Пасля летняга зацішша цяпер у паліклініках поўны аншлаг. Як выглядаюць асенне-зімова-вясновыя будні ўрачоў і пацыентаў, зразумела. Прычым малюнак не мяняецца гадамі. І гэта не лічачы выклікаў урача дахаты. Іх колькасць на адным участку ў перыяд пад'ёму эпідэміялагічнага захворвання вылічваецца дзясяткамі. А працоўны дзень не гумавы, нервы не сталёвыя, і галава ва ўрача ўсяго адна. Таму якасная медыцынская дапамога з-за абставінаў непераадольнай сілы заканчваецца там, дзе пачынаецца натоўп... Відавочна, што агульная сістэма састарэла і патрабуе зменаў.
Крыху больш за месяц таму ў Мінску запусцілі пілотны праект «Клапатлівая паліклініка для дзяцей». Яго мэта – павысіць якасць і забяспечыць своечасовасць аказання медыцынскай дапамогі за кошт стварэння адэкватных амбулаторных умоў (а не дома), што ў сваю чаргу павінна спыніць адток кваліфікаваных кадраў з дзіцячых паліклінік. Пакуль у праекце задзейнічаныя толькі дзве сталічныя дзіцячыя паліклінікі. Калі іх вопыт будзе станоўчым, гэта дазволіць адкрыць новы раздзел у гісторыі сучаснай паліклінічнай педыятрыі ў Беларусі.
Пра ўражанні і першыя вынікі праекта кіраўнікі 6-й і 12-й дзіцячых паліклінік г.Мінска распавялі на педыятрычнай канферэнцыі, якая адбылася напрыканцы верасня ў Мінску.
У сваю чаргу эксперты з блізкага і далёкага замежжа, якія бралі ўдзел у мерапрыемстве, падзяліліся вопытам пра сістэму аказання педыятрычнай дапамогі за мяжой.
«Мы не адмаўляем. Мы прапануем альтэрнатыву
Прычым гарантам атрымання бальнічнага ліста ў свядомасці большасці працуючых бацькоў з'яўляецца толькі выклік урача на дом. Не рэдкасць, калі стан пацыента не пакутлівы, а мама ўсё роўна замаўляе візіт урача, бо так было заўсёды, так заведзена, і яна не хоча нічога змяняць... У выніку ў перыяд уздыму захваральнасці колькасць выклікаў на адным участку можа даходзіць да 20, 40, 60 і больш.
У той жа час графік працы ўрача і палажэнне аб нарміраванні працоўнага часу педыятра прадугледжвае не больш за 8 аглядаў пацыентаў дома! Пра які якасны агляд і дапамогу можа ісці гаворка?
У прававой базе нашай краіны адсутнічае такое паняцце, як абгрунтаванасць выкліку ўрача на дом, наракае Ганна Котава. Няма дакладнага вызначэння, якое тлумачыла б абгрунтаванасць надомнага наведвання пацыента педыятрам: да каго сапраўды трэба ісці, а хто сам у стане наведаць палiклiнiку. Таму колькі выклікаў прынята, столькі візітаў урач павінен зрабіць.
Ва ўмовах паліклінікі ва ўрача больш магчымасцяў для якаснага абследавання і аказання дапамогі пацыенту, перакананая Ганна Котава. Ён можа прызначыць лабараторныя даследаванні (а пацыент адразу іх прайсці), адправіць на рэнтген, сабраць кансіліум, у рэшце рэшт. Кабінет неадкладнай дапамогі і абсталяваны так, як прыёмны пакой бальніцы: ёсць фільтр-бокс, працэдурны кабінет, палаты, каб можна было развесці пацыентаў... І – так, бальнічны ліст па догляду дзіцяці тут таксама афармляюць. Зараз у кабінеце неадкладнай дапамогі працуе адна брыгада – педыятр і памочнік урача. Але ў паліклініцы ўжо разглядаюць пытанне, каб сфармаваць другую брыгаду.
У 12-й сталічнай дзіцячай паліклініцы магчымасцяў арганізаваць кабінет неадкладнай дапамогі накшталт прыёмнага пакоя стацыянара, на жаль, няма. Таму тут выбралі сваю форму працы: стварылі выязную брыгаду неадкладнай медыцынскай дапамогі. Па словах галоўнага ўрача 12-й ГДП Аляксея Язерскага, у паліклініцы таксама захавалі візіты да дзяцей да 3-гадовага ўзросту і дзяцей-інвалідаў. Астатнім прапануюць наведаць урача самастойна. Брыгада выязджае толькі да тых пацыентаў, у каго такой магчымасці няма, або да тых, хто наадрэз адмаўляецца прыходзіць сам. Ніякіх прававых рычагоў змяніць сітуацыю на карысць урачоў у Беларусі пакуль няма.
Любы візіт за вашыя грошы
Сяргей Слінько да таго, як эміграваць у ЗША, 10 гадоў адпрацаваў у сістэме аховы здароўя Беларусі. Цяпер ён з'яўляецца дацэнтам кафедры неадкладнай дапамогі Піцбургскага медыцынскага ўніверсітэта, але кажа, што вельмі добра памятае спецыфіку працы нашых паліклінічных педыятраў і разумее яе складанасць.
– Сістэма аховы здароўя ў ЗША – вельмі дарагое задавальненне. Бюджэт, які закладваецца на год на медыцынскія выдаткі, складае 3,6 трыльёна долараў у год. Гэта лічба з 12 нулямі! Больш, чым бюджэт вайскоўцаў. Але любая дапамога тут каштуе грошай. І, вядома, ніякіх візітаў дахаты ўрач рабіць не будзе. Я нават не ведаю, якія грошы яму трэба прапанаваць, каб ён кудысьці да кагосьці дахаты паехаў.
Выключэнне, калі педыятр займаецца прыватнай практыкай і гэта ўваходзіць у пералік паслуг, што аказваюцца. Натуральна, за пэўную суму, у залежнасці ад таго, колькі ўрач хоча зарабіць. Гэта прынцыповы момант, падкрэслівае Сяргей Слінько: заробак гэтаму ўрачу не плацяць, ён яго зарабляе сам. Адпаведна, сам вырашае, якім спосабам гэта рабіць: прымаючы па 30-35 пацыентаў амбулаторна або выязджаючы да іх.
Але найбольш распаўсюджаная практыка, калі пацыент урача можа і не бачыць. Пры неабходнасці пацыента можа наведаць медсястра з асацыяцыі медсясцёр для візітаў дахаты. Усю інфармацыю пра стан пацыента яна перадае ўрачу па электроннай пошце.
Калі пацыент знаходзіцца ў бальніцы, у яго таксама больш шанцаў убачыць медсястру (ці ў лепшым выпадку рэзідэнта), чым свайго ўрача. Яны з'яўляюцца пасрэднікамі паміж пацыентам і спецыялістам. І нават гэта пацыент аплачвае са сваёй кішэні (ну, ці страхавая кампанія, у якой пацыент набыў страхоўку).
Даўно адышлі ад практыкі надомных візітаў і нашыя суседзі – літоўцы. Больш за тое, у іх педыятр – вузкі спецыяліст, такі ж, як афтальмолаг, артапед, кардыёлаг і г.д. Патрапіць да яго на прыём можна толькі па накірунку сямейнага ўрача (тады кансультацыя і дапамога будуць аказаныя бясплатна). Альбо па сваім жаданні, але па расцэнках з дзеючага прэйскуранта.
Што тычыцца сямейных урачоў, на іх кладзецца асноўная нагрузка. Спецыяліст вядзе цэлыя сем'і, уключаючы нованароджаных, дзяцей і старых. Ён вырашае, ці ёсць неабходнасць у кансультацыі вузкага спецыяліста і дае накірунак да яго. У сваю чаргу, трапіць да сямейнага ўрача можна толькі па запісе.
Калі ўзнікае вострая сітуацыя, тады толькі да службы хуткай дапамогі. Пры гэтым у медрэгістратараў, якія прымаюць выклік, ёсць спецыяльны апытальнік. Аналізуючы адказы бацькоў (ці тых, хто выклікае «хуткую»), яны вызначаюць чарговасць і тэрміновасць выезду брыгады.
Візіты ўрачоў дахаты бясплатна – раскоша, якая даступная толькі нешматлікім краінам свету. Яе б шанаваць і песціць. Але ў рэальнасці ўсё часцей даводзіцца сутыкацца са зваротным: злоўжываннямі з прычыны уласнай ці то ляноты, ці то звычкі. Ці то прынцыпу, які глыбока засеў у свядомасці спадчыннікаў недабудаванага камунізму: «Мне ўсе павінны». А ў выніку мы маем загнаных паліклінічных урачоў, якія пакуль не паразбягаліся ў розныя бакі; таропкі агляд і прызначэнні, якія так і цягне праверыць у прыёмным пакоі стацыянара... Мо, гэта і ёсць расплата па-нашаму?