Site icon Слушна

Кінадзіва, а не грыб!

Гіганцкі грыб галавач

От жа шчасціць людзям! Ішлі нядзельнай раніцай дамоў з касцёла – і непадалёк ад дарогі ўгледзелі вось такога рэдкага госця. Галавач! Або, як яго яшчэ завуць, – порхаўка, пархавік, дажджавік гіганцкі. І хоць сустрэча адбылася на маёй радзіме, у Мілашове, але я, на жаль, тым разам на вёску не даехала. Мне душу вярэдзілі здымкамі, дасылаючы іх ў мэсанджэр, і расповедамі праз тэлефон пра акалічнасці знаходкі.

Вытаркнуўся галавач навідавоку, блізу шашы і дарогі, якой мясцовыя жыхары ідуць у храм. Памеры меў унушальныя! Акурат калі мне пачалі дасылацца звесткі, я гартала матэрыял пра Сафі Ларэн, дзе былі пазначаныя параметры фігуры кінадзівы. Дык вось мілашоўскі грыб-галавач меў 99 сантыметраў у найшырэйшым абхваце і быў на 2 сантыметры большы за сцёгны ў кіназоркі!

Што далей рабіць з грыбам?

Маім парадам прыгатаваць экзатычную знаходку не дужа далі веры: добра мне раіць, седзячы за дзвесце кіламетраў ад патэльні са смажонкай. А раптам грыб атрутны? Пайшлі па суседзях збіраць меркаванні.

Адна месцічка пагардліва скрывілася на грыб і паведаміла, што ніякі ён не рэдкі, такое дабро ёй перыядычна сустракаецца – і яна яго нішчыць, не шкадуючы. Ну, як порхаўку нішчаць звычайна? Нагой па ёй паддасі – і ва ўсе бакі курыць нібыта дымок. Дык вось галавач – вельмі вялікая порхаўка, «дыму» ад яго куды больш, чым ад звычайнага. І з’яўляецца ён, натуральна, тады, калі грыб пастарэе, саспее. Тады ўжо, канешне, нічога з яго не прыгатуеш.

А гэты, толькі знойдзены, быў бялюткім, як сыр! З такога скурку толькі аблупіць і, не адварваючы, на патэльню! Можна замарынаваць альбо пасушыць на зіму…

Але яшчэ адна суседка – правізар, дарэчы – замахала на грыбнікоў рукамі: «Ці вам есці няма чаго?! Патруціцеся!»

Забягаючы наперад, скажу: два пярэчанні супраць спажывання грыба-галавача аказаліся куды мацнейшымі, чым мае дыстанцыйныя распараджэнні праз тэлефон, як яго абабраць і прыстроіць. Грыб есці не адважыліся. Але, раздзяліўшы на кавалачкі, закапалі ў спадзяванні, што на будучае ён прарасце!

Расследаванні ж па суседзях даюць магчымасць зрабіць некалькі высноў.

Першая: калі верыць адной з іх і галавач перыядычна сустракаецца ў той мясцовасці, то арэал яго распаўсюду павялічваецца! Бо грыб – жыхар Чырвонай кнігі Беларусі, уключаны ў пералік рэдкіх у выданне 1993 года. На той час месцаў, дзе сустракаўся галавач, зусім не шмат. Пару – на Міншчыне і Віцебшчыне. Зараз і маё Мілашова можна ў пералік мясцовасцяў, аблюбаваных цуда-грыбам, дадаваць!

Другая: нават правізар – чалавек, які мае медыцынскую адукацыю – зусім не ведае пра лекавыя ўласцівасці галавача, інакш бы не казалася пра грыб з такой пагардай. А, між іншым, у народнай медыцыне галавач выкарыстоўваюць для спынення крывацёкаў і зняцця запаленняў, ім лечаць сухоты, з яго робяць настойкі, мазі... Дапамагаюць ачуняць хворым пасля працяглай хваробы булёнам з галавача – ён у разы мацнейшы за курыны. Сушаным галавачом даўней карысталіся цырульнікі. Калі выпадала парэзаць кліента, да ранкі прыкладалі кавалачак грыба – і ранка хутка загойвалася… З галавача атрымліваюць кальвацын – сродак, з дапамогай якога лекуюць анказахворванні. І гэта далёка не поўны пералік лекавых вартасцяў гіганта!

Яшчэ адна нагода захапляцца гіганцкім галавачом, сапраўды казачная. У пісьменніцы Раісы Баравіковай ёсць цыкл «Казкі з гербарыя», прысвечаны раслінам. А сярод іх – і гэтаму цуда-грыбу. Называецца казка «Як Патрык і Хрысцінка апынуліся ў пархавіку». Згодна казачнай версіі, закаханыя героі хаваюцца ад пераследу каралеўскіх служак, а выбрацца з пархавіка змогуць толькі тады, калі Паўднёвы вецер сустрэнецца з Паўночным.

Галавач гіганцкі, з’явіўшыся ў адным месцы, можа пасля доўгі час не з’яўляцца там – альбо знікнуць зусім. Такі від называюць «метэорным». Таму пісьменніца напісала хоць і казачную, але ўсё адно – праўду!

Яе героі, Патрык і Хрысцінка, выбралі надзейнае ўкрыццё. Нялёгка даводзіцца іх крыўдзіцелям. Паспрабуй знайсці і дагнаць нястомных вандроўнікаў!

Вось колькі гісторый вакол аднаго грыба! Знайшоўшы яго, зразаць трэба хоршанька, не выдзіраць з зямлі. А ўжо калі напаткала такое грыбное шчасце, кулінарны шэдэўр згатаваць не будзе цяжкім.

Прапаную вам два рэцэпты, якія гатавала сама.

Інгрэдыенты:

  • грыб галавач;
  • сметанковае масла (менавіта на ім смак галавача раскрываецца найлепш) – 20-30 г;
  • цыбуля – 1 шт.;
  • мука – каб хапіла выкачаць грыб; у разліку на 500 г грыба – ½ шклянкі;
  • соль;
  • перац;
  • белы хлеб;
  • смятана – 1 ст.л.

Рэцэпт № 1

Лупім з грыба скурку. Адварваць яго не трэба – сапсуеце. Рэжам на кубікі. Можна абваляць іх у муцэ, можна смажыць проста так. Абсмажваем на сметанковым масле да залацістага колеру, соль і перац дадаем на свой густ, кладзем смятанку. Асобна смажым цыбулю і грэнкі-кубікі з белага хлеба. Перамешваем смажаныя грыбы і цыбулю, выкладаем на талерку. Побач высыпаем грэнкі.

Рэцэпт № 2

Чышчаны галавач наразаем на лустачкі таўшчынёй у 1 сантыметр. Выкачаем іх у муцэ, злучанай з соллю і перцам. Смажым на сметанковым масле з двух бакоў да залацістай скарыначкі.

Вось і ўсё! Смачна есці! І – не праглыніце языкі.:)

Малюнак з кнігі да казкі. Фота. Мастакі – Наталля Сустава і Мікалай Казлоў.

Фота грыба забяспечана Аленай Масла.

Exit mobile version