Site icon Слушна

Касманаўт Алег Навіцкі – далёкі і блізкі

Касманаўт Алег Навіцкі

Унікальны дакументальны фільм «Зямляк», які распавядае пра трэцяга касманаўта – ураджэнца Беларусі Алега Навіцкага, у Дзень касманаўтыкі, 12 красавіка, можна будзе двойчы паглядзець на тэлеканале Беларусь 3 – у 16.20 і 22.50.

Стужка знятая Нацыянальнай кінастудыяй «Беларусьфільм». Аўтары сцэнару – народны артыст Беларусі Анатоль Алай (ён жа – рэжысёр) і пісьменнік Ігар Асінскі, кінааператар – Юрый Елхаў, вядомы нам па цудоўных фільмах для дзяцей «Прыгоды Бураціна», «Пра Чырвоную Шапачку» ды іншых.

У цэнтры карціны – ураджэнец г.Чэрвеня Мінскай вобласці, касманаўт Раскосмасу, Герой Расіі 47-гадовы Алег Навіцкі, які ўслед за вядомымі беларусамі Пятром Клімуком і Уладзімірам Кавалёнкам праклаў свой шлях да зор. І нават ужо двойчы!

Аўтару гэтых радкоў таксама пашчасціла паўдзельнічаць у здымках фільма падчас аднаго з прыездаў Анатоля Алая і Юрыя Елхава ў Чэрвень. А ўвогуле, здымкі карціны праходзілі як у Беларусі, так і ў Расіі: у Зорным гарадку, Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына, Цэнтры кіравання палётамі...

Не буду раскрываць рэжысёрскія задумкі, іх шмат. Проста скажу, што фільм павінен уразіць калі не ўсіх, дык многіх. Па-першае, Алег Навіцкі, чыёй аднакласніцай я маю гонар з’яўляцца, выправіўся ў сваю першую касмічную вандроўку не калісьці даўным-даўно, у мінулым стагоддзі, а ўвосень 2012 года.

Па-другое, ён з’яўляецца прыкладам таго, як можна спраўдзіць сваю дзіцячую і, здавалася б, абсалютна недасяжную мару. Па-трэцяе, стасункі з ім, фотаздымкі на памяць да і пасля палёту мела і мае проста агромністая колькасць землякоў! Ён сапраўды не чалавек з п’едэстала, не помнік ці барэльеф, а адзін з нас.

У свой час як журналіст я падрабязна пісала пра падрыхтоўку Алега Навіцкага да свайго першага палёту, у які практычна ўсім тады не асабліва-то і верылася: здавалася дужа фантастычным і нерэальным. Публікацыі з’яўляліся, у асноўным, у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень) і рэспубліканскай «Звяздзе».

У апошняй пабачыла свет і серыя інтэрв’ю з маці Алега, Валянцінай Эдуардаўнай Навіцкай, якой я шчыра ўдзячная за прыязныя стасункі. А цяпер з гэтай цудоўнай жанчынай пазнаёмяцца і гледачы фільма «Зямляк».

У газеце «Звязда» падчас першага палёту Алега Навіцкага ў 2013 годзе было змешчана і першае ў гісторыі Беларусі касмічнае інтэрв’ю. На мае пытанні па тэлефоне наш касманаўт адказваў прама з Міжнароднай касмічнай станцыі!

Свае ўнікальныя задумы яшчэ падчас палёту касманаўта рэалізаваў аўтар творчага праекта «Мы і XXI век», сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Панасюк з Брэста. Дзякуючы яго намаганням, свет пабачылі (хаця і невялікім накладам) літаратурна-мастацкія выданні «У космасе – трэці беларус!» і «Чакай нас, любая Зямля!». Першае з іх, перафатаграфаваўшы, я адаслала Алегу на Міжнародную касмічную станцыю (мы рэгулярна ліставаліся), і ён з прыязнасцю падзякаваў.

Вядома ж, у кожнага беларуса свае ўяўленні пра касманаўта Алега Навіцкага. Таму вельмі цікава будзе даведацца, якім жа ўбачыў яго Анатоль Алай. Глядзім фільм! А ў каментарыях да гэтага матэрыялу можна будзе падзяліцца сваімі водгукамі. Чакаем!

Фота аўтара, з архіва Алега Навіцкага і сайта Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына

Exit mobile version