Не, гэтага не было ў традыцыях нашых продкаў… Нефармальнае свята прыдумана, па ўсім відаць, не так і даўно. Але ж рэспект таму, каму ў галаву прыйшла такая ідэя! У наш няпросты час, што б ні здаралася ў жыцці, па-ранейшаму хочацца дабрыні, цеплыні і… цудаў. Таму – чакайма снежных анёлаў! А лепей – стварайма… Самі.
Пра тое, як можна «маляваць» анёла на снезе, я даведалася таксама параўнальна нядаўна – паглядзеўшы добры фільм «Снежны анёл» з Аляксандрам Балуевым. Вы любіце добрыя казкі? Тады гэты фільм дакладна для вас. Раю паглядзець. Ну, ці перагледзець. Якраз сёння і нагода добрая для гэтага…
Анёла там робіць дзяўчынка Васіліса, якая кладзецца спіной на снег і водзіць па ім рукамі ўверх-уніз. Так атрымліваюцца крылы анёла. Затым трэба толькі акуратна падняцца… Магчыма, хтосьці рабіў такое і сам?
Далей – болей. Тыя, хто ўжо ведае пра Дзень снежных анёлаў, раяць падчас іх стварэння… загадаць жаданне. Ну вось і яшчэ адзін магічны дзень у нас… Для тых, хто такое любіць. І верыць.
А для іншых – проста час прыгадаць добрыя казкі. Альбо зрабіць добрую справу. І ўспомніць блізкіх і дарагіх людзей, якіх няма ўжо з намі. Цяпер яны – нашыя анёлы…
Але што ж рабіць нам сёння, калі снегу так і не прычакалі? Нягледзячы на абяцанні сіноптыкаў? Альбо яго недастаткова, каб зрабіць выразны адбітак снежнага анёла?
Варыянтаў некалькі. І самы просты – набыць. Ці знайсці ва ўласных рэчах… 🙂 Вось асабіста я сяджу і прыгадваю, як колькі гадоў таму мая няштатная аўтарка (дакладней, няштатная аўтарка чэрвеньскай раёнкі, з якой я супрацоўнічала і стасавалася) падаравала мне сапраўды снежнага анёла – невялічкую ёлачную плоскую фігурку адпаведнага колеру.
Калі над ложкам яшчэ вісела старая свяцільня, я вешала анёлка да Новага года там. Яшчэ колькі разоў – на ёлку… А цяпер разумею, што даўно яго не бачыла… І варта было б адшукаць. Менавіта сёння, калі ўжо нагода ёсць…
А вось другі анёлак, падараваны колішняй каляжанкай, вісіць на сцяне. Але… ён не снежны. Са шкла. Празрысты, з белай галоўкай, сінімі крыламі і чамусьці чырвонымі боцікамі, што мне нагадвае… бусла. 🙂 Можна было б аздобіць, каб стаў снежным… Ды не хочацца кратаць, бо гэта – з манастыра... Тамтэйшай майстэрні тварэнне…
Варыянт другі. Зрабіць самастойна. У выглядзе выцінанкі ці асобнай фігуркі. Гэта калі вы захапляецеся выцінанкай і ўмееце самастойна ствараць фігуркі. У іншым выпадку… Трафарэт лепей набыць. Думаю, што такія прадаюцца?!
А некаторыя сайты (іх лёгка адшукаць у сеціве) і самі прапануюць спампаваць ды раздрукаваць фігуркі анёлаў. Гэта калі пад рукой ёсць неабходная тэхніка. А тады застаецца толькі выразаць фігуркі і прымацаваць іх, напрыклад, на аконнае шкло.
Снежнага анёла можна зрабіць і па-іншаму. Не толькі ў тэхніцы выцінанкі. І той, хто добра майструе, хто захоплены творчасцю, я ўпэўнена, абавязкова знойдзе выйсце!
А можна стварыць і не аднаго снежнага анёлка. І падараваць яшчэ камусьці. Альбо загадаць жаданне і павесіць… на бліжэйшую ёлку. Гарадскую, напрыклад. Ці елку… У лесе… 🙂 А што?! Так нават лепей.
Людзі прагматычныя, якія любяць тлумачыць усё і ўсюды, прыдумалі і для снежных анёлаў працу. Маўляў, іх місія на Зямлі ў тым, каб сачыць за снегам узімку.
Ну, не ведаю… Такое ўражанне, што там альбо… хм… не дужа старанныя сабраліся, чаго, мне здаецца, быць не можа… Альбо… Проста шмат вакансій на снежнага анёла. Вось і застаемся мы часцей за ўсё ў снежні, на Новы год ды Каляды без снегу… Магчыма, калі мы сёння зможам стварыць сваіх снежных анёлкаў, усё наладзіцца?! Сусвет – ён жа такі… Усё бачыць.
… А мне здаецца, што калі снег ідзе вялікі і сухі, разам са сняжынкамі на Зямлю ляцяць і снежныя анёлкі…