Калючык страціў сон. А ўсё праз тое, што імкнецца ўявіць сабе бясконцасць. «Як так, – думае вожык, – каб у космаса канца-краю не было? Лес і поле свой край маюць, у рэчкі і возера – берагі… А тут – бясконцасць. Ці такое магчыма?»
Выйшаў Калючык на двор. Стаў на ганку і ўзіраецца ў начное неба. А зоркі высыпалі буйныя – вісяць над галавой, нібы белы наліў на яблынях. Шмат іх, мігцяць, і праз гэта Калючыку ажно страшна робіцца. Адчувае ён сябе безабаронным перад веліччу неба. Паставіў на ганак зэдлік, ускараскаўся на яго – каб быць да зорак бліжэй. Пыску ўгору задраў, на дыбачках выцягнуўся…
Бух! Упаў! Ды такога грукату зэдлікам нарабіў, што разбудзіў суседа – барсука Клыпу.
– Што? Зноў праспаў? Не чуў будніка? – выскачыў Клыпа з норкі.
– Ты не праспаў, гэта мне не спіцца, – азваўся Калючык. – Пра касмічную бясконцасць думаю.
– І ты? – узрушыўся Клыпа. – Не толькі мне яна спаць не дае! Звечара як пачну думаць – толькі пад раніцу і засынаю. Таму і прачынацца цяжка.
– І што ж ты надумаў пра бясконцасць? – зацікавіўся Калючык.
– Нядаўна я даўмеў, што яе няма! – таямніча шэпча барсучок. – Сам падумай: калі ляцець у космасе доўга-доўга, то абавязкова ўпрэшся ў якую-небудзь сцяну!
Калючык ажно павесялеў. Як гэта ён сам такой управы на страшную бясконцасць не знайшоў?! Селі Калючык з Клыпам на ганак, разам стараюцца ўявіць сцяну.
Уяўлялі, уяўлялі – і раптам Калючык кажа:
– Слухай, Клыпа! Вось ляціш-ляціш у космасе, доўга ляціш. Тут – бац! – і ўпіраешся ў гэтую сцяну! Што далей рабіць?
– Трэба, – кажа Клыпа, – свярдзёлак узяць з сабой ды пачаць дзюрку ў той сцяне свідраваць!
– Навошта? – не адстае Калючык.
– Ды каб сцяну адолець і на той бок перабрацца!
– А за сцяной што?
– Ой, не падумаў! Зноў – бясконцасць? – разгублена кажа Клыпа.
– Ну, так, – пахмурнее Калючык, – альбо сцяна павінна быць бясконцай, альбо за ёй – бясконцасць, якой няма канца-краю.
Змоўклі сябры, далей думаюць.
– Я тут усё худнець збіраюся, – парушыў цішыню Клыпа. – А зараз як уяўлю, які космас вялікі, ні грама губляць не хачу! Я і так у гэтай бясконцасці як пясчынка…
– А яшчэ зорак шкада, – кажа Калючык, – як ім сярод бясконцасці жывецца? Страшна, відаць.
Доўга на гэты раз маўчалі сябры. Пачаў займацца досвітак, а яны ўсё сядзелі на ганку і думалі сваю думу.
– Слухай, Калючык, – урэшце азваўся Клыпа, – а чаму зоркам у небе павінна быць страшней, чым нам? Яны на сваім месцы ў космасе. А мы – на сваім. Але ж таксама – у космасе!
– Праўда! – узрушыўся Калючык. – Зямля ж таксама, як і зоркі, у космасе ляціць!
– Я вось падумаў, – нясмела кажа Клыпа, – можа, бясконцасць і не такая жахлівая? Можа, бясконцасць – гэта мы і ёсць?
– Як так? – дзівіцца вожык.
– Не важна, што мы не можам яе ўявіць, – задуменна прамаўляе Клыпа, – але ж мы пра яе думаем! Яна нібыта ў нас, разумееш? Захочам – будзем думаць пра зоры, планеты, уяўную сцяну… Пра ўсё, што ёсць і чаго, магчыма, няма… А раз усё гэта змяшчаецца ў нас, то і мы – як космас. Значыць, роўныя бясконцасці!
Радыя сябры – хораша прыдумаў Клыпа! Космас, які можа змясціцца ў кожным, зусім не падаецца страшным. Усцешаныя адкрыццём, Калючык і Клыпа выпраўляюцца па сваіх хатках – крышачку задрамаць і пабачыць хаця б кароценькі сон.