Site icon Слушна

Калі ў жыцці была ГАРА…

… дык у памяці яна застанецца назаўсёды. Гэта кажу вам я! 🙂 Чалавек, які заўсёды захапляўся горамі здалёк. А мая першачарговая ўвага была скіраваная больш на заваблівыя раўніны, моры-акіяны… Горы, як ім і належыць, здаваліся велічна-недасяжнымі. Нават у марах. А цяпер ва ўспамінах у мяне ёсць яна, украінская Гаверла. І ўзыходжанне на яе праз пэўны час падаецца яшчэ больш неверагодным.

Гаверла. Гара ва Украіне. Штурм вяршыні.

Пра свае першыя ўражанні ад гэтай экстрэмальнай вандроўкі пісала роўна год таму, 11 снежня 2019 года. Чаму менавіта ў гэты дзень, а не адразу ж па прыездзе ў верасні? Ну-у-у-у, нагоды чакала. І дачакалася! 🙂 Бо менавіта 11 снежня па прапанове Генеральнай Асамблеі ААН адзначаецца Міжнародны дзень гор!

Ну трэба ж… Да нядаўняга часу я і ўвагі не звяртала на гэтае свята. А цяпер… Буду ўзгадваць штогод.

Дарэчы, калі б яшчэ перад леташняй паездкай ва Украіну прачытала пра ўсе тыя выпадкі, якія здараліся з людзьмі пры ўзыходжанні на Гаверлу і спуску з яе… Лепей бы я самастойна ў той дзень паехала ў Букавель! Бо, аказваецца, смерці там таксама здараліся. І не толькі ўзімку.

Цяпер увесь час думаю пра тых рызыкоўных, якія накіроўваюцца на Гаверлу па снезе. Там і ўвосень-то дастаткова…м-м-м-м… некамфортна. І я зараз не пра надвор’е. З надвор’ем нам, як аказалася, пашанцавала. Бо было сонца! Ну, і пранізлівы вецер, зразумела ж. Ён на пэўных участках дзьме з неверагоднай сілай! Сіверам. Ва ўсе сезоны. Але ж ні дажджу, ні туману, як распавядаюць многія.

Некамфортна, бо там – не асфальт, не гравейка і нават не добра ўтаптаная зямля. Там крыху балоцістых участкаў (няшмат), крыху каранёў (па іх даволі зручна ісці)… А пераважна – сыпкія камяні і каменьчыкі пад нагамі. Розных памераў. І па ўсім гэтым ідзеш уверх, часам пад добрым такім вуглом, дзесьці градусаў пад 45.

Калі б у маляўнічых турыстычных праспектах усе асаблівасці пад’ёму былі апісаныя праўдзіва, наўрад ці шмат жадаючых розных узростаў знаходзілася б, каб накіравацца туды. У звычайнай вопратцы, больш-менш зручным абутку, без спецыяльных прыладаў… Нам нават палкі для скандынаўскай хады не прапанавалі, хаця пра іх і ўзгадвалі, што можна ўзяць напракат. А як бы яны дапамаглі!

Рамантыка рамантыкай, але пераважную частку шляху ў мяне захоўвалася ўражанне, што мае лёгкія цягнуцца дзесьці ззаду. Альбо бягуць паперадзе. Бо нармалёвай фізічнай трэніроўкі не было даўноо-о-о-о-о… Аб чым я тады вельмі моцна пашкадавала. Так што фізічныя практыкаванні штодня, прагулкі на свежым паветры і г.д. сапраўды рабіць варта. А раптам на вашым шляху сустрэнецца гара?! Ці мора, акіян? 🙂 Жарты жартамі, але здаровы лад жыцця сапраўды падтрымае ў любых абставінах…

А мы вяртаемся да ўзыходжання. Маладым з нашай групы было лягчэй. Яны літаральна беглі наперад!

Забягу наперад у сваім аповедзе і я, прыгадаўшы, як шмат дзяцей рознага ўзросту, ад самых маленькіх да падлеткаў, мы пабачылі на вяршыні Гаверлы і яе схілах. Так-так! Наш звілісты пад’ём-маршрут, вядома ж, быў не адзіным. І, я так думаю, не самым лёгкім. І ўжо дакладна не прамым.

Бо мы са здзіўленнем назіралі, як некалькі групаў накіраваліся з гары ў зваротны шлях па крутым-крутым, але цалкам прамым спуску, да будынкаў, якія добра праглядаліся ўнізе няўзброеным вокам.

… Але вяршыня ад нас яшчэ была да-а-а-аалёка наперадзе! І праз пару гадзін шляху заставалася такой жа недасяжанай, як і ад самага нізу. Падпірала вяршыняй аблокі, ды і ўсё… 2061 метр

Але ж, як пісала летась, непадалёк ад заканчэння пад’ёму другое дыханне ўсё ж адкрылася! Яно сапраўды існуе! І я гэта адчула. Вось тады і прыйшоў калі не кайф ад пад’ёму, дык больш вольны крок. Нягледзячы на тое, што пад нагамі былі вялі-і-і-ізныя абломкі камянёў. І трэба было яшчэ больш пільна ўглядацца і выбіраць, куды паставіць нагу, каб яны не зрушыліся.

І вось яна – вяршыня! Прастора. Свабода. Лёгкасць. Здаецца, так бы раскінула рукі і паляцела… Да суседніх вяршыняў! 🙂

І менавіта тады прыйшло адчуванне, што недарэмна я цалкам несвядома замест спакойнага дня адпачынку выбрала яе, Гаверлу!

Не, я так і не палюбіла горы, хаця гэтая зрабілася сваёй, блізкай. Але ведаеце, як прыемна цяпер адчуваць, што я гэта зрабіла! У чарговы раз пераадолела сябе. А вось гэта і ёсць кайф! Таму са святам усіх! І аматараў гор, і тых, хто захапляецца імі на адлегласці. І асабліва тых, у каго была і ёсць свая Гаверла…

Фота аўтара і забяспечанае аўтарам.

Exit mobile version