Site icon Слушна

Казкі, коні і Караткевіч: выстава «Вясна увосень» да 95-годдзя пісьменніка

Уладзімір Караткевіч

Калі вы даўно хацелі адкрыць для сябе дзіўны свет беларускай літаратуры і дакрануцца да творчасці аднаго з пісьменнікаў, то выстава «Вясна увосень» для вас! Яе вобраз, увасоблены ў прасторы праз інсталяцыю, дзе на сонцы праступаюць абрысы твару Караткевіча, нібыта ён назірае за сваім пражытым жыццём...

Выстава У. Караткевіча

Экспазіцыя прадстаўлена ў дзвюх залах. У першай зале мы знаёмімся з жыццёвым і творчым шляхам Уладзіміра Сямёнавіча. Яго біяграфія прадстаўлена кароткімі красамоўнымі фрагментамі – фотаздымкамі з сябрамі, сям’ёй, жонкай, лістамі і копіямі дакументаў з універсітэта, кнігамі з асабістай бібліятэкі, рэчамі побыту. Напрыклад, саломенныя цацкі, гліняныя статуэткі і замалёўкі, партфель, аксесуары для палення, кубак, якім ён карыстаўся падчас апошняй вандроўкі ў 1984 годзе, гадзіннік з цікавым подпісам: «Вось бы паспець усё напісаць, а час бяжыць…». У музеі нават ёсць любімая вопратка пісьменніка – кардыган і паласаты світэр!

Уладзімір з самага дзяцінства верыў у чысціню чалавечых намераў, з захапленнем вывучаў раслінны і жывёльны свет і вельмі рана стаў прыдумваць уласныя казачкі – такія, што ў дзіцячым лагеры з захапленнем слухалі сябры шасцігадовага хлапчука. Казкі Караткевіча – такія, як і ён сам: шчырыя, высокамаральныя, любяць звяртацца да гісторыі, жартаў, прыродных і містычных з'яў. І не толькі казкі, а наогул уся літаратурная творчасць пісьменніка прасякнута філасофскай містыфікацыей.

Ён стварыў свой адметны мастацкі свет: пісаў буйныя гістарычныя эпапеі, творы-балады, жартоўныя вершы, публіцыстычныя расповеды, дзе даваў канкрэтныя яркія малюнкі навакольнага свету, і, разам з тым, віртуозна выкарыстойваў казачную вобразнасць.

На выставе ёсць выключная магчымасць дакрануцца да гэтага свету, пільна разгледзеўшы вокладкі кніг і дзённікі пісьменніка.

У другой зале экспазіцыі прадстаўлены павялічаныя малюнкі Караткевіча і яго фотаздымкі з конямі, а таксама копіі ілюстрацый беларускіх мастакоў да яго знакамітых твораў – Пятра Драчова, Юрыя Зайцава, Валерыя Славука, Лізаветы Пастушэнка. Як сведчаць малюнкі, пісьменнік захапляўся грацыёзнасцю жывёліны, удала схапляў моманты, калі яна скача і зліваецца ў гэтым скоку з вершнікам. Тут таксама можна ўбачыць экзэмпляры рамана «Дзікае палявання караля Стаха» на англійскай, польскай і ўкраінскай мовах.

Выстава праходзіць да 1 сакавіка 2026 года у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры па адрасе вул. М. Багдановіча, 13.

У кожнага з нас свой Караткевіч. Топ-9 фактаў з жыцця пісьменніка

Exit mobile version