Сардэчна-сасудзістая захваральнасць расце ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі. Наступствы прагрэсавання любога кардыялагічнага працэсу прыводзяць да такой цяжкай паталогіі, як сардэчная недастатковасць, якая з'яўляецца адным з самых неспрыяльных працэсаў сардэчна-сасудзістай сістэмы ў плане далейшага прагнозу. Нягледзячы на тое, што ў нашай краіне развітыя ўсе перадавыя метады лячэння хваробаў сістэмы кровазвароту – ад імплантацыі мезенхемальных ствалавых клетак да трансплантацыі сэрца (сёлета такіх аперацый выканана ўжо 25), прафілактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў па-ранейшаму адводзіцца асноўная роля.
Пра тое, як папярэдзіць развіццё хваробаў сістэмы кровазвароту, распавялі:
- намеснік дырэктара па тэрапеўтычнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогія» Алена Курлянская;
- загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА Андрэй Прыстром;
- вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі артэрыяльнай гіпертаніі РНПЦ «Кардыялогія» Таццяна Нячосава.
І зноў пра фактары рызыкі
Як адзначыў Андрэй Прыстром, хваробы сістэмы кровазвароту займаюць першую пазіцыю сярод прычынаў смяротнасці насельніцтва. Прычым прыкладна 50% выпадкаў развіцця захворванняў і смяротных зыходаў прыпадае на фактары рызыкі:
Артэрыяльная гіпертэнзія. У Беларусі 2,2 мільёны чалавек (прыкладна 30%) маюць павышаны артэрыяльны ціск. Разам з тым, доля тых, хто яго рэгулярна кантралюе і дасягае мэтавых значэнняў, у агульнай колькасці вельмі малая (прыкладна 9,5% рэгулярна прымае прэпараты і кантралюе ўзровень артэрыяльнага ціску).
Курэнне. З пункту гледжання развіцця інфаркту міякарда, курэнне пераважвае ўсе фактары рызыкі, разам узятыя. У нашай краіне паліць 27% дарослага насельніцтва, прычым сярод мужчын гэты паказчык роўны 48%, падкрэсліў Андрэй Прыстром.
Высокі ўзровень халестэрыну. STEPS-даследаванне паказала, што рэгулярна кантралююць свой узровень халестэрыну толькі 3,1% насельніцтва. Як вынік – вялікая колькасць ускладненняў, якія прыводзяць да развіцця той жа самай сардэчнай недастатковасці.
Лішняя вага і атлусценне. Лішак масы цела маюць 35% насельніцтва, 25% – атлусценне. Атрымліваецца, што 60% беларусаў маюць масу цела, большую за норму, якая рэкамендаваная ўрачамі.
Робіць свой унёсак у развіццё сардэчна-сасудзiстых захворванняў і цукровы дыябет, колькасць выпадкаў якога павялічваецца ва ўсім свеце.
Па словах Алены Курлянскай, нават на пачатковых этапах развіцця сардэчнай недастатковасці прафілактычныя меры могуць прыпыніць прагрэсаванне захворвання ці нават спыніць яго развіццё. А гэта, у сваю чаргу, апраўданае як з эканамічнага пункту гледжання, бо лячэнне гэтай паталогіі даволі затратнае, так і з сацыяльнай – чалавек даўжэй застаецца актыўным і не выходзіць на інваліднасць.
Чаму так важна кантраляваць артэрыяльны ціск
Сусветная арганізацыя аховы здароўя, распавяла Таццяна Нячосава, паставіла мэту – да 2025 года знізіць смяротнасць ад сардэчна-сасудзiстых захворванняў на 25%. У той жа час эксперты гэтай арганізацыі прагназуюць, што праз пяць гадоў колькасць людзей з павышаным артэрыяльным ціскам дасягне паўтара мільярда.
Заканамерна ўзнікае пытанне: як жа можна знізіць смяротнасць ад хваробаў сістэмы кровазвароту? У якасці прыкладу спецыяліст прывяла вопыт канадскіх урачоў, якім з 1994 па 2005 год удалося зменшыць колькасць смяротных зыходаў ад ішэмічнай хваробы сэрца на 35%. Аналіз паказаў, што ўнёсак хірургічнага і тэрапеўтычнага лячэння склаў 43%, а ўздзеянне на фактары рызыкі – 48%.
Кожны чалавек, упэўненая Таццяна Нячосава, павінен ведаць свае біямаркеры здароўя. Іх усяго пяць:
- значэнні халестэрыну – не больш за 5 ммоль/л;
- каэфіцыент атэрагеннасці (паказчык, які адлюстроўвае ступень рызыкі развіцця захворвання сэрца і сасудаў) – менш за 4;
- ліпапратэіды нізкай шчыльнасці – ніжэй за 3 ммоль/л;
- трыгліцырыды – менш за 2;
- ліпапратэіды высокай шчыльнасці для мужчын – не больш за 1 ммоль/л, для жанчын – 1,2 ммоль/л.
Важна памятаць, што артэрыяльная гіпертэнзія – фактар рызыкі, якім можна кіраваць. Разам з тым, пакідае жадаць лепшага прыхільнасць пацыентаў да лячэння гэтага захворвання, панаракала эксперт.
Паводле даследаванняў Нацыянальнага інстытута сэрца, лёгкіх і крыві ў Вашынгтоне, калі артэрыяльную гіпертэнзію не лячыць, дык рызыка сур'ёзных сардэчна-сасудзістых ускладненняў складае 43%, калі тэрапія нерэгулярная – 37%.
Звярнула ўвагу эксперт і на праблему павышанага артэрыяльнага ціску ў падлеткаў ва ўзросце 14-16 гадоў. Віной таму – павышаны ўзровень мачавой кіслаты (норма – ніжэй за 360 мкмоль/л). Прычынай з'яўляецца павышанае ўжыванне фруктозы, якая да таго ж спрыяе павелічэнню ўзроўню трыгліцэрыдаў.
На развіццё артэрыяльнай гіпертэнзіі ўплываюць многія фактары, у тым ліку і навакольнае асяроддзе, і лад жыцця. Напрыклад, у 2010 годзе ў Беларусі на працягу года праводзілася даследаванне сярод больш чым 1 тысячы 400 пацыентаў. На прыёме ва ўрача першаснага звяна чалавеку, акрамя агляду, выдавалі памятку па харчаванні, вымярэнні артэрыяльнага ціску, фізічнай актыўнасці. На наступных прыёмах урачы ўдакладнялі, як пацыент выконвае рэкамендацыі. Аказалася, што 64% тых, хто ўдзельнічаў у даследаванні, дасягнулі мэтавых значэнняў артэрыяльнага ціску, 74% – памянялі стыль харчавання.
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!