Site icon Слушна

Калі холад нас не страшыць…

І ў якіх жа выпадках гэта бывае? Ну, самае элементарнае – калі таго холаду няма. Нідзе. Ні на вуліцы, ні ў памяшканні, ні ў транспарце. На жаль, у межах нават такой несапраўднай зімы, як сёлета, – не наш варыянт. Калі яшчэ нас холад не страшыць? Калі мы цёпла апранутыя. Шматслойна, як раяць спецыялісты. Ну і, нарэшце, калі мы – загартаваныя!

У вас як з гэтай справай?! У мяне… Ну так, сярэдненька, па шчырасці. І не таму, што лянуюся альбо не хачу. Проста пры шэрагу хранічных захворванняў сапраўднае загартоўванне пралятае міма… Хаця калісьці былі спробы, былі.

Загартоўванне. Халодная вада.

Памятаю, як усім сямействам мы спрабавалі аблівацца халоднай вадой па моднай калісьці сістэме Парфірыя Іванова. Бр-р-р-р-р-р-р! Без дрыжыкаў і не прыгадаю. Тым больш, што давялося трохі прыстасаваць пад сябе. Не на зямлі стоячы аблівацца (чытай – на вуліцы), а дома ў ванне. Не зайшло. Ды і што-кольвечы з хваробаў абвострылася.

Хаця яшчэ раней, у студэнцкія гады, загартоўванне раз-пораз здаралася, так бы мовіць, натуральнае. І нічога! І малады арганізм спраўляўся…

Пасля гэтага таксама шмат было выпадкаў. І са знакам «плюс», і «мінусавыя». Што даспадобы і па сёння, дык гэта кантрасны душ. Пры ўмове, што змяшальнік працуе бездакорна.

А з гэтым ёсць праблемы. Бо трымаецца ён у нас, на дзіва, пад 15 гадоў. Нягледзячы на іржавую ваду, пры якой змяшальнікі ламаюцца звычайна на раз-два. А тут добрая фірма трапілася. Літоўская.

Наступнае, што таксама падабаецца, – загартоўванне прахалодным паветрам. Не ледзяным, не! А то чытала тут парады: «Адчыніце акно. Стварыце скразняк. А затым распраніцеся…» Гэта якіясьці парады наадварот! Бо на скразняку і апранутым вельмі лёгка патрапіць у прастуду.

Так што лепей проста прыток свежага паветра, і праз пэўны час акно зачыніць. І не да дрыжыкаў, не да «гусінай» скуры хадзіць па пакоі без вопраткі ці ў мінімальнай яе колькасці. Умеранасць. У загартоўванні гэта вельмі важна! Пачынаць з некалькіх хвілін. І не ўсё адразу! Альбо кантрасны душ, альбо паветраныя ванны, альбо абціранні. Альбо абліванні (хто ўвогуле вырашыць імі заняцца).

І нават гэта не самае галоўнае! Самае галоўнае – каб не было захворванняў, пры якіх загартоўванне катэгарычна супрацьпаказанае, асабліва абліванні. Гэта вострыя рэспіраторныя інфекцыі і грып, высокі альбо нізкі ціск, раны альбо высыпанні на скуры, любое хранічнае абвастрэнне хваробы плюс перыяд менструацый для жанчын, скачкі вочнага ціску…

І ўвогуле, традыцыйная парада – прыслухоўвайцеся да сваіх адчуванняў і нічога не рабіце праз сілу. Маўляў, вось я вырашыла – і я гэта зраблю. Зусім не той выпадак, калі трэба дамагацца свайго любымі спосабамі.

Між іншым, ведаеце, у чым сэнс загартоўвання ўвогуле? Апрача павышэння імунітэту? Арганізм прывучаецца падтрымліваць пастаянную тэмпературу цела пры розных умовах знешняга асяроддзя. Будзем загартаванымі – і ў мінус 30 не пераахалодзімся. Ну, калі ў нас раптам такая тэмпература паветра калі-небудзь надарыцца. А можа, хтосьці збіраецца паехаць на Поўнач…

Ды і ў сезон дажджоў, які наведвае нас усё часцей і часцей, нават узімку, не будзем адчуваць пераахаладжэння. І зусім нядрэнна, праўда?!

Вядома ж, такія думкі ўзнікаюць не проста так, а напярэдадні Вадохрышча, 19 студзеня. Мы яшчэ, вядома ж, пагаворым пра гэта. Але лепей настроіцца зараней на тое, што калі вы не загартоўваліся, не абліваліся халоднай вадой, не абціраліся ёю ж і не прымалі прахалодных паветраных ваннаў, дык лепей не даваць экстрэмальнага нырца ў палонку!!!

А калі падумаеце раптам, што ў вас яшчэ ёсць дні тры, каб падрыхтавацца… Гэтага мала, вельмі мала.

Таму калі і вырашыце заняцца загартоўваннем, дык не для кагосьці ці чагосьці, не да пэўнай даты ці падзеі, а выключна для сябе саміх. Каб на карысць ішло. Каб умацоўваўся імунітэт і наладжвалася тэрмарэгуляцыя. Вось у гэтым – поспехаў усім, шчыра!

Exit mobile version