У Нацыянальнай бібліятэцы ў межах “Літаратурнага чацвярга” адбылася цікавая сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі – Інай Фраловай, Яўгенам Хвалеем, Тамарай Бунта і Аленай Лемеш.

– Літаратурны чацвер – гэта свежае і займальнае мерапрыемства. Увялі яго з пачатку гэтага навучальнага года, – адзначыла Таццяна Пракоф'ева, загадчык аддзела «інфармацыйна-асветніцкі цэнтр».
Пісьменнік Яўген Хвалей распавёў школьнікам пра тое, як працаваў журналістам у рэдакцыях газет і часопісаў, на радыё і як пачаў пісаць казкі і невялікія апавяданні з жартоўным зместам для дзяцей.
Аўтар згадаў пра кнігу, якая выйшла ўжо сёлета – «Сябры-браты Багдан і Ромка». Гэта маленькія гісторыі пра двух братоў. Бацькі адпраўляюць іх на адпачынак да бабулі ў Фаніпаль, дзе яны сутыкаюцца з пацешнымі прыгодамі.
Разам з Тамарай Бунта ў госці прыйшла дзяўчынка Даша – галоўная гераіня казкі «Сад з матылькамі». Прататып гераіні разумее мову дрэў, кветак, птушак, жукоў і матылькоў, а дом дзяўчынкі нагадвае казачны церам. Побач з ім – цудоўны сад, поўны дзіўных матылькоў. Усе насельнікі саду лічаць, што іх Прынцэса – самая шчаслівая на свеце, бо ездзіць на вазку. Але яны не разумеюць, што вазок гэты – інвалідны.
У Дашы цяжкі лёс, бо яе бацькі загінулі ў аўтакатастрофе, а выхаваннем займаліся дзядуля і бабуля. У школе яе не прымалі, сяброў не было… Але гэта самая сапраўдная казка, бо мае шчаслівы канец.
Асаблівай часткай праграмы ў рамках завяршэння дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» стала тэатральнае прадстаўленне «Новы год і чароўныя словы» ў выкананні выхаванцаў дзіцячага дома № 5 г. Мінска.
Так, дзеці праз творчасць сталі творцамі дабра, падарылі гледачам цяпло і веру ў казку.
– Мы рэпетавалі з музычным кіраўніком Таццянай Дарашэвіч за месяц да Новага года. Адметнасць пастаноўкі ў тым, што яна на беларускай мове! Мне вельмі падабаецца ўзаемадзейнічаць з публікай і выступаць на сцэне, таму задумваюся пра тое, каб звязаць сваё жыццё з тэатрам, – распавяла выхаванка Эльвіра Міронава, якая выконвала ролю Снягуркі ў спектаклі.
Па завяршэнні мерапрыемства Наталля Есіс, старшыня пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, звярнулася да гледачоў са словамі падзякі за актыўны ўдзел. Усім выканаўцам спектакля былі ўручаны памятныя падарункі.
«Літаратурныя чацвяргі» праходзяць кожны месяц, таму ў кожнага жадаючага ёсць магчымасць прыйсці ў Нацыянальную бібліятэку і стаць часткай цікавага літаратурнага свету!
Што пісалі на святочную тэматыку Якуб Колас і Змітрок Бядуля?

