося, дык знаходзіцца не на звыклых месцах. І сам клас англійскай мовы, дзе мы вучыліся, змяніўся да непазнавальнасці.
А з, так бы мовіць, «навадзелаў» мне падабаецца музейны пакой касманаўтыкі, прысвечаны трэцяму касманаўту-ўраджэнцу Беларусі Алегу Навіцкаму. Майму аднакласніку.
Не скажу, што не ўспамінаю і гэтую школу. Вядома ж, прыгадваю. Тут столькі было перажыта! І да гэтага часу памяць выдае якіясьці яркія малюнкі. А пры выпадковых сустрэчах з аднакласнікамі, многія з якіх «аселі» ў Чэрвені, мы раз-пораз прыгадваем што-кольвечы са школьнага жыцця. Найчасцей – добрае і смешнае…
І, можа, не зусім па тэме, але яшчэ прыгадваецца мне навучанне ў Магілёўскім педвучылішчы, куды я паступіла пасля заканчэння васьмі класаў СШ №2 г.Чэрвеня. А прыгадваецца яшчэ і таму, што сёлета спаўняецца роўна 30 гадоў, як мы яго скончылі! Даволі значны юбілей! 🙂 І яшчэ летась некаторыя аднакурснікі, з якімі стасуемся ў сацыяльных сетках, выказалі намер пра сустрэчу. Толькі ўлетку, мабыць.
Ведаю, што вельмі многія даўным-даўно не працуюць па спецыяльнасці – настаўнік пачатковых класаў. Дык вось надта цікава, хто якую прафесію (ці нават некалькі) асвоіў. І тым больш дзіўна, што сярод нас, колішніх настаўнікаў пачатковых класаў, ёсць нават… палкоўнік МНС! А чаму дзіўна??? Бо гэта – не мужчына, а дама! Вось так! Ведай нашых! 🙂
Старэйшае пакаленне выпускнікоў яшчэ і зараз, па-даўнейшаму, прыходзіць на вечары сустрэчаў, каб пабачыць колішніх аднакласнікаў, уручыць кветкі настаўнікам і падзякаваць за навуку, сапраўды прыгадаць сваё школьнае маленства і юнацтва.
Больш маладым, на жаль, найперш цікавая нагода, каб… Самі разумееце, для чаго яны збіраюцца, прычым не ў школах…
А яшчэ мне хацелася б пабываць на вечары сустрэчы ў нашай Лядзенскай школе Чэрвеньскага раёна, дзе дырэктарам працуе цудоўны чалавек, Настаўнік з вялікай літары (яшчэ з той, даўнейшай кагорты сапраўдных!) Ірына Змачынская. Бо ведаю ад многіх, як цікава, душэўна, камерна, па-сямейнаму там гэтыя мерапрыемствы штогод праходзяць. І вось гэта і ёсць тое, чаго просіць душа. У нашым узросце.
Але куды б вы заўтра ні збіраліся, альбо не збіраецеся ўвогуле, думаю, успаміны пра школьнае жыццё ўсё роўна наведваюцца да ўсіх нас. Няхай яны будуць прыемнымі і дапамогуць вярнуцца ў такую жаданую для кожнага краіну дзяцінства…
Фота з архіва аўтара і адкрытых інтэрнэт-крыніц.