25 сакавіка вядомы беларускі актывіст рыхтуецца накіравацца ў кругасветнае падарожжа на ручным ровары (веласіпедзе). Такі прэцэдэнт будзе першым у свеце! Пра гэта Аляксандр Аўдзевіч распавёў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай будучай вялікай вандроўцы.
World Inclusive Travel – такая назва абраная нездарма. Бо адна з мэтаў Сашы – даследаваць самому і паказаць іншым, як жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі ва ўсім свеце.
Паўтара года ў рэжыме інтэрактыву
Падарожжа па задумцы Аляксандра будзе доўжыцца ад года да паўтара. Прывязвацца да датаў і краінаў ён не хоча: плануе зрабіць паездку максімальна інтэрактыўнай і спантаннай. А гэта значыць, што на працягу ўсяго шляху любы зацікаўлены можа пісаць і прапаноўваць заехаць пагасціць у пэўнае месца, дзе жыве чалавек з інваліднасцю, які гатовы пагутарыць. Дарэчы, усе свае перамяшчэнні Саша Аўдзевіч будзе фіксаваць на камеру і выкладваць на сваіх каналах у YouTube (https://www.youtube.com/channel/UC7Yg7XFk1kPxZDnH17BvbfQ), Telegram, а таксама ў Facebook (https://www.facebook.com/sasha.avdevich?ref=br_tf&epa=SEARCH_BOX), Instagram https://www.instagram.com/avdevich/?fbclid=IwAR0DfNUuOcyE9i0cs6lLFripe50XswWRWtxTeQyeFpEzgCB72_NS255TZq4.
Што мне снег, што мне спёка
Што адрознівае абывацеля ад бясстрашнага героя? У першага ёсць мноства «але», чаму задуманае зрабіць не атрымаецца. У другога заўсёды напагатове варыянты рашэння.
Напрыклад, першапачаткова для такіх падарожжаў наогул не было прыдумана сродку перамяшчэння. Дарагі ручны ровар з Аўстрыі, які нагледзеў Саша, не быў прыстасаваны для таго, каб ззаду яшчэ «манціравалася» інвалідная каляска. Даводзілася звяртацца з эксклюзіўнай замовай і прыдумляць дызайн самому. Балазе, ёсць фундатары, якія падтрымліваюць актывіста. Хэндбайк правераны, у 2016 годзе Аўдзевіч праехаў на ім усю Еўропу. Але на ўсялякі выпадак рыхтуецца прайсці курсы па рамонце ровара.
Таксама ў планах – сустрэча з урачамі і фармацэўтамі для таго, каб сабраць у дарогу неабходныя лекі і пралічыць, калі лепей рабіць прышчэпкі перад наведваннем экзатычных краінаў. Аптымістычна настроены Аляксандр і з нагоды магчымай небяспекі ў выглядзе каранавіруса. Выйсце адно: пастаянна сачыць за навінамі і не лезці на ражон. Ехаць туды, дзе ў пэўны момант будуць ачагі віруса, вандроўнік не мае намеру.
Падстрахаваўся Саша і з нагоды сувязі: з сабой будуць два тэлефоны і сонечная батарэя – на выпадак, калі падзарадзіцца не будзе магчымасці.
Не знайшоў супергероя, вырашыў ім стаць
Аляксандра Аўдзевіча язык не паварочваецца назваць інвалідам-калясачнікам. З іншага боку, менавіта такія людзі, як ён, цалкам змяняюць успрыманне гэтых слоў. Слова «інвалід» можа не асацыявацца ў нас з адзінотай, пустэльніцтвам і панурасцю. Менавіта гэтага актывіст і дамагаецца.
Саша сапраўды стаў героем для многіх беларусаў, як з роднай Ліды, так і з ўсёй рэспублікі. Усіх актыўнасцяў і не запомніш: арганізацыя курсаў «Інклюзіўны барыста», вечарыны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, безбар'ерны кінатэатр, пляж, інклюзіўная трэнажорная зала, дапамога ў працаўладкаванні і многае іншае. І самае галоўнае: ён – звяно, якое звязвае, жывы і сапраўдны арыенцір для тых, хто страціў надзею і гатовы апусціць рукі.
Каманда партала 24health.by будзе сачыць за падарожжам Аляксандра Аўдзевіча і распавядаць сваім чытачам пра самыя цікавыя моманты з жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі з іншых краінаў.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!
Фота – Святлана Стахоўская (з прэс-канферэнцыі) і з архіву Аляксандра Аўдзевіча.
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by