Сучаснае жыццё без электронных гаджэтаў нават немагчыма ўявіць. На іх завязанае літаральна ўсё: навука, вытворчасць і нават вольны час. Камп'ютарны зрокавы сіндром – стан, які надзвычай распаўсюджаны ў сучасным свеце і на працягу апошняга дзесяцігоддзя з'яўляецца прадметам пільнага вывучэння, – своеасаблівы пабочны эфект паўсюднага прымянення высокіх тэхналогій.
Пры доўгай пастаяннай працы з гаджэтамі камп'ютарны зрокавы сіндром не абмінуць. Пры гэтым ён у стане моцна пагоршыць якасць жыцця і ў цэлым негатыўна адбіцца на здароўі. Адно радуе: гэта не хвароба, якая патрабуе інтэнсіўнага спецыфічнага лячэння. Лепшая тэрапія – не дапусціць развіцця дыскамфортнага стану.
Пра сімптомы і прафілактыку камп'ютарнага зрокавага сіндрому Слушна даведаліся з прамога эфіру з афтальмолагам вышэйшай катэгорыі, дацэнтам кафедры афтальмалогіі БелМАПА, к.м.н. Дзмітрыем Абельскім.
Парадокс у тым, што пакуль вы чытаеце гэты тэкст, дык таксама ставіце пад пэўную небяспеку свае вочы. З іншага боку, чытанне зойме ад сілы тры хвіліны, а карысную інфармацыю атрымаеце на ўсё астатняе жыццё.
Што такое камп'ютарны зрокавы сіндром
Гэта комплексны стан, які абумоўлены ўздзеяннем шматлікіх фактараў. Прасцей кажучы, камп'ютарны зрокавы сіндром не азначае, што праблема ўзнікае толькі пры працы на камп'ютары. Аднолькава шкодзяць вачам любыя сучасныя крыніцы светлавога выпраменьвання: смартфоны, планшэты, лічбавыя рэкламныя білборды, разнастайныя асвятляльныя прыборы, якія працуюць на дыёднай аснове, і г.д.
Сімптомы камп'ютарнага зрокавага сіндрому
Камп'ютарны зрокавы сіндром можа праяўляць сябе ў некалькіх варыяцыях:
- у выглядзе сіндрому сухога вока;
- у расстройстве акамадацыі (у прыватнасці, спазме акамадацыі);
- з прычыны пашкоджвальнага ўздзеяння сіняга святла на структуру вока і ў цэлым на арганізм;
- як вынік негатыўнага ўплыву гаджэтаў у цэлым на арганізм чалавека. Напрыклад, тая ж няправільная пастава пры працы за камп'ютарам альбо падчас сядзення ў тэлефоне можа прыводзіць да праблемаў з мазгавым кровазваротам, што ў сваю чаргу прывядзе да пагаршэння зроку і г.д.
Расстройства акамадацыі
Страта фокусу
Колькасць гадзін, праведзеных за камп’ютарам, у розных карыстальнікаў можа вар'іравацца ад адной гадзіны да 12.
Ёсць унікумы, якія цэлымі суткамі знаходзяцца ля манітора альбо з гаджэтам у руках.
Натуральна, вочныя мышцы не могуць вытрымаць такой нагрузкі. Як вынік – страта фокусу.
Аб'екты робяцца размытымі, чалавек адчувае цяжкасць, пераводзячы позірк з блізкага аб'екта на далёкі.
Напрыканцы дня зусім не атрымліваецца сфакусавацца на пэўным прадмеце («навесці рэзкасць»). Гэта так званыя астэнапічныя скаргі, якія, як правіла, могуць быць спалучаныя таксама з балючымі і/альбо дыскамфортнымі адчуваннямі ў вачах, галаўным болем і г.д.
Перасыханне слёзнай плёнкі
Яшчэ адна праблема для чалавека, які шмат часу праводзіць, гледзячы ў манітор, – гэта нашмат радзейшае мірганне.
Гледзячы ў экран, чалавек у лепшым выпадку міргне 4-5 разоў у хвіліну (пры норме да 20!).
Гэтая праблема прыводзіць да таго, што практычна ўсе людзі, якія працуюць за камп'ютарам ці праводзяць залішне шмат часу ў электронных гаджэтах, пакутуюць ад сіндрому сухога вока.
Прафілактыка камп'ютарнага зрокавага сіндрому
Яшчэ лепей, калі ў шчыльным працоўным графіку вы знойдзеце час, каб выйсці з-за камп'ютара, прагуляцца на свежым паветры альбо пагуляць у настольны тэніс.
Дарэчы, менавіта гульня ў настольны тэніс дазваляе вачам актыўна адпачыць.
У ідэале – на працягу часу, праведзенага за камп'ютарам ці планшэтам, чаргаваць кароткія перапынкі з больш доўгімі, акцэнтаванымі.
Як паказвае вопыт, для прафілактыкі камп'ютарнага зрокавага сіндрому досыць усяго адной хвіліны адпачынку ў гадзіну. Галоўнае, не адпачываць ад камп'ютара ў… смартфоне.
Дарэчы, той жа спазм акамадацыі можна зняць медыкаментозна – вочнымі кроплямі, пры гэтым калі вярнуцца да звычайных зрокавых нагрузак без прафілактычных перапынкаў на адпачынак, вернецца і спазм.
Акрамя рэгулярных штогадзінных адпачынкаў, пры такой сімптаматыцы, лічыць эксперт, не абысціся без заменнікаў натуральнай слязы (штучнай слязы).
Немагчыма прымусіць сябе міргаць аптымальную колькасць разоў, працуючы за камп'ютарам. Інакш давядзецца ўстанавіць таймер, каб ён кожныя 5 секунд нагадваў пра неабходнасць міргнуць. Так сабе ідэя, ці не праўда? Пры гэтым слізістая вока па-ранейшаму мае патрэбу ў пастаянным увільгатненні і ачышчэнні.
Але перш чым прызначыць сабе прэпараты заменнікаў натуральнай слязы, лепей пракансультавацца з урачом. І не таму, што штучная сляза можа нашкодзіць. А таму, што ёсць нюансы.
Напрыклад, прэпараты, якія дапамогуць чалавеку з лёгкімі праявамі сухасці вока, могуць стацца бескарыснымі для чалавека з выяўленым сіндромам сухога вока. Маюць значэнне таксама паталогіі абмену рэчываў, анамалій будовы вока і многае іншае.
Глядзі, куды глядзіш
Пакуль жа адзіным лячэннем застаецца прафілактыка камп'ютарнага зрокавага сіндрому:
- адлегласць да манітора камп'ютара, планшэта, ноўтбука, смартфона, электроннай кнігі і інш. павінна быць не меншай за 50-70 см;
- цэнтр манітора павінен быць ніжэйшым за ўзровень вачэй на 10-15 см, каб пры працы за камп'ютарам не даводзілася закідаць галаву ці глядзець у экран спадылба;
- кожныя 20 хвілін адрываць позірк ад манітора і на 10-15 секунд факусаваць яго на прадмеце, размешчаным на адлегласці 3-5 метраў. Выконваць зрокавую гімнастыку не радзей за адзін раз у гадзіну;
- хаця б аднойчы на працягу працоўнага дня выходзіць на паўгадзіны на свежае паветра;
- не грэбаваць дадатковымі мерамі для абароны вачэй: адаптаваць налады манітораў пад канкрэтны тып працы за камп'ютарам, уключыць функцыю блакіроўкі сіняга колеру, пры неабходнасці выкарыстоўваць камп'ютарныя акуляры, асноўная функцыя якіх – фільтраваць сіняе святло і ліквідоўваць блікі манітора;
- працаваць ці адпачываць з гаджэтам у правільным становішчы седзячы (а не так, як прывыклі: лежачы, на баку, у напаўсагнутым стане...);
- выкарыстоўваць прэпараты заменніка натуральнай слязы.