Site icon Слушна

Каранавірус і рэўматычныя захворванні: памятка для пацыентаў

Ці можна ў перыяд пандэміі людзям з рэўматычнымі захворваннямі прымаць прэпараты з імунасупрэсіўным дзеяннем? І што рабіць, калі падхапілі каранавірусную інфекцыю? Вось некалькі базавых рэкамендацый ад экспертаў Еўрапейскай Антырэўматычнай Лігі (EULAR), міжнародных асацыяцый рэўматолагаў, расійскага НДІ рэўматалогіі імя В.А.Насонавай і Наталлі Мартусевіч, галоўнага пазаштатнага рэўматолага Міністэрства аховы здароўя Беларусі, прафесара кафедры кардыялогіі і ўнутраных хваробаў БДМУ.

1.Не спыняйце і не памяншайце прыём глюкакартыкоідаў, базісных супрацьзапаленчых прэпаратаў, генна-інжынерных біялагічных прэпаратаў, JAK інгібітараў і нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў. Пакуль няма дакладных навуковых дадзеных пра павышаную рызыку заражэння COVID-19 і развіццё цяжкіх формаў гэтай інфекцыі ў пацыентаў, якія прымаюць дадзеныя прэпараты. Наадварот, неабгрунтаванае перапыненне лячэння можа прывесці да абвастрэння рэўматычнага захворвання і пагаршэння стану. Асабліва гэта тычыцца глюкакартыкоідаў: спыненне прыёму гэтых лекаў нават на кароткі час можа значна пагоршыць стан.

2.Калі павысілася тэмпература, з'явіўся боль у горле, слабасць, чханне, кашаль, неабходна патэлефанаваць у паліклініку і абавязкова паставіць у вядомасць медыцынскіх работнікаў пра наяўнасць у вас рэўматычнага захворвання і прызначаныя супрацьрэўматычныя прэпараты.

3.Калі захварэлі на інфекцыйнае захворванне, у тым ліку каранавірусную інфекцыю, магчыма кароткачасова перапыніць тэрапію базіснымі супрацьзапаленчымі прэпаратамі, генна-інжынернымі біялагічнымі прэпаратамі і JAK інгібітарамі. У гэтым выпадку неабходна пракансультавацца ў рэўматолага для ўдакладнення тактыкі лячэння ў гэты перыяд!

4.У адпаведнасці з рэкамендацыямі EULAR, мінімізаваць рызыкі інфікавання можа вакцынацыя супраць грыпу і пнеўмакоку. Аднак не ў перыяд пандэміі, паколькі сёння неабходна пазбягаць паліклінік з-за павышанай рызыкі заражэння. Вакцынацыю мае сэнс рабіць у далейшым, пры сезонных успышках ВРВІ. Абмяркуйце гэта са сваім рэўматолагам.

5.Калі не часта выходзіце на вуліцу, можна штодня прымаць дадаткі з вітамінам D (10 мікраграмаў). Таксама неабходна прымаць вітамін С.

6.Старанна выконвайце ўсе меры індывідуальнай прафілактыкі заражэння COVID-19:

  • рэгулярна мыйце рукі не менш за 20 секунд з мылам, пасля старанна высушвайце іх;
  • не дакранайцеся да твару рукамі;
  • захоўвайце разумнае сацыяльнае дыстанцыяванне;
  • старайцеся не наведваць масавыя мерапрыемствы і месцы з вялікай колькасцю людзей;
  • у ліфце, у грамадскім транспарце выкарыстоўвайце маскі.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version