Хутка набліжаецца пляжны сезон, таму асобы, неабыякавыя да свайго знешняга віду, актыўна худзеюць і трэніруюцца, каб іх сілуэт змог парадаваць вока навакольных.
Але што рабіць, калі вельмі захацелася салодкага, а нельга. Тым больш, забарона яшчэ больш правакуе жаданне. Блогерка з Бешанковіч Настасся Мясаедава ведае выйсце: пасля нараджэння другога дзіця яна змагла пахудзець на 25 кілаграм з салодкімі рэцэптамі самастойна, без дапамогі дыетолага. Сакрэт: у дэфіцыце калорый.
На гэты раз Настасся дзеліцца з чытачамі Слушна рэцэптамі найсмачнейшых дамашніх казінакаў і карысных цукерак.
Казінакі дома? Лёгка і проста
Просты да агіднасці рэцэпт. Можаце браць любое напаўненне (у аўтара было так):
Iнгрыдыенты
- Насенне лёну 20 гр
- Насенне гарбуза 30 гр
- Насенне чыа 20 гр
- Кунжут 5 гр
- Аўсяныя камякі доўгага варэння 20 гр
- Мікс арэхаў 50 гр
- Мікс сухафруктаў 50 гр
- Мёд 50 гр
Прыгатаванне
Арэшкі і сухафрукты можна крыху здрабніць нажом. На сухой патэльні абсмажыць пару хвілін аўсяныя камякі, арэхі і насенне.
Дадаць усе астатнія інгрэдыенты і мёд, смажыць на сярэднім агні, увесь час памешваючы, хвілін 5-10.
Потым адразу ж гарачую масу перакласці на пергамент і сфарміраваць пласт, шчыльна ўтрамбоўваючы качалкай, шкляной бутэлькай або слоікам. Трэба зрабіць максімальна роўна са ўсіх бакоў.
Прыбраць у халадзільнік на ноч ці мінімум гадзіны на тры-чатыры.
Па заканчэнні часу нарэзаць нажом на кавалачкі і атрымліваць асалоду ад карысных і смачных хатніх казінакаў.
Захоўваць лепш у халадзільніку.
Карысныя жэлейныя цукеркі за пару хвілін
Для асновы можна выкарыстоўваць любы натуральны сок, морс, кампот.
Можна пару хвілін пракіпяціць замарожаныя ягады і адціснуць сок.
Наступны інгрэдыент — агар - агар
Гэта фактычна той жа жэлацін, толькі атрыманы з багавіння. Менавіта для гэтых цукерак лепш купляць агар, так як жэлацін мае ўласцівасць раставаць пры пакаёвай тэмпературы, а агар не.
Уважліва чытаем інструкцыю на пакаванні агара. Звычайна на 1 г л агара трэба 200 мл вадкасці.
Прыгатаванне
У рондаль выліваем сок, дадаем агар і падсалодвальнік па гусце.
Аўтар раіць дадаваць у якасці падсалодвальніка (мёд, цукар, сіроп і тд) таму што агар забярэ частку густу на сябе. Аснова павінна атрымацца максімальна насычанага смаку.
Усё добра змешваем і кіпяцім 2 хвіліны (чытайце на пакаванні агара).
Разліваем па формачках (форма для лёду, ад цукерак, талерка) і даем астыць!
Потым прыбіраем у халадзільнік хвілін на 15.
Нашы цукеркі гатовы. З формы дастаюцца лёгка і не ліпнуць.
Дамашнія канфеты – карысная альтэрнатыва цукеркам з крамы
Iнгрыдыенты
- Фінікі 100 гр
- Разынкі 100 гр
- Курага 100 гр
- Арахіс салёны смажаны 100 гр
- Аўсяныя камякі 50 гр
- Какава-парашок 10 гр
Сухафрукты можна выкарыстоўваць любыя. Апроч арахіса можна дадаць іншыя арэхі. Калі хочацца вельмі салодка, дадайце больш фінікаў. Аўсянку лепш браць доўгага варэння, яна самая карысная і захоўвае сваю структуру. Атрымліваецца яшчэ прыгажэй.
Прыгатаванне
Сухафрукты заліць кіпенем, потым прасушыць. Дастаць костачкі з фінікаў.
У блэндары або нажом здрабніць арэхі, затым сухафрукты.
Змяшаць усе інгрэдыенты лыжкай, перакласці ў пакет, сфарміраваць прастакутнік таўшчынёй 2-3 см.
Адправіць у халадзільнік мінімум на 2 гадзіны.
Разразаць на роўныя кубікі.
Па жаданні можна ўпрыгожыць, абкачаць у семечках, какосавай стружцы, какава і г д.
Захоўваць у халадзільніку ў скрынцы з вечкам.
Фота аўтара