Site icon Слушна

«Каранавірус буду аб’язджаць». Калясачнік Аляксандр Аўдзевіч адправіцца вакол свету на хэндбайку

25 сакавіка вядомы беларускі актывіст рыхтуецца накіравацца ў кругасветнае падарожжа на ручным ровары (веласіпедзе). Такі прэцэдэнт будзе першым у свеце! Пра гэта Аляксандр Аўдзевіч распавёў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай будучай вялікай вандроўцы.

World Inclusive Travel – такая назва абраная нездарма. Бо адна з мэтаў Сашы – даследаваць самому і паказаць іншым, як жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі ва ўсім свеце.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Беларускі актывіст, аўтар сацыяльных ініцыятыў для людзей з асаблівымі патрэбамі
Можа, у пэўнай краіне яны ўжо карыстаюцца высокатэхналагічнымі касцюмамі, а дзесьці проста ляжаць і не ведаюць нават пра інвалідную каляску. Напрыклад, хто можа ўспомніць чалавека з абмежаванымі магчымасцямі з краінаў Лацінскай Амерыкі? Мы не ўяўляем, як яны там жывуць. Мне цікава вучыцца і дапамагаць іншым. У мяне ўжо ёсць вялікі вопыт валанцёрскай, арганізатарскай работы. Думаю, што магу быць многім карысны. У сваю чаргу, я зацікаўлены ў тым, каб даведацца самому і прывезці ў Беларусь гісторыі жыцця з усяго свету, лайфхакі, ідэі, новыя спосабы заробку для людзей з інваліднасцю.

Паўтара года ў рэжыме інтэрактыву

Падарожжа па задумцы Аляксандра будзе доўжыцца ад года да паўтара. Прывязвацца да датаў і краінаў ён не хоча: плануе зрабіць паездку максімальна інтэрактыўнай і спантаннай. А гэта значыць, што на працягу ўсяго шляху любы зацікаўлены можа пісаць і прапаноўваць заехаць пагасціць у пэўнае месца, дзе жыве чалавек з інваліднасцю, які гатовы пагутарыць. Дарэчы, усе свае перамяшчэнні Саша Аўдзевіч будзе фіксаваць на камеру і выкладваць на сваіх каналах у YouTube (https://www.youtube.com/channel/UC7Yg7XFk1kPxZDnH17BvbfQ), Telegram, а таксама ў Facebook (https://www.facebook.com/sasha.avdevich?ref=br_tf&epa=SEARCH_BOX), Instagram  https://www.instagram.com/avdevich/?fbclid=IwAR0DfNUuOcyE9i0cs6lLFripe50XswWRWtxTeQyeFpEzgCB72_NS255TZq4.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Беларускі актывіст, аўтар сацыяльных ініцыятыў для людзей з асаблівымі патрэбамі
Мне хочацца не проста ехаць дзеля паездкі. Дзесьці я змагу падзяліцца вопытам, прачытаць лекцыю, дзесьці паўдзельнічаць у мерапрыемствах, паваланцёрыць, папрацаваць. Таму пазначыць час складана. Пакуль маршрут складзены ўсяго на чатыры краіны, у якіх я пралічыў дарогу і начлег. Па Беларусі буду рухацца тры дні (Мар'іна Горка, Светлагорск, Бабруйск і Гомель), потым паеду ў Кіеў, Кішынёў, а затым зноў вярнуся ва Украіну, па водным шляху дабяруся ў Стамбул. Там мяне чакае сустрэча з прадстаўнікамі ПРААН. Планую распавесці пра сваё падарожжа, пагутарыць з людзьмі з інваліднасцю. Далей усё залежыць ад актыўнасці маіх гледачоў. У цэлым ёсць яшчэ планы наведаць Балгарыю, Грэцыю, Італію, Марока, Дамінікану, Кубу, Мексіку, Аўстралію, Кітай, Японію. Але гэты маршрут можа быць зменены ў сувязі іншымі прапановамі або эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Што мне снег, што мне спёка

Што адрознівае абывацеля ад бясстрашнага героя? У першага ёсць мноства «але», чаму задуманае зрабіць не атрымаецца. У другога заўсёды напагатове варыянты рашэння.

Напрыклад, першапачаткова для такіх падарожжаў наогул не было прыдумана сродку перамяшчэння. Дарагі ручны ровар з Аўстрыі, які нагледзеў Саша, не быў прыстасаваны для таго, каб ззаду яшчэ «манціравалася» інвалідная каляска. Даводзілася звяртацца з эксклюзіўнай замовай і прыдумляць дызайн самому. Балазе, ёсць фундатары, якія падтрымліваюць актывіста. Хэндбайк правераны, у 2016 годзе Аўдзевіч праехаў на ім усю Еўропу. Але на ўсялякі выпадак рыхтуецца прайсці курсы па рамонце ровара.

Таксама ў планах – сустрэча з урачамі і фармацэўтамі для таго, каб сабраць у дарогу неабходныя лекі і пралічыць, калі лепей рабіць прышчэпкі перад наведваннем экзатычных краінаў. Аптымістычна настроены Аляксандр і з нагоды магчымай небяспекі ў выглядзе каранавіруса. Выйсце адно: пастаянна сачыць за навінамі і не лезці на ражон. Ехаць туды, дзе ў пэўны момант будуць ачагі віруса, вандроўнік не мае намеру.

Падстрахаваўся Саша і з нагоды сувязі: з сабой будуць два тэлефоны і сонечная батарэя – на выпадак, калі падзарадзіцца не будзе магчымасці.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Беларускі актывіст, аўтар сацыяльных ініцыятыў для людзей з асаблівымі патрэбамі
Не вельмі проста праводзіць 8 гадзін у дарозе, змагацца з няроўнасцямі. Асноўная складанасць язды на хэндбайку ў тым, што не заўсёды магчыма на ім развярнуцца, нельга проста ўзяць і з'ехаць у кювет, папіць вады. Толькі на спецыяльным прыпынку, запраўцы. Па майму вопыту, есці ў дарозе амаль не хочацца. Бяру з сабой сухія кашы, сухафрукты, газавую гарэлку. А вось з пітвом праблематычна. Ужо праз 2 гадзіны шляху выпіваеш паўтара літра вады. Таму везці з сабой трэба прыстойны запас. Яшчэ адна праблема, пра якую рэдка кажуць, але яна рэальна сур'ёзная: прыбіральні. Не заўсёды на прыпынках яны такія, куды можна ўціснуцца. І тады гэта ператвараецца ў вялікі кашмар. Па вопыце мінулых падарожжаў ведаю і пра тое, што патрэбна якаснае адзенне з воданепрымальным прамочваннем. Калі едзеш, верхняй частцы тулава цёпла, а вось ног не адчуваеш. І можа здарыцца так, што яны цэлы дзень заставаліся мокрымі. Надвор'е бывае рознае, таму імкнуся прадугледзець і гэты момант. А вось рабаўнікоў не баюся. Што з мяне возьмеш? Відэакамеру? Звычайна заўсёды трапляюцца людзі, якія гатовыя дапамагчы. А ў выпадку канфліктных сітуацый інстынкт самазахавання падказвае, дзе лепей прамаўчаць.

Не знайшоў супергероя, вырашыў ім стаць

Аляксандра Аўдзевіча язык не паварочваецца назваць інвалідам-калясачнікам. З іншага боку, менавіта такія людзі, як ён, цалкам змяняюць успрыманне гэтых слоў. Слова «інвалід» можа не асацыявацца ў нас з адзінотай, пустэльніцтвам і панурасцю. Менавіта гэтага актывіст і дамагаецца.

 
Аляксандр Аўдзевіч
Беларускі актывіст, аўтар сацыяльных ініцыятыў для людзей з асаблівымі патрэбамі
Калі я апынуўся ў інваліднай калясцы, дык адчуў, што трапіў у каманду лузераў. У маім асяроддзі не было такіх людзей, якія былі б актыўнымі ў такой сітуацыі, на каго можна было б раўняцца. Я не знайшоў свайго супергероя, але вырашыў стаць ім для іншых. Хачу, каб маё падарожжа матывавала многіх, асабліва людзей з інваліднасцю.

Саша сапраўды стаў героем для многіх беларусаў, як з роднай Ліды, так і з ўсёй рэспублікі. Усіх актыўнасцяў і не запомніш: арганізацыя курсаў «Інклюзіўны барыста», вечарыны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, безбар'ерны кінатэатр, пляж, інклюзіўная трэнажорная зала, дапамога ў працаўладкаванні і многае іншае. І самае галоўнае: ён – звяно, якое звязвае, жывы і сапраўдны арыенцір для тых, хто страціў надзею і гатовы апусціць рукі.

Каманда партала 24health.by будзе сачыць за падарожжам Аляксандра Аўдзевіча і распавядаць сваім чытачам пра самыя цікавыя моманты з жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі з іншых краінаў.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Фота – Святлана Стахоўская (з прэс-канферэнцыі) і з архіву Аляксандра Аўдзевіча.

Exit mobile version