Site icon Слушна

Каляровыя эмоцыі. Якім жыццё на сваіх палотнах пісаў Леанід Шчамялёў

Карцины Леаніда Шчамялёва

Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў — легенда ў выяўленчым мастацтве Беларусі. З яго асобай у кожнага знаёмага з творцай чалавека ёсць свае ўспаміны — пяшчотныя і цёплыя. Чалавечая энергія мастака была настолькі моцнай, што змагла захапіць не адно пакаленне творчых людзей.

На мінулым тыдні Нацыянальны мастацкі музей Беларусі расчыніў свае дзверы для прыхільнікаў творчасці Леаніда Дзмітрыевіча: у адной з выставачных прастор музея адкрылася выстаўка да 100-годззя з дня нараджэння мастака. Гэта ўжо другі праект гадавога цыкла мерапрыемстваў, прысвечаны памяці і творчасці Шчамялёва. Першая выстаўка праходзіць у Гарадской галерэі твораў імя майстра.

Выстаўка Леаніда Шчамялва

Праект у Нацыянальным мастацкім адразу ўважвае творчай моцнасцю і прафесіяналізмам. У экспазіцыі глядач не знойдзе выпадковых работ, тут карціны, якія адбіраліся куратарам з пункту гледжання нават гістарычнай каштоўнасці. Многія з іх, вядома, знаёмыя падрыхтаванаму гледачу. У фокусе ўвагі творы майстра, сабраныя з дзяржаўных і прыватных калекцый, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы і галоўныя напрамкі мастацкіх пошукаў Леаніда Дзмітрыевіча ў шырокім часовым дыяпазоне. Экспазіцыя прадстаўляе увесь шлях Шчамялёва-жывапісца: ад дыпломнай работы да твораў апошніх гадоў, ад буйнафарматных праграмных работ да эцюдаў і невялікіх замалёвак.

На выстаўцы вы ўбачыце шмат блакітных адценняў. Гэта не дзіўна, таму што любімы колер Леаніда Шчамялёва быў менавіта блакітны. Як адзначаюць мастацтвазнаўцы, мастак абсалютна ўнікальна адчуваў колер і ўмеў гарманічна спалучаць розныя адценні. Яго творы і ёсць каляровая эмоцыя,

У 60-70-я гады мінулага стагоддзя Леанід Шчамялёў быў страшэнна папулярным жывапісцам у Беларусі. Яго карціны літаральна рвалі з рукамі. Асаблівую цікавасць асоба творцы выклікала ў моладзі. Леанід Дзмітрыевіч быў франтавік, кавалерыст, сяржант. Яго работы набывалі, а ён з тых карцін, якія купілі, іншыя асобнікі рабіў, каб яны ў Беларусі засталіся.

Сам мастак пры жыцці ды і яго блізкія людзі заўсёды адзначаюць, што побач з Леанідам Дзмітрыевічам увесь час быў анёл-ахоўнік, які ратаваў яго ад смерці.

— Кастрычнік 1943, пасля Курскай бітвы, Чарнігава і пераправы праз Днепр, ужо на тэрыторыі Беларусі, на Мазыршчыне, Леанід Дзмітрыевіч быў цяжка паранены, — расказаў на адкрыцці выстаўкі мастацтвазнаўца Барыс Крэпак. — Думалі, не выжыве. А выжыў. Яго паспелі пераправіць у Расію, горад Сямёнаў, дзе і вылечылі. Роўна праз год, у пачатку студзеня 1945 года, пасля пасвячэння ў кавалерыю, яго кавалерыйскую брыгаду перакінулі ў горад Роўна, а ўжо адтуль быў загад перакінуць 45 чалавек на захад Украіны, за тры дні да адпраўлення Шчамялёў захварэў на трапічную малярыю. Адкуль яна ўзялася, ніхто не разумеў, ды і як лячыць яе — не ведалі. Адправілі кавалерыста ў тыл, а сфарміраваная для ад'езду група ў выніку ўся загінула. Гэта было другое яго выратаванне. Анёл-ахоўнік абараняў  нашага мастака.

Аўтар працаваў практычна ва ўсіх жанрах жывапісу: ад фігуратыўнай карціны да нацюрморта, ад лірычнага і эпічнага пейзажаў да кампазіцыйнага партрэта, шмат працаваў у графіцы. Яго талент і шчырасць сэрца, аб’яднаныя разам, ператвараліся ў мастацкія шэдэўры. Сёння Леанід Шчамялеў — не протса беларускі мастак, яго імя брэнд. Няма ні аднаго буйнага музея Беларусі, каб там не было твораў Шчамялёва, няма ні воднага калекцыянера, які б не хацеў мець ва ўласнай калекцыі творы Леаніда Дзмітрывіча.

Работы Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі горада Мінска, многіх абласных і раённых музеях Беларусі, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква), у фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Беларускага саюза мастакоў і прыватных зборах.

Люстэрка эпохі. У Мінску адкрылі выстаўку да 100-годдзя Леаніда Шчамялёва

Exit mobile version