Чарада зімовых свят на парозе – Раство, Каляды, Новы год – самы час для калядных гісторый і казак. Доўгія зімовыя вечары з імі робяцца святлейшымі, а чаканне добрых цудаў і вера ў іх здзяйсненне ўзмацняецца.
Гэта не здарма, бо традыцыйнае каляднае апавяданне мае светлы і радасны фінал, у якім дабро нязменна перамагае.
Заснавальнікам жанру каляднага апавядання ў маштабах сусветнай літаратуры прынята лічыць Чарльза Дзікенса, які ў 1843 годзе апублікаваў «Калядную песню ў прозе» пра старога змрочнага скнару Скруджа. Той любіць толькі свае грошы і не разумее радасці людзей, якія святкуюць Раство, але мяняе свае погляды пасля сустрэчы з духамі.
Гісторыі і апавяданні пра Каляды
Адна з самых вядомых і кранальных гісторый у гэтым жанры — «Дзяўчынка з запалкамі» (1845) Ганса Хрысціяна Андэрсана.
Росквіт жанра каляднага апавядання прыпадае на сярэдзіну 19 — пачатак 20 стагоддзяў. Пасля 1910 года ажыятаж вакол калядных гісторый крыху супакойваецца. А ў савецкай літаратуры наогул знік. Не дзіва! Не толькі Раство, але і Новы год з Дзедам Марозам аказваюцца пад збаронай. Толькі ў трыццатых гадах добрага зімовага чараўніка рэабілетуюць — ён пачынае хадзіць на святы да дзяцей і дарослых.
Каб уявіць, як пісалі для дзяцей пра зімовыя святы ў беларускай літаратуры на пачатку мінулага стагоддзя — час, пра які згадвалася вышэй, варта прачытаць апавяданне Якуба Коласа «Пад Новы год» (1922 год) і Змітрака Бядулі «Навагодняя ёлка» (1936).
Апавяданне Якуба Коласа — яскравы прыклад, як, абыходзячы забароненых словаў (Бог, Раство, Каляды) — аўтар размаўляе з чытачом пра сутнасць прыродных і духоўных з’яў. Яго твор над часам, над сітуацыяй.
Апавяданне Змітрака Бядулі цалкам рэалістычнае, напісанае ў кантэксце тагачасных падзей. Гэта расказ настаўніцы Ганны Тарасаўны пра здзекі белапалякаў над тутэйшымі людзьмі, пра стойкасць і гераізм партызанаў, пра тое, як прыйшла Чырвоная Армія, а яе — маладзенькую дзяўчыну, захінула галлём і ратавала ад жандараў ялінка…
Абодва творы ахвотныя можна адшукаць і прачытаць у сеціве (ці кнігах) самастойна.
Святы Мікалай, Дзед Мароз, Зюзя … Падрабязна пра адрозненні зімовых чараўнікоў
Хачу згадаць яшчэ адзін твор, перакладны — адну з самых папулярных дзіцячых песень — «В лесу родилась ёлочка» Раісы Кудашавай.
Упершыню верш «Ёлка» на рускай мове быў апублікаваны ў маскоўскім дзіцячым часопісе «Малютка» ў 1904 годзе. У 1921 на беларускую мову тэкст песні пераклаў Янка Купала. Беларускамоўны варыянт стаў вядомы дзякуючы публікацыі ў дзіцячым часопісе «Зоркі» (№ 1, 1922 год).
Якія ж калядныя кнігі, навагоднія гісторыі маюць сёння беларусы? Як заўжды, са сваёй кніжнай паліцы я дастаю кнігі сучасных беларускіх аўтараў.
«Казачка пра Казу, Пятра і Каляды». Напісаў Ігар Кузмініч, ілюстрацыі Алесі Галоты. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 2012.
«Гэтая казачка пра часы даўнія-старадаўнія. Было гэта так даўно, што ніхто не памятае калі. А казачку гэтую сама Каза расказала на мінулыя Каляды», — запэўнівае аўтар чытачоў.
Як з’явілася зіма на зямлі? Чаму калядоўшчыкі водзяць казу, гаспадары ўлагоджваюць яе, частуюць? Вельмі ўважліва пісьменнік слухаў казу і таленавіта пераказаў яе аповеды – на адным дыханні чытаецца казка. А пасля яе настрой такі, што хочацца святочнага руху — рабіць маскі, вучыць калядныя песні і, дачакаўшы святаў— калядаваць! Пачытайце — самі ўпэўніцеся! Кніга ёсць у бібліятэках. Казку можна знайсці і ў сеціве.
«Казачкі на Калядачкі». Алена Міхаленка. Выдавецтва «Беларусь», 2021 год
Сама назва сведчыць, што кніга Алены Міхаленка складаецца з калядных казак. У адной прыгажуня Зіма спрачаецца са шкодніцай Адлігай, якая ёй дапякае. Герой другой казкі – добрае і пяшчотнае ваўчаня, якое ў калядную ноч навучылася спяваць. Трэцяя гісторыя прысвечана студэнту Пятру, які ў калядную ноч апынуўся ў таямнічым лесе.
Утульная кніга для сямейнага чытання. Ёсць у крамах і біблтятэках.
«Калядная зорка». Ягор Конеў. Выдавецтва «Звязда», 2021 год
«У пракаветныя часы валадар замагільнага царства Чорнабог захапіў зямлю. Чарамі схаваў ён сонца за непрагляднаю заслонай змроку. Холад і цемра запанавалі паўсюль. Аднак аднойчы яркая зорка ў небе абвясціла пра нараджэнне збаўцы ад улады Чорнабога. На Сарачынскай гары нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Калядой. Чорнабог спрабаваў знішчыць Каляду, аднак немаўлятку ўратавалі мядзведзь Мікола і каза Амалфея. Праз шмат гадоў Каляда выйшаў на бітву з Чорнабогам. І самай дзейснай зброяй у тым змаганні аказалася саламяная зорка — дарунак закаханай у Каляду дзяўчыны Рады».
«Каляды з хроснай»/ «Рождество у крёстной». Алена Масла. Мінск: «Мастацкая літаратура», 2012 год
Ну і, казаў той, сціпласць упрыгожвае чалавека, але не заўжды ідзе на карысць справе. Таму, крыху падумаўшы, прэзентую чытачам «Кніжнай паліцы» казачную аповесць свайго аўтарства «Каляды з хроснай»/ «Рождество у крёстной». Кніга ёсць на беларускай і рускай мовах.
На беларускай можна знайсці толькі ў бібліятэках, рускамоўны варыянт казачнай аповесці пакуль ёсць у продажы). Кніга названая самай перавыдаваемай беларускай калядна-навагодняй кнігай. Некалькі разоў яна выходзіла ў Беларусі і за яе межамі.
Як навучыцца чараваць? Рэцэпт ёсць, калі побач — хросная-чараўніца. Да яе прыязджае дзяўчынка Віка, каб у калядную пару і снегу начараваць, і налавіць садком зорак, і разматаць на ніткі хмарку, і зладзіць гарналыжны курорт проста ў двары дома, і дапамагчы Дзеду Марозу… А галоўнае – зразумець, што цуды ходзяць цугам за людзьмі, якія ўмеюць сябраваць, чуйна слухаюць адно аднаго ды імкнуцца парадваць…
Рыхтуйцеся да святаў, стварайце святочны настрой сабе і блізкім! Збіраючы падарункі пад ялінку, не забывайцеся на кнігі — як на мяне, найлепшым падарункам на ўсе часы была і застаецца менавіта яна, а найцікавейшым — час, прабаўлены за чытаннем. Вельмі прыемна, калі чытанне гэтае — святочнае.
Няхай рэкамендацыі «Кніжнай паліцы» дапамогуць вам!
https://bel.24health.by/top-5-knig-na-belaruskaj-move-vartyya-dlya-prachytannya-u-snezhnae-nadvore/